Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
З усмешкай змоўшчыка ён абвёў вачыма ўсіх астатніх і дадаў:
— Спадарства, мы можам з поўным правам ганарыцца вялікімі адкрыццямі гэнейцаў. Прапаную вярнуцца на зоркалёт. На гэтай планеце нам болей няма чаго рабіць.
Яшчэ нейкі момант, пакуль яны не схаваліся ў сваіх сферычных гандолах, Інэш з трывогай думаў, што двухногая істота паспрабуе іх затрымаць. Але, азірнуўшыся, ён убачыў, што чалавек павярнуўся да іх спіной і нетаропка ідзе па вуліцы.
Гэты вобраз застаўся ў памяці Інэша, калі зоркалёт пачаў набіраць вышыню. І яшчэ адно ён запомніў: атамныя бомбы, кінутыя на горад адна за адной, не ўзарваліся.
— Так проста мы не адмовімся ад гэтай планеты, — сказаў капітан Горсід. — Я прапаную яшчэ раз перагаварыць з пачварай.
Яны вырашылі зноў спусціцца ў горад — Інэш, Ёал, Віід і камандзір карабля. Голас капітана Горсіда прагучаў у іх прыёмніках:
— Мне здаецца… — Пагляд Інэша ўлоўліваў праз ранішні туман бляск празрыстых гандол, якія апускаліся вакол яго. — Мне здаецца, мы прымаем гэтае стварэнне зусім не за тое, што яно ёсць у сапраўднасці. Успомніце, напрыклад — яно абудзілася і адразу знікла. А чаму… Таму што спалохалася. Ну вядома ж! Яно не было гаспадаром становішча. Яно само не лічыць сябе ўсясільным.
Гэта гучала пераканаўча. Інэшу довады капітана прыйшліся па душы. І яму раптам здалося незразумелым, чаму гэта ён так лёгка паддаўся паніцы! Цяпер небяспека паўстала перад ім у іншым святле. На ўсёй планеце ўсяго адзін чалавек. Калі яны сапраўды наважаць, можна будзе пачаць перасяленне каланістаў, быццам яго зусім няма. Ён успомніў, як ужо рабілася ў мінулым не раз. На шмат якіх планетах невялікія групкі карэнных жыхароў пазбегнулі дзеяння смертаноснай радыяцыі і схаваліся ў аддаленых абласцях. Амаль усюды каланісты паступова вылавілі іх і пазнішчалі. Аднак у двух выпадках, наколькі ён памятае, тубыльцы яшчэ ўтрымлівалі за сабой невялікія часткі сваіх планет. У абодвух выпадках было вырашана не вынішчаць іх радыяцыяй — гэта магло пашкодзіць самім гэнейцам. Там каланісты прымірыліся з уцалелымі аўтахтонамі. А тут і тым больш — усяго адзін жыхар, ён не зойме шмат месца!
Калі яны яго знайшлі, чалавек рухава падмятаў ніжні паверх невялікага асабняка. Ён паклаў венік і выйшаў да іх на тэрасу. На ім былі цяпер сандалі і свабодная туніка з нейкай асляпляльна бліскучай матэрыі. Ён ляніва паглядзеў на іх і не сказаў ні слова.
Перамовы пачаў капітан Горсід. Інэш толькі дзівіўся, слухаючы, што той гаворыць механічнаму перакладніку. Камандзір зоркалёта быў гранічна шчыры: так вырашылі загадзя. Ён падкрэсліў, што ганейцы не збіраюцца ажыўляць іншых мерцвякоў гэтай планеты. Падобны альтруізм быў бы процінатуральны, бо орды гэнейцаў, якія ўсё ўзрастаюць, увесь час маюць патрэбу ў новых светах. І кожнае новае значнае павелічэнне насельніцтва ставіла адну і тую праблему, якую можна вырашыць толькі адным шляхам. Але ў гэтым выпадку каланісты добраахвотна абавязуюцца не замахвацца на правы адзінага ўцалелага жыхара планеты.
У гэтым месцы чалавек перапыніў капітана Горсіда:
— Якая ж была мэта такой бясконцай экспансіі?
Здавалася, ён быў шчыра зацікаўлены.
— Дапусцім, вы пазасяляеце ўсе планеты нашай галактыкі. А што далей?
Капітан Горсід абмяняўся незразумелым паглядам з Ёалам, потым з Інэшам і Віідам. Інэш адмоўна пахістаў тулавам з боку ў бок. Ён адчуў жаль да гэтага стварэння. Чалавек не разумеў і, напэўна, ніколі не зразумее. Старая гісторыя! Дзве расы, жыццяздольная і гаснучая, трымаліся супрацьлеглых пунктаў погляду: адна імкнулася да зорак, а другая схілялася перад немінучасцю лёсу.
— Чаму б вам не ўстанавіць контроль над сваімі інкубатарамі? — настойваў чалавек.
— І выклікаць падзенне ўрада? — з'іранізаваў Ёал.
Ён прамовіў гэта паблажліва, і Інэш убачыў, як усе астатнія таксама ўсміхаюцца — з наіўнасці чалавека. Ён адчуў, як інтэлектуальная бездань паміж імі робіцца ўсё шырэй. Гэтая істота не разумела прыродных жыццёвых сіл, што кіруюць светам.
— Добра, — зноў загаварыў чалавек. — Калі вы не здольныя абмежаваць сваё размнажэнне, гэта зробім за вас мы.
Настала маўчанне.
Гэнейцы пачалі касцянець ад лютасці. Інэш адчуваў гэта сам і бачыў тыя ж прыкметы ў іншых. Яго пагляд пераходзіў з твару на твар і вяртаўся да двухногага стварэння, якое так і стаяла ў дзвярах. Ужо не першы раз Інэш падумаў, што іх праціўнік выглядае зусім безабаронным.
«Зараз, — падумаў ён, — я магу абхапіць яго шчупальцамі і раздушыць!»
Разумовы кантроль над унутрыядзернымі працэсамі і гравітацыйнымі палямі, ці спалучаецца ён са здольнасцю адбіць чыста механічны, макракасмічны напад? Інэш думаў, што спалучаецца. Сіла, праяўленне якой яны бачылі дзве гадзіны назад, вядома, павінна была мець нейкія межы. Але яны гэтых межаў не ведалі. І тым не менш усё гэта цяпер не мела значэння. Мацнейшыя яны або слабейшыя — няважна. Фатальныя словы былі вымаўлены: «Калі вы не здольныя абмежаваць, гэта зробім за вас мы!»