Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
З Мінска ўжо выехаў штаб Заходняга фронту, за ім ад'язджалі ў Смаленск розныя ўстановы і канцылярыі, па дарогах на Ігумен і на Пухавічы ўцякалі бежанцы. Апусцелы горад быў закіданы абгарэлай папераю, зляжалаю ў матрацах саломаю і смеццем. Усё часцей і гусцей біла па Мінску артылерыя.
На ўскраінах загараліся драўляныя домікі. Узнімаліся слупы чорнага дыму. Над горадам стаяў гул, падобны на пахавальны плач.
Дзесяты Мінскі полк, якім камандаваў Салавей, стрымліваў пілсудчыкаў на Лагойскім тракце, біўся каля татарскіх агародаў і паступова адыходзіў на Козырава. Камандзір учарнеў і выпетраў, з кожным днём рабіўся больш рашучы і злосны.
— Запамінайце дарогу,— гаварыў ён,— па ёй нам наступаць.
А пакуль што сілы былі няроўныя. Трэба берагчы кожнага салдата і кожны патрон, каб не пусціць пілсудчыкаў далей, каб сыны вярнуліся да мацярок, мужы — да жонак, бацькі — да дзяцей.
Салавей ведаў, як цяжка траціць блізкіх, шкадаваў кожнага байца, як роднага брата. Ён разумеў, што Мінск ім ужо не ўтрымаць, але і нельга ворага пускаць далей. Эх, каб сюды сотні са дзве рудабельцаў, пушак ды снарадаў хоць трохі, яны б ворагу паказалі куды яму бегчы.
Баі ўжо ішлі на вуліцах. Легіянеры занялі вакзал і выйшлі на ўскраіну. Салавей адвёў рэшткі палка ў зацішны гай каля Лапіч. Полк перадаў свайму земляку і другу Сцяпану Жынко, а сам ушчаміўся на нейкую платформу з рэйкамі і паехаў у Асіповічы. Ён спадзяваўся папоўніць батальён камсамольцамі.
Але гарадок быў амаль пусты: там-сям сноўдаліся бабулькі ды сівенькія дзядкі, з-за веснічак паглядалі прыцішаныя дзеці. У ваенкамаце чалавек з дзеравяшкаю замест нагі пхаў паперы ў вялікі мех з-пад солі.
— Нічым памагчы не магу. Каго мог, адправіў,— адказаў ён.— Загадана ўсё адвезці ў Бабруйск.
На дзвярах валаснога камітэта камсамола вісеў кавалак фанеры з размытым хімічным надпісам: «Усе пайшлі на фронт».
У полк Салавей вяртаўся адзін. Імжыў цёплы дожджык, шапацелі дасцелыя аўсы, а недзе на захадзе вуркатаў гром. Прыслухаўся. Не, не гром — біла артылерыя.
4...
Жыта даспела рана: толькі налілося і адразу запалавела, пайшло гайдацца сівымі хвалямі. У нізінах пацяжэла, сагнулася, а на буі ды на пясочку тырчалі каласы, як тыя макаўкі. Камунары завіхаліся на жніве. Павыцягвалі панскія жняяркі, прыладзілі да кос грабелькі і з ранішняй расою клалі напрост супольна пасеянае жыта. У камуну напісаліся спрадвечныя панскія парабкі. Заводзіць сваю гаспадарку ніяк не выпадала, не было за што рукі зачапіць: ні кала ні двара, ні ступы ні таўкача. А тут усё на месцы: і коні, і плугі, і жняяркі асталіся. Жні і звозь у свіран — усё агульнае, усё наша.
На мураваным шуле вісеў «Дэкрэт аб арганізацыі савецкіх гаспадарак». Ён абавязваў усе арганізацыі «аказваць садзеянне і дапамогу сельскагаспадарчым вытворчым камунам, таварыствам і суполкам, якія перайшлі да сумеснай апрацоўкі зямлі, працоўным арцелям і іншым аб'яднанням». Дэкрэт падпісалі старшыня Савета народных камісараў У. Ульянаў (Ленін), кіраўнік спраў Саўнаркома У. Бонч-Бруевіч, сакратар Саўнаркома Л. Фоціева 15 лютага 1919 года.
Рудабельскім камунары ведалі на памяць гэты дэкрэт: сам Ленін загадваў памагаць ім. Калі што трэба было, ішлі ў рэўком да Максіма Уса, і ён пад распіску з панскіх пакояў выдаваў камунарскай сталоўцы буфеты, крэслы, сталы, талеркі і лыжкі. Абедалі ўсе разам, з дзецьмі, з жонкамі. Здавалася, сабралася адна вялікая сям'я, вясёлая і працавітая. У «панскіх» талерках з пазалочанымі беражкамі боўталася сівенькая зацірка, грудкамі ляжала прасяная каша з гарбузом, у блакітныя кубачкі кухар разліваў густое халоднае малако.
— Што гэта за мерка ў цябе? — абураўся Цярэшка.— Поп на прычасці і то болей дае.
— Можа пан Цярэшка загадае падаць смажанага рабчыка, цвібель-клопс і шампанскае,— пацешна схіляўся перад ім колішні панскі падкухцік.
— Жары тых Клопаў сам, а чалавека накармі, каб гэтая злыбяда не боўталася ў чэраве, бы ў пустой біклазе.
— От каб дзед так у работу ўлягаў, як каля місы,— уставіла Параска.
— А хто ж пад бабкаю будзе лапці сушыць?
Усе весела смяяліся, а дзед тупаў на сваё месца, не перастаючы бурчаць.
Потым камунары ўставалі з-за сталоў і гаманкой талакою ішлі ў поле. Дзеці круцілі перавяслы, кабеты вязалі снапы, Цярэшка спрытна складаў іх на воз. Рыпелі колы на палявых дарогах, раслі тарпы ў доўгім свірне, на таку гула конная малатарня і спорным дажджом сыпалася цёплае зерне. Жанчыны, завязаўшыся да самых вачэй хусткамі, адкідалі салому і адграбалі збожжа.
У свіран прыйшоў Максім Ус. Ён быў загадчыкам прадуктовага аддзела рэўкома і цэлымі днямі ездзіў па былых маёнтках, засценках і хутарах рэквізаваць муку, крупы і сала для Чырвонай Арміі. Сам адвозіў у Ратміравічы і ў Бабруйск, здаваў каптэнармусам часцей, а ў рэўком прывозіў так-сяк накрэмзаныя распіскі.