Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу
- Автор: Станкевіч Станіслаў
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны
- ISBN: 5-343-01645-6
- Жанр: История
Электронная книга - «Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу». Краткое содержание книги:
Зь іншых асабліва пашыраных русіцызмаў трэба адцеміць што-раз часьцейшае ўжываньне іменнай (кароткай) заміж займеннай (поўнай) формы дзеяпрыметнікаў залежнага стану прошлага часу ў назоўным склоне: Пярэдні танк быў падбіт (МЛ-ВД, I, 41); Здымак зроблен у 1937 годзе (ЛіМ, 18.08.61); У Мінску быў адкрыт Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (ГБССР, 181); Быў закончан рамонт і ўведзен у строй рад... прадпрыемстваў (тамсама, 138); Быў праведзен дзень голаду (тамсама, 345); У гэтую вёску быў прыслан атрад паліцэйскіх (тамсама, 346); над будынкам германскага рэйхстага быў узнят сцяг перамогі (тамсама, 422); Будзе створана адзіная энергетычная сыстэма СССР (З, 15.09.61); За сем год будзе на 80 працэнтаў павялічан агульны выпуск прамысловай прадукцыі, падвоена вытворчасць электраэнергіі, патроена магутнасць хімічнай прамысловасці (КБ, 15). Ня ў прыклад расейскай мове, якая ўжывае дзеяпрыметнікі прошлага часу залежнага стану ў іменнай форме ў якасьці выказьніка ў сказе, беларускай мове ў гэтым выпадку ўласьцівыя займенныя (поўныя) формы гэтай катэгорыі дзеяпрыметнікаў. У прыведзеных прыкладах правільна пабеларуску мусіла-б быць: падбіты, зроблены, адкрыты, закончаны, уведзены, праведзены, прысланы, узьняты, створаная, павялічаны, падвоеная, патроеная. І ў гэтым выпадку іменныя формы ўжываюцца ў першай катэгорыі тэкстаў гэтак-жа шырака, як і ў расейскай мове, затое ў другой кагэгорыі тэкстаў займенныя формы выразна пераважаюць над формамі іменнымі.
І напасьледак, у абедзьвюх катэгорыях тэкстаў, побач зь беларускімі формамі прыслоўяў, утвораных ад прыметнікаў, паралельна зьяўляюцца й зусім чужыя беларускай мове расейскія формы: нешта па-дзіцячы радаснае, светлае параджалася ў грудзях (ТХ-ДП, 161), але: І ў гэтым было нешта па-дзіцячаму наіўнае і свежае (МП-ЗП, III, 1956, 37); Папрасіце па-чалавечы (УК-ВЛ, VIII, 1960, 84); засмяялася і па-хлапечы, вітаючыся, ударыла па яго далоні сваёю рукой (УК-ВЛ, III, 1959, 108). Кох пакутніцкі зірнуў на яго (МЛ-ВД, II, 36); царскае самадзяржаўе зверскі падаўляла нацыянальна-вызвольны рух народаў Расіі (РФ, 20). Пабеларуску ў прыведзеных прыкладах мусіла-б быць: па-дзіцячаму, па-чалавечаму або пачалавецку, пахлапецку, пакутніцка, зьверска.