Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу
- Автор: Станкевіч Станіслаў
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны
- ISBN: 5-343-01645-6
- Жанр: История
Электронная книга - «Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу». Краткое содержание книги:
Старшы інспэктар праўленьня «Саюздруку» М.Палунічаў у артыкуле «Часапіс просіцца ў бібліятэку», прывёйшы некалькі фактаў байкатаваньня беларускіх кнігаў некаторымі бібліятэкамі гораду Магілева, паставіў пытаньне: «Ці ведамыя гэтыя факты Міністэрству культуры БССР і Беларускаму рэспубліканскаму савету прафсаюзаў?» І тут-жа даў адказ: «Так, ведамыя. Аднак ні Міністэрства культуры, ні Беларускі рэспубліканскі савет прафэсіянальных саюзаў па сутнасьці ніякіх практычных мер яшчэ ня прынялі... Ня выпісваюць беларускіх літаратурна-мастацкіх пэрыядычных выданьняў бібліятэкі сярэдніх і васьмігадовых школ. - Няхай гэтыя выданьні выпісваюць выкладчыкі за наяўны разьлік, - адказаў намесьнік Міністра асьветы БССР С.Умрэнка. - У нас грошай няма»[33].
Прыведзеныя факты даволі ілюструюць тую зьяву, што беларуская мова ў беларускай рэспубліцы адсунутая расейскай мовай зусім на задні плян. Яна дапушчаная да публічнага ўжываньня толькі ў некаторых галінах жыцьця, як мастацкая літаратура, у чым трэба бачыць наўперад заслугу беларускіх пісьменьнікаў, у штодзённай прэсе ды масава-прапагандавай літаратуры, што можна выясьніць палітыкай партыйнага кіраўніцтва, жыва зацікаўленага, каб гэтая літаратура й прэса даходзіла да найшырэйшых масаў жыхарства. Затое ўва ўсіх іншых галінах публічнага й грамадзкага жыцьця ўсяўладна пануе расейская мова, ня вылучаючы навет, як мы бачылі, і школьніцтва. Такім парадкам, расейская мова, як агульная для ўсяго СССР дзяржаўная мова, як мова «клясыкаў марксізму-ленінізму», «перадавой сацыялістычнай нацыі» й «вялікага рускага народу», як «мова міжнацыянальных лучнасьцяў» ды як «другая родная мова» ўсіх народаў Савецкага Саюзу, як яна афіцыйна абазначаецца, фактычна сталася першай мовай у грамадзкім, палітычным, адміністрацыйным і навет культурным жыцьці БССР. Беларуская-ж мова выціснутая на задні плян і дапушчаная фактычна да выконваньня адно падсобных ці пабочных і часткова паказальна-прапагандовых функцыяў.
Савецкая беларуская літаратурная мова
У самым гарце антыбеларускай кампаніі ў галіне мовы ў пачатку 30-ых гадоў галоўнае абвінавачаньне беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі зводзілася да таго, што яна рупілася аб чысьціні беларускае мовы й бараніла яе перад русіфікацыяй. Успомнены акадэмік Вольфсон у гэтай справе ў 1931 годзе пісаў: «Адным з паважнейшых заданьняў, якое паставілі перад сабой нацдэмаўскія пурыстыя, было вытруціць зь беларускае мовы ўсякія элемэнты расейскае мовы. Яны выганялі сотні агульна прынятых, арганічна ўрослых у беларускую мову расейскіх словаў. Яны карчавалі ўсё тое, што іх выабражэньню здавалася, як «русыцызм»[34]. Таксама ў уступнай часьці ўрадавага дэкрэту «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу» з 28 жніўня 1933 году гаварылася, што «нацыянал-дэмакратызм імкнуўся ўсімі мерамі й спосабамі адарваць беларускую літаратурную мову ад мовы шырокіх беларускіх працоўных мас, стварыў штучны бар'ер паміж беларускай і рускай мовамі і засьмечваў беларускую мову рознымі сярэднявяковымі архаізмамі і буржуазнымі вульгарызмамі»[35].
Такім парадкам як рэформа беларускае мовы 1933 году, гэтак і ўся далейшая бальшавіцкая моўная палітыка разьвівалася ў кірунку зьнішчэньня гэнага «штучнага бар'еру» й мэханічнага збліжэньня беларускае мовы з расейскай мовай. Рэформа 1933 году ўвяла ў беларускую мову каля 30-ёх фанэтычных і марфалягічпых расейскіх асаблівасьцяў, жыўцом узятых з расейскае мовы, чужых і дагэтуль няўжываных у беларускай мове, але пытаньня папаўненьня беларускае мовы расейскім слоўнікавым матарыялам яшчэ практычна ня ставіла. Расейскі слоўнікавы матарыял, разам з далейшымі марфалягічнымі й сынтаксычнымі, а навет фразэалягічнымі асаблівасьцямі расейскае мовы ўводзіліся паступова ў беларускую мову пасьля ўспомненае рэформы і ўжо ня дэкрэтаваным шляхам, але ў парадку горача рэкамэндаваных «дабравольных запазычэньняў» і «ўзбагачваньня» беларускае мовы. І ўжо ў прадмове да «Расейска-Беларускага Слоўніка», выдадзенага Інстытутам Мовазнаўства Акадэміі Навук БССР у 1953 годзе, «навукова» й «аўтарытэтна» сьцьвярджалася, што «толькі пасьля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі... беларуская мова, як і ўся культура беларускага народу, за гады савецкай улады дасягнула высокага разьвіцьця... выпрацавала свае літаратурныя нормы, значна папоўніла лексычны запас за лік слоў роднай ёй расейскай мовы». Далей у прадмове гаварылася, што беларускі народ, супрацьдзеючы беларускім буржуазным нацыяналістым, «верны дружбе народаў, бараніў чысьціню сваей мовы, папаўняючы яе зь нявычарпальных крыніцаў расейскай мовы»[36].
33
«Літаратура і Мастацтва», № 93, 24.11.1961.
34
«Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі» пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філязофіі акадэміка С.Вольфсона, т. 1. Менск, 1931, б. 125.
35
Цытуецца паводля «Беларускай Граматыкі» Т.Ломцева. Менск, 1935.
36
Русско-Белорусский Словарь. Академия наук БССР. Институт языкознания, б. 6.