Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Максім занудзіўся без работы,— жартавала Параска.— Можа хоча ў прывод падпрэгчыся, а то Буланы прыстаў.
— Ці не па табе, удавіца, ён сохне, што прыляцеў сюды,— намагаўся перакрычаць малатарню Мікіта Падута.
Максім толькі ўсміхнуўся і падміргнуў Парасцы, ссунуў на патыліцу вайсковую шапку з цёмнымі плямамі поту, насупіў густыя бровы, аж вочы зрабіліся вузенькія, бы шчылінкі.
— Зараз жа трэба арфаваць і хутчэй везці ў Бабруйск. Чырвоная Армія б'ецца з легіянерамі, а хлеба няма.
— Няўжо да Бабруйска дапяла гэтая зграя? — спалохана спытала Параска.
-— Бабруйск пакуль што наш, от ён і просіць есці.— І Максім падаў Парасцы паперку.— Бярыся, таварыш камбед, спаўняць загад рэўкома. А прыйдзе старшыня, аддасі яму гэтую цыдулку.
Параска адышлася ўбок, паклікала свайго Васілька, каб пачытаў. На вялікай сіняй паперцы было напісана :
«Камуністычная партыя (бальшавікоў). Рудабельскі валасны камітэт.
8 жніўня 1919 года.
Старшыні камуны ў маёнтку Рудабелка.
Валасны рэўком прапануе вам адпусціць і даставіць у горад Бабруйск не пазней 10 жніўня 50 пудоў жыта, 20 пудоў мукі, З пуды солі для вайсковых часцей Чырвонай Арміі.
Падстава: адносіна Бабруйскага аддзела забеспячэння ад З жніўня 1919 года № 1451.
Старшыня Рэўкома М. Ляўкоў, Заг. аддзела харчавання М. Ус.».
Параска пастаяла з хвіліну, зняла хустку, выбіла з яе пыл, падвязала «бабачкаю» і шпарка пабегла па дварах.
— Бабанькі, памажыце трохі пакруціць арфу, жыта конча трэба,— прасіла яна кожную, з кім сустракалася.
— Нашто яно табе так спатрэбілася? — пыталіся кабеты і, пачуўшы Парасчын адказ, ішлі да свірна і да поўначы арфавалі збожжа для «бедных салдацікаў».
Параска круціла корбу, засыпала ў кош, адцягвала поўныя мяхі, а з галавы не выходзіў Аляксандр. «Як ён там? Ці жывы хаця? Пабачыць толькі, і то лягчэй было б. Можа і яму перападзе луста нашага хлеба. Хай бы хоць успомніў, падумаў. От сказаў бы толькі слова, у вір пайшла б за ім. Але дзе там! Хіба такі скажа?» Яна задумвалася і ўжо не бачыла ні мяхоў, ні кучы жыта, не чула, як тарахціць арфа і гудзе малатарня.
Ноччу мужчыны на чатырох фурманках павезлі «салдацкі паёк» у Бабруйск.
Пад самым горадам ішлі баі. Бабахалі гарматы, за Бярозаю гарэлі сёлы, па вуліцах везлі параненых чырвонаармейцаў. Салаўя ў горадзе рудабельцы ўжо не знайшлі. Казалі, ён разам з ваенкаматам выехаў недзе аж пад Смаленск фарміраваць новыя часці. Вяртаючыся дадому, падводчыкі яшчэ доўга чулі гул бою, бачылі злавесна-барвовае зарыва на небасхіле. Хутчэй паганялі коней, каб адарвацца ад вайны, каб не чуць яе грукату, не бачыць полымя пажараў. Але хіба ж уцячэш, калі яна коціцца следам? Няўжо дапрэ і ў іх лясны край. Зноў прыйдзецца брацца за стрэльбы, бараніць адваяваную зямлю, і так ужо густа палітую крывёю.
Прыехаўшы дадому, падводчыкі пра ўсё расказалі Максіму Ляўкову. Той моўчкі слухаў горкія навіны і адразу ўвечары сабраў камуністаў і членаў рэўкома, камбедаўцаў і былых партызан. Прамова яго была кароткая і простая. Ён гаварыў, што ўзброеныя Антантай банды Пілсудскага занялі Мінск і. падышлі да Бярэзіны. У баі пад Бабруйскам снарадам забіла нашага земляка, камандзіра батальёна Сцяпана Жынко. Пачуўшы гэта, стары Цярэшка, не здымаючы шапкі, перахрысціўся: «Царства яму нябеснае».
— У нябеснае царства, дзед, вароты шырокія, а за зямное яшчэ біцца трэба,— сказаў Максім Ус.
— Усё ты мяне падсякаеш, як таго печкура на верхаводцы. Біцца дык біцца, каб іх паралюш разбіў. Чаго ім, злыдням, тут трэба?
— Каб ты зноў парабкам быў,— ужо лагодна адказаў Максім.
— А выхвараюць яны! Паспытаўшы салодкага, горкае і калом не ўваб'еш. Цяпер і дурань ведае, за што яму стаяць.
— Дык што будзем рабіць, мужчыны? — запытаў Ляўкоў.
— Бараніцца,— загулі мужчынскія галасы.
-— Станем сцяною на Пцічы — і ні з месца!
Ляўкоў прыплюшчыў вочы.
— Каб так лёгка рабілася, як гаворыцца. Чырвоная Армія не ўстаяла пад Мінскам, мабыць, ужо здала і Бабруйск. Можа і ненадоўга, але здала. А як бараніцца з дубальтоўкамі?
Падскочыў малы, юркі Цімох Валодзька.
— У мяне ад «каперацыі» тры вядры патронаў асталося, скрынка піраксіліну і паўмяха гранат. Вінтоўкі і карабіны, лічы, у кожнага пад страхою тырчаць. На першым часе адаб'ёмся, а там і ў панкоў разжыцца можна будзе.