Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том уваходзяць лепшыя празаічныя творы пісьменніка. Апавяданні «Зялёны агеньчык», «Ганна», «Так і было» прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Цыкл навел «Сувеніры» расказвае пра цікавыя сустрэчы ў краінах Заходняй Еўропы. Значнае месца ў томе займае вядомая аповесць «Рудабельская рэспубліка».
1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 139
Перейти на страницу:

Вы не вейцеся, чорныя кудры,

Над маёю бальной галавой...

Яму хацелася ўгледзець спевака, але сотні глотак падхоплівалі песню, выцягваліся няголеныя худыя кадыкі, весялей тупалі стаптаныя абцасы і маслакаватыя ступакі, абутыя ў апоркі і маршчакі. Ён любаваўся падцягнутым ладным сынам, пазіраў на моцныя смуглыя скулы, на глыбока запалыя вочы.

— Вольна-а-а! Разыдзіся,— камандаваў Аляксандр.

Чырвонаармейцы закурвалі, прыкручвалі дротам падноскі, збіраліся вакол камандзіра. Відаць было, што ён ведае кожнага: распытвае, што пішуць з дому, жартуе з імі, як роўны. Падышоў да іх і Раман. Чырвонаармейцам падабаўся стары, яны весела жартавалі, успамінаючы панцаковую кашу з рудабельскім салам.

— Паедзеце дадому, не баўцеся ж вельмі, прыязджайце хутчэй...

— І вярэньку не забудзьцеся...

— Павячэраў тады, нібыта дома пабыў,— гаворыць з белымі брывамі румяны хлопец.

— Ад тваёй маскі і так прыкурваць можна.

Усе рагочуць, сарамяжа ўсміхаецца і ружовашчокі. хлопец.

Раман Салавей доўга развітваўся з сынам. Спрабаваў пракаўтнуць даўкі камяк і маўчаў, каб не паказаць слёзы. Адно толькі і сказаў:

— Беражыся, сынок, ты ж адзін у мяне ды Марылька яшчэ. Дзеўка што? Выскачыць замуж і хвамілія звядзецца. Глядзі, не вельмі лезь на ражон.

— Не бойцеся, тата,— весела суцяшаў Аляксандр.— Я загавораны. Ні адна куля не ўзяла. А Максіму і ўсім нашым перакажыце, каб людзі і стрэльбы былі напагатове.

Ён даў бацьку невялікі пачак жоўтых, шурпатых, з асцюкамі лісткоў. На іх буйнымі літарамі было надрукавана:

«Грамадзяне! Цёмныя сілы ў асобе польскіх паноў і легіянераў пагражаюць заваёвам рэвалюцыі. Усе, каму дорага справа рэвалюцыі, запісвайцеся добраахвотнікамі ў Чырвоную Армію для абароны савецкай улады ад белапольскіх легіянераў!

Бабруйскі павятовы камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў).

Ваенны камісарыят».

— Значыць, зноў біцца?

— Адбівацца трэба. Лезуць, як мухі на мёд. Будзем неяк бараніцца, а там і па загрыўку дамо.

— Глядзі не, сынок, сіла салому ломіць.

— Што ж, уцякаць ад іх?

— Ад ваўка ўцякаеш, на мядзведзя наскочыш. А беражонага і куля беражэ.

Яны нязграбна і сарамяжа абняліся.

...Раман вёз дадому сумныя навіны і думы: зноў трэба брацца за стрэльбы. А як жа зямля? Яна чакае рук і ласкі, сумуе па плузе і па насенні, па жніўнай песні. Жыта, як гай, вакол маёнтка. Камунары сеялі, былыя панскія парабкі. Няўжо яго патопчуць боты легіянераў і тыя страшныя «танькі»?

І думаў пра сына. Адзін астаўся ў яго. Косцік з Петракам даўно параць чужую зямельку, а гэты каторы год усё ваюе. Каб не перлася погань, жыў бы сабе дома, хату б сваю агоралі, зямлю налучылі. Нявестка ўжо была б, а там і ўнукі пасыпаліся б. Няма такой дзеўкі, каб не заглядалася на яго Аляксандра. А Параска аж млее. Дзіва што! Хто на такога хлопца не ласы?

Хоць бы вярнуўся жывы. Стары намацаў за пазухаю цупкія шурпатыя «ахвішкі», падклаў пад галаву вярэньку, хацеў задрамаць, але думкі лезлі, як сляпні: «Ось дык парадую Ляўкова навіною! Той завіхаецца з рэўкомаўцамі ды камбедаўцамі ў камуне — сталоўку зрабілі, дзяцей кормяць задарам, людзей падвясельваюць, а тут на табе — зноў біцца, уцякаць і даганяць, страляць і паміраць».

Перад самымі Ратміравічамі ў вагоннай задусе і тлуме Раман усё ж заснуў.

А ў Бабруйску станавілася ўсё трывожней. Ваенком Пракоп Малаковіч ледзьве паспяваў прымаць добраахвотнікаў з валасцей. Прыходзілі ў лапцях, з палатнянымі торбачкамі маладзенькія камсамольцы і нядаўнія салдаты ў злінялых гімнасцёрках, у абмотках і шынялях з мікалаеўскімі гузікамі. Усіх трэба было разбіць па ротах, хоць збольшага абуць і адзець, маладзенькіх — навучыць трымаць вінтоўку, слухацца каманды.

Камандзіры ад відна да цямна маршыравалі з новымі чырвонаармейцамі па Бярэзінскім фарштаце, вучылі калоць мяхі з пілавіннем і адбівацца прыкладам.

У батальён Салаўя далі роту добраахвотнікаў. Ён сам хадзіў на вучэнні з імі. Засмяг і выпетраў на сонцы, нават вочы пасвятлелі і запалі глыбей. На змярканні вярталіся ў казарму каля белай царквы, што ў канцы Мінскай вуліцы. Калыхаліся штыкі, курыўся пад нагамі пыл, і звінела песня, якую запяваў камандзір:

Взвейтесь, соколы, орлами,

Полно горе горевать...

Спявалі з прысвістам, з гіканнем, цвёрда ляскаючы па бруку падкоўкамі і стаптанымі чаравікамі.

Чэрвеньскім світаннем у Бабруйск прыбыў агітцягнік «Кастрычніцкая рэвалюцыя». Прыехаў Міхаіл Іванавіч Калінін. У павятовым рэўкоме ён гаварыў з камуністамі і камандзірамі Чырвонай Арміі пра аб'яднанне савецкіх рэспублік для барацьбы з сусветным імперыялізмам, заклікаў спыніць наступ белапольскіх легіёнаў.

1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)