Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0003-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:
Рэдактар: І. І. Канановіч
Цярпенне Алесева лопнула, калі аднаго дня нецвярозы сын прыстаў да яго: «Слушай, ты уже старик, ты можешь в любой момент дать дуба. Дал моей старшей дочке тыщу, дай и моим остальным детям по тыще. А мне отпиши свою дачу».
Алесь збялеў ад такога нахабства, а пасля толькі вымавіў адно, але цяжкое слова: «Вон!»
«Да пошел ты, добродетель этакий, на ...! — узвіўся той. — Давили тебя, но не дадавили...»
Выпаліў, грукнуў дзвярыма і пайшоў, каб яшчэ болей напіцца, упасці на тратуары каля смеццевай скрыні і трапіць у выцвярэзнік; назаўтра вернецца адтуль i зойдзе ў нашу кватэру не з думкай папрасіць выбачэння, а неяк здолець урваць грошы на піва, але... Але бацькі ўжо не будзе: яго ўночы зваліць інсульт.
На пахаванне ён не застанецца, з'едзе, i некалькі гадоў пра яго не будзе ні слыху ні дыху.
(Я ўбачыў сына Алеся С. летась, калі мы з удавой i некалькімі пісьменнікамі ездзілі на радзіму нябожчыка, — у школе, дзе той некалі вучыўся, адчыняўся яго невялічкі музей.
Дык вось з намі ў невялікім аўтобусіку ехаў i сын Алеся С. (усё яшчэ з чужым прозвішчам). Ён пры вітанні з кожным называўся: «Я — сын Алеся Іванавіча», лісліва зазіраў усім у вочы, быў нервовы, нейкі змучаны ці нават стузаны — як я потым уведаў, ён толькі што выйшаў з ЛПП i пакутліва перажываў ломку ў арганізме, што быў падкошаны ўжо алкаголем. Здаецца, ён працаваў грузчыкам у мэблевым магазіне, быў, як жартуюць ці кажуць ca смуткам, біч.
У школьным музеі сказалі слова чалавек з райвыканкама, настаўнікі, мы, літаратары, а таксама ўдава Алеся С., Аглая А. Пасля, як заведзена, зайшлі ў сталоўку i разам пасядзелі за багатым сталом (як я заўважыў, сын Алеся С. чаркі не браў, але чамусьці ап'янеў не менш за тых, хто крыху выпіў). Калі вярталіся дадому, мы, усцешаныя тым, як сціпла, але ад душы цёпла настаўнікі i дзеці ўшаноўваюць памяць свайго земляка, а нашага брата-літаратара, крыху пагаманілі, а пасля далі волю добраму настрою — песні. Надта ж хораша спяваў самы старэйшы сярод нас, народны пісьменнік — высокі і плячысты мужчына, сапраўдны беларускі асілак, у свае семдзесят гадоў жвавы, востры на слова, а часамі i вельмі калючы, майстра слова, — карацей, мы ўсе любаваліся ім, а ён, мабыць, быў проста ў добрым гуморы: «Аглаечка, я ведаю: ваш Алесь любіў спяваць, дык i я паспяваю». — «Спявайце, мілыя, — з сумотай i заадно з радасцю, што мы шануем яе і яе мужа, адказвала тая. — Сапраўды, Алесь любіў песню. Найперш народную. Ён i ў лагеры ды высылцы часта ратаваўся якраз песняю».
Нечакана, калі выпала паўза, сын Алеся С. пацягнуўся да нашага лідэра-спевака: «Товарищ, давай споем «По долинам и по взгорьям».
Мы здзіўлена зірнулі на яго, бо гэтая яго просьба была зусім недарэчная — i ў дзень, калі ўшаноўвалі яго бацьку, i пад гэты настрой, калі спявалі тое, што само імкнулася з душы. Ніхто яму не сказаў ні слова; класік спахмурнеў, доўга маўчаў, мабыць, перажываў тое, што не магло цяпер не ўсплыць i не сціснуць душу (ён добра ведаў i пра жыццёвую адысею Алеся С., i пра яго варункі з сынам).
Пасля доўгага маўчання народны пісьменнік зноў падаў голас — ціхі, журботны: «По диким степям Забайкалья...»
Сын Алеся С. неяк счах, асунуўся, нібы зусім ужо стары, крыху паслухаў, а пасля прыхінуўся да сценкі аўтобусіка i неўзабаве адышоў у сон. Пачуўшы, што ён засоп, усе прыціхлі i ўжо да Мінска ехалі моўчкі, слухаючы, як гудзе матор, шыпяць колы па асфальце нашага аўтобусіка, як з гулам i ca свістам праносяцца сустрэчныя машыны. А пасля, мусіць, кожны паволі пачаў думаць пра сваё: у кожнага сваё жыццё-быццё, свае клопаты, удачы i няўдачы. Канечне, у гэтыя хвіліны не магло не кранаць душу жыццё Алеся С. ды не напаўняць яе болем, смуткам, а заадно нястрымнай прагаю жыць...)
1992
Конюх Мікола — у старой, выбеленай ад вотруб'я фуфайцы, у падвязанай на патыліцы шапцы-вушанцы, якая ўнізе выпацела, выцерлася аб шыю i была без падкладкі, у гумовых ботах, чырванашчокі — вывеў з цёплай канюшні высокага, белага, з чорнымі плямамі на баках каня, падвёў яго да калёс i паставіў між аглабель.
— Дзякую, — сказаў Міхаіл Апанасавіч, бачачы, што конюх не толькі апускае долу лейцы, але i бярэцца за хамут, які ляжаў ужо на добра падмазаных калёсах. — Я сам запрагу.
— Ды ладна, мы — людзі не ганаровыя, паможам... А то, можа, ужо i забыўся, як ушчэмліваюць каня ў аглоблі... — пажартаваў вельмі вясёлы сёння Мікола, мігам беручы хамут i нацягваючы яго на задраную ўверх конскую галаву, а пасля пераварочваючы гужамі ўніз. — Станеш гаспадаром у Каці, то на чарку калі заклічаш.