Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Але Інэш ведаў, пра што ён падумаў. Пачуццё віны заўсёды ўзнікала ў іх у падобныя моманты. Прывіды ўсіх знішчаных гэнейцамі рас; бязлітасная воля, якая натхняла іх, калі яны ўпершыню прызямляліся; рашучасць знішчыць тут усё, што ім перашкодзіць; цёмныя прорвы маўклівага жаху і нянавісці, што раскрываліся за імі паўсюль; дні страшнага суду, калі яны бязлітасна абпраменьвалі жыхароў мірных планет, якія нічога не падазравалі, смертаноснай радыяцыяй, — вось што таілася за словамі Мэярда.
— Я ўсё ж не веру, што ён мог уцячы, — загаварыў капітан Горсід. — Ён тут, у будынку, ён чакае, калі мы здымем ахоўныя экраны, і тады ён здолее пайсці. Няхай чакае. Мы гэтага не зробім.
Зноў запанавала маўчанне. Яны чакальна глядзелі на пусты купал энергетычнай аховы. Толькі бліскучы ўваскрашальнік стаяў там на сваіх металічных падстаўках. Акрамя гэтага апарата, там не было нічога — ніводнага пабочнага бліка, ніводнага ценю. Жоўтыя сонечныя прамяні пранікалі ўсюды, асвятляючы пляцоўку з такой яркасцю, што схавацца на ёй было проста немагчыма.
— Ахова! — загадаў капітан Горсід. — Знішчыце ўваскрашальнік. Я думаю, што ён вернецца, каб яго агледзець, таму не варта рызыкаваць.
Апарат знік у хвалях белага полымя. Разам з ім знікла і апошняя надзея Інэша, які ўсё яшчэ верыў, што смертаносная энергія прымусіць двухногую пачвару з'явіцца. Спадзявацца болей не было на што.
— Але куды ён мог дзецца? — папытаўся Ёал.
Інэш павярнуўся да гісторыка, збіраючыся абмеркаваць з ім гэтае пытанне. І тут ён убачыў — пачвара стаіць крыху воддаль пад дрэвам і ўважліва іх разглядае. Мабыць, яна з'явілася менавіта ў гэтае імгненне, таму што ўсе саветнікі адначасова разявілі раты і адскочылі. Адзін тэхнік, выяўляючы найвялікшую знаходлівасць, імгненна ўстанавіў паміж гэнейцамі і пачварай сілавы экран. Істота павольна набліжалася, яна была кволая і несла галаву, злёгку адкінуўшы назад. Вочы ў яе ззялі, нібы асветленыя ўнутраным агнём.
Падышоўшы да экрана, чалавек выцягнуў руку і дакрануўся да яго пальцамі. Экран асляпляльна ўспыхнуў, потым затуманіўся пералівамі фарбаў. Хваля фарбаў перайшла на чалавека: колеры сталі ярчэйшыя і ў імгненне разліліся па ўсім яго целе, з галавы да ног. Радужны туман рассеяўся. Абрысы сталі нябачныя. Яшчэ імгненне — і чалавек прайшоў праз экран.
Ён засмяяўся — гук быў дзіўна мяккі — і адразу пасур'ёзнеў.
— Калі я абудзіўся, сітуацыя мяне пацешыла, — сказаў ён. — Я падумаў: «Што мне цяпер з вамі рабіць?»
Для Інэша яго словы прагучалі ў ранішнім паветры мёртвай планеты прысудам лёсу. Маўчанне парушыў голас, настолькі здушаны і ненатуральны голас, што Інэшу спатрэбіўся час, каб пазнаць голас капітана Горсіда.
— Забіце яго!
Калі выбухі полымя апалі знясіленыя, істота, як і раней, стаяла перад імі. Яна павольна рушыла наперад і спынілася крокаў за шэсць ад бліжэйшага гэнейца. Інэш апынуўся ззаду ўсіх. Чалавек нетаропка загаварыў:
— Напрошваюцца два рашэнні: адно — заснаванае на ўдзячнасці за маё ўваскрашэнне, другое — на сапраўдным стане рэчаў. Я ведаю, хто вы і што вам трэба. Так, я вас ведаю — у гэтым ваша няшчасце. Тут цяжка быць міласэрным. Але паспрабую. Дапусцім, — працягваў ён, — вы адкрыеце тайну лакатара. Цяпер, паколькі сістэма існуе, мы больш ніколі не пападзёмся так неразумна, як той раз.
Інэш увесь напружыўся. Яго мозг працаваў так ліхаманкава, спрабуючы ахапіць магчымыя вынікі катастрофы, што здавалася, у ім не засталося месца больш для нічога. І тым не менш нейкая частка свядомасці была адцягнена.
— Што ж адбылося? — папытаўся ён.
Чалавек пацямнеў. Успаміны пра той далёкі дзень зрабілі яго голас хрыплым.
— Атамная бура, — прамовіў ён. — Яна прыйшла з іншага, зорнага свету, захапіўшы ўвесь гэты край нашай галактыкі. Атамны цыклон дасягаў у дыяметры каля дзевяноста светлавых гадоў, куды болей за тое, што нам было даступна. Ратунку не было. Мы не мелі патрэбы да гэтага ў зоркалётах і нічога не паспелі пабудаваць. Да таго ж Кастар, адзіная вядомая нам зорка з планетамі, таксама быў закрануты бурай.
Ён змоўк. Потым вярнуўся да перапыненай думкі.
— Дык вось, сакрэт лакатара… У чым ён?
Саветнікі вакол Інэша ўздыхнулі з палёгкай. Цяпер яны не баяліся, што іх раса будзе знішчана. Інэш з гонарам адзначыў, што, калі сама страшнае засталося ззаду, ніхто з гэнейцаў нават не падумаў пра сябе.
— Значыць, вы не ведаеце тайны? — лісліва прамовіў Ёал. — Вы дасягнулі вельмі высокага развіцця, аднак заваяваць галактыку зможам толькі мы.