Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
А потым хлопчык — Ёсіцунэ стаў першым военачальнікам з роду Мінамота і праславіўся ў баях пры Сіме і Дан-но-Ура. А потым лёс адвярнуўся ад яго і ператварыў яго ў героя трагедыі. А потым людзі пачалі расказваць цуды пра яго подзвігі. Хіба магла Хама загадзя прадбачыць усё гэта, калі ён прыбягаў напіцца ў яе келлю?..
Гады ішлі. Хама ўжо ведала пра гібель Ёсіцунэ і яго сяброў. І аднойчы ў глухім горным храме яна сустрэлася — зноў выпадкова — з чалавекам, які прыняў манаскі сан і называўся Дзанму. І быў гэты манах не хто іншы, як чалавек Ёсіцунэ, які насіў некалі імя Сабура. Дзанму-Сабура, да глыбіні душы ўражаны сустрэчай з жанчынаю, спытаўся ў яе, ці яна гэта была на марскім беразе, ці яна паказала атраду дарогу да чалавечага жытла, і, пачуўшы сцвярджальны адказ, назваў сваё імя, ранейшае і цяперашняе, і расказаў сумную гісторыю Ёсіцунэ. Яна маўчала, ён замоўк таксама і ўсё глядзеў на яе разявіўшы рот, што зусім ужо не да твару служыцелю Буды, бо чалавек, блізкі да бога, не павінен здзіўляцца, а потым загаварыў зноў, і ў голасе ў яго чуўся боль за свайго пана Ёсіцунэ і крыўда і гнеў супраць старэйшага брата Ёсіцунэ — Ерытама. Не, не адмовіўся манах ад зямных спраў, не стаў сапраўдным слугою боскім, а так і застаўся ў сэрцы сваім васалам былога пана.
Слухаючы такія яго словы, Хама здзівілася — як жа гэта, калі Ёсіцунэ загінуў у Хірайдзуке, яго слугі выратаваліся ўцёкамі, і толькі адзін з дванаццаці, Бенкей, падобны на вежу, біўся з пагоняй і сустрэў смерць грудзьмі… Але ёй было ўсё адно, і яна прамаўчала. Толькі адзін успамін адгукнуўся ў ёй пякучым сумам: хлопчык з пабітымі каленямі, мурзаты, віхрасты, урываецца ў яе келлю і просіць: «Матушка, напіцца!» — і яна падае яму ваду, і ён прагна п'е, абціраючы далоняй кропелькі поту з крутога, бруднага лба… хлапчук, які сустрэўся ёй пазней убогім манахам на змучаным бурай узбярэжжы… Хама маўчала і перабірала ружанец — супакой Божа душу яго.
Манах Дзанму настойліва прасіў яе адкрыцца яму, і расказаць усё пра сябе, і, калі гэта магчыма, дапамагчы ў складанні жыццяпісу яго пана Ёсіцунэ. Яна ўхілілася ад адказу. Яе жыццё было яе жыццём, і мужчыны, якія ўрываліся часам у гэта жыццё, былі не больш чым абломкамі іншых жыццяў, якія былі занесены выпадкова і ненадоўга ветрам смутнага часу.
Пасля гібелі Ёсіцунэ смуты не заціхалі, і ўсе Хаміны мужчыны, воіны і бунтары, паміралі, адзін за адным.
У канцы трынаццатага стагоддзя, у той дзень, калі ў наваколлі Эцідзен-Канагасакі яшчэ кіпела славутая бітва, якая ўвайшла ў летапіс, у яе келлю прынеслі воіна ў багатых даспехах, відаць, вялікага военачальніка. Ён ледзь дыхаў. Хама даглядала яго дваццаць дзён. За дваццаць дзён ён не сказаў ніводнага слова, а на дваццаць першы памёр. Усе яны паміралі. І Хама ўсіх іх выдатна помніла.
Аднойчы, калі князь Сіба Ёсіёры пайшоў вайною на князя Асакура Такакагэ, да яе зайшоў лютага выгляду воін, таксама цяжка паранены. Гэтага яна выхадзіла. Ноччу, перад тым як пакінуць яе келлю, ён згвалціў яе. А потым сказаў:
— Даруй мне, пустэльніца. Я ж не ведаю, што чакае мяне заўтра. Шмат грахоў на маім сумленні. Не раз я падымаў меч супраць пана майго, а цяпер паўстаў на цябе, прыслужніца Буды вялікага… і з гэтага часу прызначана мне простая дарога на самае дно пекла…
Яна хацела суцешыць яго, сказаць, што няма ніякага пекла ў Буды, што пекла і рай у свеце чалавечым, толькі рай вельмі ўжо далёкі і знайсці яго цяжка… Хацела яна сказаць, але… прамаўчала.
Воін, Такэда было яго імя, пайшоў, а потым вярнуўся. Кінуў даспехі і застаўся ў яе келлі. Нярэдка ў тыя часы, у часы смуты і міжусобіц, манахіні-пустэльніцы служылі ўцехай воінам, але ўсё ж Хама адчувала боль, калі ў вёсках, куды яна хадзіла жабраваць, на яе паказвалі пальцамі і гаварылі: «Глядзіце, вось гэтая рабыня Буды завяла сабе мужчыну і трымае яго ў сваёй келлі!» І пагарда людзей была вялікая, а міласціна іх — малая. Зімой давялося ёй разам з Такэдам, каб падмануць голад, сёрбаць поліўку з гліны, прыпраўленую драўнянай карой.
Але як толькі насталі цёплыя дні, пачала яна выкопваць маладыя парасткі каранёў бамбука, які рос за хацінай, ды вырошчваць сякую-такую гародніну на маленькім, з кошчын лоб, агародзіку. Яна старалася дагадзіць мужчыну, нават валасы адпусціла сабе на голенай галаве…