Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу
- Автор: Станкевіч Станіслаў
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны
- ISBN: 5-343-01645-6
- Жанр: История
Электронная книга - «Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу». Краткое содержание книги:
Русіцызмы ў сынтаксе
Адна з характэрных сынтаксычных асаблівасьцяў беларускае мовы, якая адрозьнівае яе ад расейскае мовы, гэта ўжываньне розных склонаў пры дзеясловах з адмоўем і пры тых-жа дзеясловах без адмоўя. Гэтак дзеясловы без адмоўя ў ролі выказьніка ў сказе ў беларускай мове кіруюць вінавальным склонам, у якім стаіць дапаўненьне. Калі-ж гэтыя дзеясловы ўжываюцца з адмоўем, яны вымагаюць ад дапаўненьня роднага склону. У расейскай літаратурнай мове асабліва савецкага пэрыяду ў абодвых выпадках - пры адмоўі й безь яго - дапаўненьне заўсёды выступае ў вінавальным склоне. Гэтая апошняя сынтаксычная асаблівасьць расейскае мовы нагэтулькі пранікла ў беларускую мову, што сяньня яна сталася блізу вылучнай, а родны склон пры адмоўі зьяўляецца адно ў рэдкіх выпадках.
Прыклады: Мне не хацелася трывожыць той спакой і роздум (АБ-ДЛ, 28), заміж: таго спакою й роздуму; Не выставіў на пасмешышча дзікую безграматнасць Кісяля (МП-ЗП, III, 1956, 32), заміж: дзікай бязграматнасьці; Шукаць далёка прыклады ня трэба (ЛіМ, 18.08.1961), заміж: прыкладаў; не ўцяміўшы сэнс яго слоў (УК-ВЛ, IV, 1959, 145), заміж: ня ўцяміўшы сэнсу; Сымон не прамінуў здзейсніць свой запаветны план (МЛ-ВД, II, 26), заміж: не прамінуў зьдзейсьніць свайго запаветнага пляну; брыгады не забяспечылі патрэбны фронт работы (КБ, 42), заміж: не забясьпечылі патрэбнага фронту работы; Успомнім і тое, што за апошняе стагоддзе ніхто не перамагаў наш народ (АК-РНД, 252), заміж: ніхто ня пепамагаў нашага народу; Але першыя поспехі не ўскружылі галаву камуністам (З, 15.07.61), заміж: ня ўскружылі галавы, і г.д.
Варта адцеміць, што вінавальны заміж роднага склону пры адмоўях часамі, хоць і рэдка, зьяўляўся ў беларускай мове й перад русіфікацыйным пэрыядам, але такія сынтаксычныя канструкцыі разглядаліся тады, як русіцызмы ў беларускай мове, і кажны, хто рупіўся аб чысьціні беларускай мывы, змагаўся зь імі. Сяньня-ж, наадварот, гэты русіфікацыйны працэс у беларускай мове блізу закончаны, хоць некаторыя Беларусы ў БССР вычуваюць яго як чужы беларускай мове. Прыкладам, пісьменьнік Янка Скрыган радзіць ужываць толькі родны склон пры дзеясловах з адмоўем заміж вінавальнага склону, бо «найлепшым сьцьверджаньнем гэтага будзе тая самая народная гаворка»[43]. Пры гэтым трэба адцеміць, што расейская народная мова, падобна як і беларуская, вінавальнага склону дапаўненьняў пры адмоўях таксама ня ведае й ужывае нармальна роднага склону. Гэтая зьява ўвайшла ў расейскую літаратурную мову пад уплывам неславянскіх заходняэўрапэйскіх моваў, галоўна нямецкай (за пасярэдніцтвам жыдоўскага жаргону расейскае мовы) і асабліва пашырылася ў савецкія часы й асабліва ў мове газэтна-публіцыстычнай. Таму гэтая сынтаксычная форма павінна разглядацца наўперад як зьява саветызацыі самой расейскай мовы, адкуль яна пранікла й пашырылася ў беларускай мове, як зьява русасаветызацыі.
У беларускай мове дзеяслоў вучыць, навучаць, павучаць у ролі выказьніка ў сказе кіруе далейшым дапаўненьнем у родным склоне, тымчасам як у расейскай мове ў такіх выпадках вымагаецца давальны склон. У сяньняшняй беларускай літаратурнай мове БССР абедзьве формы - з родным і давальным склонам - выступаюць ужо паралельна, і то ў абедзьвюх катэгорыях разгледжаных намі тэкстаў. Вось колькі прыкладаў з гэтым русіцызмам: Люда Кляўшыц забывае ўжо тое, чаму яе вучылі ў тэхнікуме (ТХ-ДП, 231), заміж: чаго яе вучылі; Леначку шмат чаму трэба вучыць (УК-ВЛ, VIII, 1960, 76), заміж: шмат чаго трэба вучыць; Будзем вучыцца ў іх дысцыпліне (УК-ВЛ, VII, 1960, 50), заміж: вучыцца дысцыпліны; навучае гэтаму іншых (МП-ЗП, III, 1956, 63), заміж: навучае гэтага; ён і рухавік пусціў, і Кузьму навучае справе (ПБ-КЗР, 329), заміж: навучае справы; Многаму ў іх, вопытных хлебаробаў, трэба павучыцца (АБ-ДЛ, 175), заміж: многага павучыцца; Круглы год яны вучаць людзей аграправілам (тамсама), заміж: вучаць аграправілаў; Вядома, такое «апісанне» нічаму не навучыць (КБ, 71), заміж: нічога не навучыць; асабістым прыкладам вучылі іх мужнасьці і адвазе (ГБССР, 427), заміж: вучылі мужнасьці і адвагі, і г.д.
43
Я.Скрыган. Думкі аб мове. «Літаратура і Мастацтва», № 15, 20.02.1957.