Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том уваходзяць лепшыя празаічныя творы пісьменніка. Апавяданні «Зялёны агеньчык», «Ганна», «Так і было» прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Цыкл навел «Сувеніры» расказвае пра цікавыя сустрэчы ў краінах Заходняй Еўропы. Значнае месца ў томе займае вядомая аповесць «Рудабельская рэспубліка».
1 ... 114 115 116 117 118 119 120 121 122 ... 139
Перейти на страницу:

— Мы ж не інвалідная каманда, каб длубацца ў зямлі. За дваццаць вёрст адсюль ідуць баі, а мы адлежваемся па свірнах. Не будзе загаду, здымемся самі,— настойваў Аляксандр Раманавіч.

Нарэшце зняўся ўвесь полк і заняў пазіцыю паміж Ракавам і Койданавам. У першую ж ноч каля Старога Сяла разам з разведчыкамі Салавей залёг у алешніку. Сярод балацінкі пакручаста бегла вузенькая крынічка. Па карце ён дазнаўся, што гэта Пціч. І адкуль толькі бярэцца? Здаецца, жменяю вычарпаеш, а яна сабе бяжыць, прабівае дарогу паміж карэнняў і гліны, праточвае каменні, шырэе і набіраецца сілы. Вунь якая яна шырокая ў Глуску і каля Рудабелкі! От так і яны, пачыналіся з ручаінкі, а цяпер ужо ніхто не спыніць. «Лепей не станавіся ўпоперак дарогі — змыем, каб і знаку не было!»

Роснае лісце казытала шыю, пахла скошанай травою, мокрым лугам, недзе кігікаў драч — ноч жыла сваімі пахамі і гукамі. А камандзір прыслухоўваўся да іншых гукаў, углядаўся ў цемрадзь, чуў, як білася сэрца, як дыхалі яго разведчыкі. Толькі ён хацеў падняцца на ўзгорак, як здалося, што на ім зашапацела жыта, глуха затупалі капыты, бразнулі цуглі. Салавей наструніўся, прыпаў да зямлі і ўгледзеў, як над жытам падняліся тры цьмяныя постаці, выплылі конскія галовы. Варухнуліся і яго байцы.

— Ні з месца,— шапнуў камандзір.

Коннікі асцярожна з'язджалі ў нізіну, дратуючы роснае жыта. «Не, гэта не начлежнікі,— пераканаўся Аляксандр,— за спінамі — карабіны, на галовах — рагатыя канфедэраткі. Іх трое, нас пяцёра».

Абкруясыўшы белапольскіх разведчыкаў, чырвонаармейцы заляглі. Грымнуў залп. Адзін жаўнер знік у жыце, а конь, як ашалелы, памчаўся ў нізіну. Двое прыгнуліся і закруціліся на месцы. Яны хапаліся за карабіны, прышпорвалі коней, а тыя, аглушаныя неспадзеўнымі стрэламі, узвіваліся на дыбкі.

— Страляць ніжэй,— крыкнуў Салавей.

Конь асеў разам з седаком. Другі салдат зваліўся з сядла і папоўз па жыце. Чырвонаармейцы, расхінаючы пацяжэлыя мокрыя каласы, беглі да польскіх разведчыкаў. Падняўшы рукі ўгору, маладзенькі капрал паўтараў:

— Пан, стшэляць не тшэба.

— А чаго цябе нячыстая сюды прыгнала? — І Парчук замахнуўся прыкладам.

— Адставіць! — крыкнуў Салавей.— Лепш бяжы лавіць коней.

Забітага прывязалі да сядла, палонным звязалі рукі і павялі лугам у вёску.

...Праз два дні наблізіліся баі. Спачатку глуха гулі гарматы, недзе сакаталі кулямёты, а пад вечар з бярозавага гайка вылецела конніца. Як маланкі, бліскалі шаблі, пад капытамі гула зямля. Батальён Салаўя заняў толькі што выкапаныя акопы, напружана чакаў, каб наблізіліся коннікі. Калі ўбачылі запененыя конскія храпы і раменьчыкі пад уланскімі падбародкамі, грымнуў залп, затахкаў кулямёт. Узвіліся сытыя стаеннікі, праз галаву паляцеў адзін, другі, трэці жаўнер. А з лесу імчаліся і імчаліся новыя эскадроны. З акопаў ляцелі гранаты, уздымаючы фантаны зямлі і дыму. Камандзіру ўжо не трэба было крычаць: «Агонь!» — чырвонаармейцы і без каманды стралялі суладна.

З бруствера ссунуўся прабіты навылёт Парчук, у вузкай траншэі стагналі параненыя. Над акопамі прасвістаў адзін, потым другі снарад. Яны падалі і рваліся за вёскаю. Потым загарэлася пуня. Яе ніхто не тушыў. Усе людзі сышлі ў лес.

Дзень і ноч грымеў бой. Радзелі чырвоныя батальёны. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах і проста ў полі. Сёлы пераходзілі з рук у рукі па некалькі разоў на тыдзень.

Смаліла сонца, трэскаліся губы ад смагі, павекі апухалі ад бяссонніцы. Поле бою пакідаў толькі той, каго выносілі.

Байцы бачылі свайго камандзіра то за кулямётам, то ён ускокваў з гранатаю над брустверам, то першы бег у штыхавую атаку.

— Адчаянны,— гаварылі пра яго.— На той вайне два Ягорыі меў. За гэтую і чатырох мала.

Легіянеры насядалі і насядалі. Адкуль столькі бралася іх, укормленых, апранутых, як на парад, з гарматамі, кулямётамі, з новенькімі карабінамі і доўгімі блішчастымі палашамі?

— Адкуль? Паўсвета іх корміць і адзяе. Прыдушыць нас хоча Антанта. Але мы жывучыя,— тлумачыў чырвонаармейцам Салавей. Ён прыдумляў хітрыя засады і манеўры, але пасля кожнага бою людзей станавілася меней і меней. А тут яшчэ камандзір палка захварэў на тыфус. Яго адвезлі ў шпіталь. Сабраліся ротныя і батальённыя і, доўга не думаючы, выбралі камандзірам Аляксандра Раманавіча.

Увесь ліпень чырвонаармейцы наступалі і адступалі. Ужо каналі акопы і магілы на ўскраінах горада. Учарнелі, паабдзіраліся байцы і камандзіры — не ведаючы, і не пазнаеш, дзе каторы,— агаладалі, абвашывелі. Закарэлыя чорныя бінты спаўзалі на вочы, і не было калі іх перавязаць.

1 ... 114 115 116 117 118 119 120 121 122 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)