Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Праўду кажа Цімох,— падняўся шыракаплечы Лявон Адзінец. Пра яго сілу ведала ўся воласць: мядзведзя паборае, учэпіцца за біла — конь ні з месца. Пакладзе на калёсы Лявон дзеравіну — вязі смела, не падужае — лепш і каня не запрагай. Як усе дужыя людзі, ён быў заўсёды лагодны і спакойны. А тут разышоўся: «Лепш памерці, а не аддаць тое, што столькі год заваёўвалі. Ці можа зноў ісці ў парабкі да Урангеля? Ён цяпер за атамана ў белых, а барані божа, прыедзе, скуру да касцей здзярэ. Я думаю, таварышы, трэба сёння ж падзяліць усіх на атрады, выбраць камандзіраў, а як толькі паткнуцца сюды легіёны, біць, не шкадуючы ні іх, ні сябе. Мы загінем, хай хоць дзеці нашы па-людску жывуць. Хто за камандзіраў будзе,— пытаецеся? Ігнат Жынко і Андрэй Пуцята чым не камандзіры? А ўзводнымі Максіма Уса і Цімоха Валодзьку назначыць. Па сёлах разведчыкаў адправіць. Каго? Хоць бы Марыльку Салаўёву. Гэтую дзеўку чорт і ў мяху не спаймае. Падшыванцаў да радні пусціць, няхай прынюхваюцца. Калі што якое, сюды перакажуць. Ну, а Максім Ляўкоў усім верхаводзіць будзе.
— Ты, Лявонка, як той Саламон, разважыў. Лепш і не прыдумаеш,— не стрымаўся Цярэшка.
— Папраўдзе, Лявон добра ўсё распланаваў,— пасвятлеў у твары: і ўсміхнуўся Ляўкоў.— Збірайце мужчын, камандзіры. Разыходзьцеся па сёлах, пагаварыце, каб кожны ведаў сваё месца.
— А бабы хіба зломкі? — ускочыла Параска.— Ці ж я сваім галапузым ліхадзей? Пішы і мяне, Андрэй Сцяпанавіч,— звярнулася яка да Пуцяты.— Пакуль страляць навучуся, кашаварыць буду, кашулі і зрэбнікі вашы мыць. Можа і па лесе бадзяцца прыйдзецца, дык і я дармаедам не буду.
5...
Праз тыдзень у кожным атрадзе ўжо было чалавек па дзвесце. Партызаны занялі Старую Дуброву: злева — шлях за Пціч, справа за двое гоней ад сяла пачынаўся лес, глухая панская пушча — зялёная крэпасць, пераплеценая непрыкметнымі сцежкамі. У яе нетры, на глухі востраў, зарослы асінамі, дубняком і ляшчыннікам, штодня хадзілі мужчыны з узвода Максіма Уса. Яны валілі асіннік і ельнік, калолі яго на доўгія плахі. У адной высякалі «вуха», у другой выразалі шып і ставілі вялікія буданы. Накрывалі іх дзёрнам, яловымі лапкамі, а то і мохам.
— От і фацеры на зіму е,— любаваўся работаю Максім Ус.— Калі часам выкураць з Дубровы, адсюль будзем смаліць у егамосцяў.
На востраў прывезлі скрыню мукі, мяшэчак солі, нават кацёл, выдраны з панскай кухні. Пра тое, што робіцца на востраве, ведалі толькі рэўкомаўцы і хлопцы з Усавага ўзвода.
Знікла з Харомнага і Салаўёва Марылька. Сказала, што ідзе за раку ў водведкі да цёткі. Цішком пагаварыў Ляўкоў і з пастушкамі, што ганялі тавар на лукавіны каля Пцічы.
— Калі што якое запрыкмеціце, пасылайце падпасвіча. Няхай барзджэй бяжыць у алешнік да нашых пастоў, а мы ўжо тут ведацьмем, што рабіць,— тлумачыў хлапчукам старшыня рэўкома.
Разы са тры з Перакалля прыходзіла маленькая, кульгавенькая Ліна, Марыльчына стрыечная сястра. Абчапляецца торбамі, накладзе ў іх акрайцаў і скарынак, кіёк возьме і шкандыбае, дзе па дарозе, дзе па раллі — ні даць ні ўзяць убогае жабрачаня. Зойдзе да Параскі, рызманы паскідае, не дзеўчына — лялька: вочы сінімі іскаркамі гараць, валасы льнянымі хвалямі на плечы збягаюць. Падкурчыць скалечаную ножку на ўслончыку і слова ў слова пераказвае, што загадала перадаць Марыля.
— У Касарычах, Харомцах і ў Парэччы легіянеры стаяць. Не многа, чалавек па дваццаць. Афіцэр у Парэцкага папа ў доме жыве, з пападзянкамі пад ручку ходзіць, а ноччу ўсё каравулы правярае. Сыскаўся ж і Казік Ермаліцкі; казалі, у Харомцах каля вахмістра аціраецца. Усё лазіць па балоце ды на рэчцы броду шукае, каб як цераз Зацішша сюды палякаў правесці. З лесу неспадзеўкі думаюць наскочыць на вас.
Калі прыходзіла Ліна, Параска пасылала свайго большанькага Васілька па дзядзьку Максіма або Лявона. Часцей прыходзіў Адзінец і так ужо ўсё выпытваў, нібы дапрос знімаў: і дзе ў іх пасты стаяць, і колькі кулямётаў у кожнай вёсцы, і як з людзьмі абыходзяцца.
Раніцою Ліна зноў нацягвала свае лахманы, крыж-накрыж чапляла торбы. Параска непакоілася, каб не схапілі яе палякі.
— На той бок каля хутара на чоўне стары Кашпар перавязе, а там не зачэпяць — жабрачка, латышка, а нас яны чамусьці сваімі лічаць.— І Ліна, кульгаючы і ківаючыся, ішла з сяла.
Партызаны верылі дзяўчыне і рыхтаваліся сустрэць белапалякаў каля Зацішша. Расставілі пасты, цікавалі на кожнай лясной сцежцы. Цішыня была трывожная. З-за ракі даходзілі чуткі, што ў маёнткі і сёлы прыходзяць новыя часці, па полі гарцуюць уланы, сякуць лазу і выхваляюцца, што вось так паздымаюць галовы ўсім «рудабельскім бандытам» і вызваляць ад бальшавікоў маёнтак барона Урангеля. Але канчалася лета, а яны нешта не спяшаліся ісці на Рудабелку.