Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Але во скрыжаваліся.
Рэчка была нешырокая, з падмытымі ў паводку, здзірванелымі за лета берагамі і кладкай — дзвюма гнілаватымі дошкамі, прытопленымі канцамі ў ваду. Бураў саскочыў з кабылы, пацягнуў за повад; кабыла нязгодна тузанула галавой, нерашуча пераступіла на беразе — баялася ісці ў раку. Можа, правільна забаялася, падумаў Бураў, чорт ведае якая тут цяпер глыбіня, вады найшло поўна, да самага берага. Але мо не ўтопіцца. Ён дужэй тузануў за повад, і сам нерашуча ступіў на прытоплены канец кладкі, кабылу ж кіраваў побач. Урэшце тая набралася адвагі, асцярожна сышла з берага і раптам апантана рванулася пярэднімі нагамі ў раку. Ён мусіў таропка пераступіць па кладцы, але тая здрадліва хіснулася пад нагамі, асела, ногі боўтнулі ледзь не да дна. Ледзьве ўтрымаўся на дошцы — повад выпусціў з рукі, — кабылка пужліва выскачыла на той бок і спынілася, атрасаючы мокрае чэрава. Моўчкі вылаяўшыся, ён ужо нетаропка перайшоў па кладцы і падняў з травы мокры повад.
На тым беразе, не злазячы з каня, сядзеў Войцік.
— Ну што стаў? Давай конна! Тут неглыбока.
Войцік пераехаў болей удала, конь цяжкавата ўзабраўся на бераг, і тады Войцік саскочыў, узяў з рук Бурава повад. Стоячы на адной назе, Бураў сцягнуў з другой нагі бот, выліў ваду, выціснуў мокрую дзіравую анучу.
— Не хапала яшчэ, халера…
Наперадзе і трошкі збоч на рачным беразе прыткнулася счарнелая ад часу і дыму крывабокая будыніна лазні з дзічкаю-грушай ля маленькага акенца. Мусіць, за ёй можна было захінуцца, і Бураў павёў туды змакрэлую сваю кабылку. Мокрая яго нага зусім азябла, ды і другая таксама не засцераглася ад вады — дзіравыя боты цвякалі пры хадзе, трэба было б дзе пераабуцца, змяніць анучы. Каб яны былі ў яго, тыя анучы. Але, яшчэ не дайшоўшы да лазні, ён злавіў носам знаёмы чадны пах дыму, і гэта яго ўстрывожыла. Калі ад лазні пахне дымком, дык, мабыць, там паляць ці ўжо напалілі і мыюцца — трэба ж было ім налезці на яе ў такі час! Але паварочваць назад, мабыць, было позна: у акенца лазні іх маглі ўжо згледзець.
Бураў зайшоў з глухога, надрэчнага боку лазні, прыслухаўся. Ад лазні дужа патыхала дымам, сажай, сухой, напаленай глінай; вугол з дзічкай густа аброс жорсткімі сцябламі малінніку. Войцік, пад’ехаўшы, таксама саскочыў з каня, і Бураў аддаў яму повад, а сам зірнуў з-за вугла на дзверы. Дашчатыя скасабочаныя дзверы лазні былі падпёрты яловым калком — значыць унутры яшчэ не было нікога. Мабыць, толькі яшчэ збіраліся мыцца.
Войцік з натруджаным клопатам на зашчаціненым твары чакаў, што рабіць далей, і Бураў рашыў:
— Давай туды. Вунь хата. Па сцежцы…
Хата і падворак Сушчэні ўжо ледзьве цямнеліся ў вечаровай шэрасці, адтуль, ад вуліцы, лазню ўжо не надта было і згледзець, абы толькі не спаткаць каго на гэтай агароднай сцяжыне. А калі хто і спаткаецца, думаў Бураў, занятку ў яго ўсяго на хвіліну, доўга ён тут не затрымаецца. Абы не налезці на паліцыю. Але ў такі менавіта час, у шэрую гадзіну сутак, людзі яшчэ не заперліся ў хатах, корпаюцца на падворках з жывёлай, мусіць, такою парой паліцыя яшчэ не дужа глядзіць і слухае. Глядзець і слухаць яна пачынае трохі пазней. Як наўкол паглушэе.
З коньмі на павадах яны прыйшлі ў канец падворка, якраз на дрывотню, мабыць, з нядаўна прывезенымі з лесу дрывамі, яшчэ не ўпарадкаванымі на зіму, якія бязладнай кучай круглякоў грувасціліся ля плота. Побач валялася старое карыта, нейкія брудныя вядзёркі; прыслоненыя пад страхой да сцяны, стаялі вілы і граблі. З вуліцы дрывотні не было відаць, а ад поля яе захінаў стажок на гародзе, і Бураў, трохі паслухаўшы, аддаў повад Войціку.
— Стой тут і чакай. Калі што — я стрэльну.
— Нядоўга каб…
— Нядоўга, нядоўга.
Войцік перахапіў вераўчаны повад, а Бураў зняў з-за спіны карабін і таксама аддаў Войціку. Мабыць, карабін яму цяпер не спатрэбіцца, можна будзе ўправіцца і з наганам, які ў цвёрдай скураной кабуры звыкла муляў у яго на сцягне. За пазухай пад шынялём была круглае, бы гусінае яйка, з вострым абадком нямецкая граната — хопіць на аднаго Сушчэню. Калі іх там акажацца болей — справа, канешне, кепская. Калі болей, прыйдзецца патузацца. Ну, але як-небудзь…