Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Квадрыльёны і квінтыльёны абуджаных вобразаў-формаў накіраваліся з чэрапа муміі ў уваскрашальнік. Памяць, як заўсёды, не падвяла.
Вейкі ўваскрэшанага ўздрыгнулі, і ён расплюшчыў вочы.
— Значыцца, гэта праўда, — сказаў ён гучна, і машына адразу пераклала яго словы на мову гэнейцаў. — Значыцца, смерць — толькі пераход у іншы свет. Ды дзе ж усе мае прыбліжаныя?
Апошнюю фразу ён вымавіў разгубленым, жаласным тонам.
Уваскрэшаны сеў, потым выбраўся з апарата, вечка якога аўтаматычна паднялося, калі ён ажыў. Убачыўшы гэнейцаў, ён задрыжаў, але гэта доўжылася нейкае імгненне. Уваскрэшаны быў ганаровы і валодаў своеасаблівай высакамернай мужнасцю, якая цяпер яму спатрэбілася. Неахвотна апусціўся ён на калені, упаў ніц, але тут сумненні адолелі яго.
— Вы багі Эгіпта? — папытаўся ён і зноў устаў. — Што за вырадкі! Я не пакланяюся невядомым дэманам.
— Забіце яго! — сказаў капітан Горсід.
Двухногая пачвара сутаргава тарганулася і растала ў полымі прамянёвай стрэльбы.
Другі ўваскрэшаны падняўся, дрыжучы і бляднеючы ад жаху.
— Божа мой, каб я яшчэ калі-небудзь дакрануўся да праклятага зелля! Падумаць толькі, дапіўся да ружовых сланоў…
— Гэта што за «зелле», пра якое ты ўспомніў, уваскрэшаны? — з цікаўнасцю папытаўся Ёал.
— Пяршак, сівуха, атрута ў фляжцы з задняй кішэні, малако ад шалёнай кароўкі, — чым толькі не пояць у гэтым прытоне, Божа мой!
Капітан Горсід запытальна паглядзеў на Ёала.
Ці варта працягваць?
Ёал, счакаўшы, адказаў:
— Пачакайце, гэта цікава.
Потым зноў звярнуўся да ўваскрэшанага:
— Як бы ты рэагаваў, калі б я табе сказаў, што мы прыляцелі з іншай зоркі?
Чалавек утаропіўся на яго. Ён быў яўна зацікаўлены, але страх аказаўся мацнейшы.
— Паслухайце, — сказаў ён. — Я ехаў па сваіх справах. Дапусцім, я кульнуў пару лішніх чарак, але ва ўсім вінавата гэтае паскудства, якім цяпер гандлююць. Клянуся, я не бачыў другой машыны, і, калі гэта новы спосаб караць тых, хто п'е за рулём, я здаюся. Ваша ўзяла. Клянуся, да канца сваіх дзён болей не вып'ю ні кроплі, толькі адпусціце мяне.
— Ён водзіць «машыну», але ён пра яе зусім не думае, — прамовіў Ёал. — Ніякіх такіх «машын» мы не бачылі. Яны не паклапаціліся захаваць іх у сваім музеі.
Інэш заўважыў, што ўсе чакаюць, калі хто-небудзь яшчэ задасць пытанне. Адчуў, што, калі ён сам не загаворыць, кола маўчання замкнецца. Інэш сказаў:
— Папрасіце яго апісаць «машыну». Як яна дзейнічае?
— Вось гэта іншая справа! — узрадаваўся чалавек. — Скажыце, куды вы хіліце, і я адкажу на любое пытанне. Я магу нарэзацца так, што ў вачах задваіцца, але ўсё роўна машыну павяду. Як яна робіць? Проста. Уключаеш старцёр і нагой даеш газ…
— Газ, — умяшаўся тэхнік-лейтэнант Віід. — Матор унутранага згарання. Усё ясна.
Капітан Горсід падаў знак ахоўніку з прамянёвай стрэльбай.
Трэці чалавек сеў і нейкі час уважліва глядзеў на іх.
— З зорак? — нарэшце папытаўся ён. — У вас ёсць сістэма ці вы трапілі да нас чыста выпадкова?
Гэнейскія саветнікі, што сабраліся пад купалам залы, наёмка закруціліся ў сваіх гнуткіх крэслах. Інэш сустрэўся вачыма з Ёалам. Гісторык быў моцна ўзрушаны, і гэта ўстрывожыла метэаролага. Ён падумаў: «Двухногія пачвары валодаюць ненармальна хуткай прыстасавальнасцю да новых умоў і занадта вострым пачуццём рэчаіснасці. Ніводзін гэнеец не можа дараўняцца да яго ў хуткасці рэакцый».
— Хуткасць думкі не заўсёды з'яўляецца прыкметай перавагі, — прамовіў галоўны біёлаг Хамар. — Істоты з марудным, грунтоўным мысленнем займаюць у радзе асобін, якія мысляць, ганаровыя месцы.
«Справа не ў хуткасці, — міжволі падумаў Інэш, — а ў правільнасці і дакладнасці думкі». Ён паспрабаваў уявіць сябе на месцы ўваскрэшанага. Ці змог бы ён вось так адразу зразумець, што навокал яго чужыя істоты з далёкіх зорак? Наўрад ці.
Усё гэта імгненна вылецела ў яго з галавы, калі чалавек устаў. Інэш і астатнія саветнікі не спускалі з яго вачэй. Чалавек хутка падышоў да акна, выглянуў на двор. Адзін кароткі пагляд, і ён павярнуўся да іх.
— Усюды тое самае?
Зноў гэнейцаў здзівіла хуткасць, з якой ён усё зразумеў.
Нарэшце Ёал наважыўся адказаць:
— Але. Спустошанне. Смерць. Руіны. Вы ведаеце, што тут адбылося?
Чалавек падышоў і спыніўся перад сілавым экранам, за якім сядзелі гэнейцы.