Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Во толькі рабіць гэта не надта хацелася самому Бураву, лепш, каб ужо хто іншы. Шкада, іншага не знайшлося, такое брыдкае заданне выпала яму, і ён мусіў увесь дзень калаціцца на гэтай дэрбіне, пакуль во дапёр да Масцішча.
Цяпер, аднак, прыспела самае труднае.
Чым яно бліжэй насоўвалася, гэтае труднае, тым усё болей думаў пра яго Бураў. Як ён тое зробіць — ён бясконца пракручваў у сваёй галаве за гэтую дарогу і ўрэшце пагадзіўся на самы кароткі варыянт: не рассусольваць, не распачынаць размоў, адвесці куды і стрэльнуць. Калі будзе супраціўляцца, хітрыць ці апраўдвацца — стрэльнуць на месцы. Самае горшае, вядома, было не застаць Сушчэню дома, чакаць ці шукаць дзе, калі куды з’ехаў. Калі ўцёк у мястэчка да паліцаяў, тады зусім кепска, тады ягоная місія, лічы, не ўдалася. Давядзецца вяртацца ні з чым, апраўдвацца перад камандзірам Трушкевічам, а той болей за ўсё не любіў апраўданняў, гэта Бураў ужо добра запомніў. У гэтай справе ён ужо быў навучаны, аднойчы нават пахадзіў тыдзень без зброі — Трушкевіч загадаў здаць вінтоўку, пакінуць сабе адзін штык: там, куды яны хадзілі па тол, ім паказалі дулю, і яны вярнуліся з пустымі рукамі. А трэба было пастарацца, «раскінуць мазгаўнёй», як казаў Трушкевіч, і заданне выканаць, хоць кроў з носа. Так патрабаваў Трушкевіч, а гэты старшы лейтэнант з акружэнцаў першага лета вайны і спаганяць, і патрабаваць умеў добра. Калі што цяпер выйдзе не так, ужо ён спагоніць з абодвух.
— Галоўнае, ты не адставай і не вытыркайся. Найлепш, каб я цябе спіной чуў. А што трэба, я сам зраблю, — сказаў Бураў, не паварочваючыся да Войціка. Той, чуваць было, зноў насцярожыўся.
— А коні?
— А што коні? Коней, калі што, патрымаеш.
— Трэба б яшчэ каго ўзяць, — гучна высмаркаўшыся на траву, гугнява зазначыў Войцік. — Трэцяга. Усё б зручней. А то што, удвух.
— Ну ты, разумны такі! — пачаў злавацца Бураў. — Чаго ж там маўчаў? Сказаў бы камандзіру: давайце трэцяга. Дык жа маўчаў?
— Маўчаў, маўчаў… — няпэўна прабурчэў Войцік і пацягнуў за повад каня, які папнуўся ў кустоўе па хамлак зялёнай травы. — Ну ты, ваўкарэзіна, не нажрэшся…
Тым часам патроху цямнела — ленавата і няпэўна; у полі яшчэ было відна, але станцыйныя дамкі па той бок рэчкі спавіліся шэрымі прыцемкамі, а высокія дрэвы ля станцыі дык і зусім ужо стуліліся ў змроку. Мусіць, можна было ехаць, бо рабілася ўсё болей сцюдзёна на гэтым ветраным узлеску, рэдкія хвоі ўгары аж гудзелі ад ветру, ды і згаладнелыя коні не хацелі стаяць — лезлі пысамі па траву ў алешнік, ненажэрна дралі яе разам з воглым зялёным мохам.
— Так. Давай памалу цераз поле на кладку, — кіўнуў галавой Бураў і завярнуў кабылку.
Коні пайшлі полем, цвякаючы капытамі ў раскіслай ад дажджу баразне. Узлесак застаўся ззаду, і ў душы ў Бурава пачала расці-разрастацца сцюдзенаватая апаска — як бы іх часам не стрэлі па той бок рэчкі, ля лазні ці на падворку, як бы не напароцца на якую халеру. Усё ж праз вярсту ад станцыі была паліцыя, чорт ведае, ці сядзіць яна зараз у сваім бункеры, можа, як і яны, гойсае дзе па вёсках, а то яшчэ і заляжа ў засаду. Ці мала яны за лета нарываліся на паліцэйскія засады. Асабліва ў вёсках, паселішчах, на прасёлках, каля масткоў і кладак. Цяпер, едучы наўпрасткі цераз поле, ён не падганяў кабылу, і тая ішла, як хацела, — зморана тупала, клюкаючы капытамі ў гразі, а ён, навастрыўшы зрок, пільна ўглядаўся ў прырэчны хмызняк, туды, дзе калісьці была кладка. Праўда, хоць ён нарадзіўся тут і вучыўся, і аббегаў дзіцём усё наваколле, але з таго часу, як у калектывізацыю бацька перабраўся з сямё’й у мястэчка, Бураў ні разу не завітаў сюды — не было патрэбы, а затым на ягоным жыццёвым шляху была вайсковая служба на Далёкім Усходзе, два перадваенныя гады ён працаваў у раёне — ганяў па дарогах палутарку. І цяпер, едучы па тутэйшых мясцінах, ён ледзьве пазнаваў іх, хоць, зрэшты, яны не надта і змяніліся. Прынамсі, узлесак, дарога і поле былі, як і некалі; калісьці ён тут пасвіў жывёлу, вазіў снапы і сена, ведаў тут кожную балацявіну, кожны грудок і сцежку.
Здаецца, аднак, у полі і ля ракі скрозь было пуста, толькі ў надрэчным лазняку варушылася на ветры непаседлівая чародка вераб’ёў ды на плоце ля лазні пасядзела і ляніва паляцела кудысь варона. Ён ужо згледзеў там Сушчэнеў гарод з двума стажкамі каля падворка, ад лазні туды, памятаў, вяла добра ўтаптаная сцежка. Некалі падлеткам ён бегаў там, пазіраючы цераз плот на тоўстыя струкі сушчэнінскага бобу, адно лета той сцежкай ганяў да ракі гусей. Сушчэня тады быў яшчэ дзецюком, нежанатым, увогуле спакойным хлопцам, старэйшым за яго гадоў, можа, на восем, на Бурава ён мала звяртаў увагу — у яго былі свае інтарэсы і свая хлапечая кампанія. Чамусьці тады ён нават падабаўся Бураву, можа, сваёй паважнасцю, роўнасцю ў адносінах да іншых, сяброў і суседзяў. Хто б тады падумаў, што іхнія лёсы спакваля так недарэчна скрыжуюцца?