Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
— Дзякуй вам за гэта, — сур'ёзна сказаў Томас Вулф. — Дзякуй вам абодвум. Я гатовы. — Ён закасаў рукаў. — Давайце вашу прышчэпку.
І пакуль Боўлтан рабіў сваю работу, Вулф вольнай рукою ўзяў аловак і на першым лістку першай часткі рукапісу вывеў два радкі, потым зноў загаварыў:
— У адной маёй старой кнізе ёсць такая мясціна, — ён нахмурыўся, прыгадваючы: — «…пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю… Хто валодае Зямлёю? І навошта нам Зямля? Каб вандраваць па ёй? Ці для таго нам Зямля, каб не ведаць на ёй спакою? Кожны, каму трэба Зямля, будзе мець яе, застанецца на ёй, супакоіцца на маленькім шматку і будзе ў цесным куточку яе вечна…»
Вулф хвіліну памаўчаў.
— Вось яна, мая апошняя кніга, — сказаў ён потым і на чыстым жоўтым лістку вялікімі чорнымі літарамі, моцна націскаючы алоўкам, вывеў: Томас Вулф — пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю.
Ён схапіў стос спісаных лісткоў, на момант прыціснуў да грудзей.
— Хацеў бы я забраць яго з сабою. Быццам расстаешся з родным сынам!
Ён адклаў рукапіс, пляснуў па ім далонню, спехам паціснуў руку Філду і пакрочыў да дзвярэй; Боўлтан падаўся за ім. На парозе Вулф спыніўся, асветлены перадвячэрнім сонцам, вялізны, велічны.
— Бывайце! — крыкнуў ён. — Бывайце!
Грукнулі дзверы. Том Вулф знік.
Нарэшце яго знайшлі, ён плёўся па бальнічным калідоры.
— Містэр Вулф!
— Га?
— Ну і напужалі вы нас, містэр Вулф, мы ўжо думалі, вы зніклі!
— Знік?
— Дзе вы прападалі?
— Дзе? Дзе прападаў? — Яго вялі начнымі калідорамі, ён пакорліва ішоў. — Ого, каб я і сказаў вам, дзе… вы ўсё адно не паверыце.
— От і ваш ложак, дарэмна вы падняліся.
І ён апусціўся на белую смяротную пасцель, ад якой ішлі слабыя чыстыя павевы ўгатаванага яму канца, блізкага канца, што пахнуў бальніцай; ён толькі дакрануўся да гэтай пасцелі — і яна паглынула яго, ахутала бальнічным пахам і халоднай бальнічнай белізной.
— Марс, Марс, — шаптаў волат-асілак у цішы ночы. — Мая найлепшая, сама лепшая, сапраўды цудоўная кніга, яна яшчэ будзе напісана, будзе надрукавана, у зусім іншы год, праз тры стагоддзі…
— Вы занадта ўзбуджаны.
— Вы так думаеце? — прамармытаў Томас Вулф. — Дык гэта быў сон? Магчыма… Харошы сон…
Яго дыханне абарвалася. Томас Вулф быў мёртвы.
Мінаюць гады, на магіле Тома Вулфа зноў і зноў з'яўляюцца кветкі. І здавалася б, што ў гэтым дзіўнага, бо нямала ж народу прыходзіць яму пакланіцца. Але гэтыя кветкі з'яўляюцца кожную ноч. Нібы з неба падаюць. Вялізныя, колеру асенняга месяца, яны палымнеюць, іскрацца халаднаватымі падоўжанымі пялёсткамі, яны быццам белае і блакітнае полымя. А ледзь толькі павее перадранішні ветрык, яны асыпаюцца серабрыстым дажджом, пырскаюць белыя іскры і растаюць у паветры. Мінула ўжо многа, многа гадоў з таго дня, як памёр Том Вулф, а кветкі з'яўляюцца зноў і зноў…
Альфрэд Ван-Вогт
Пачвара
На вышыні чвэрці мілі вялізны зоркалёт павіс над горадам. Унізе ўсё насіла сляды касмічнай спустошанасці. Павольна апускаючыся ў энергетычнай гандоласферы, Інэш заўважыў, што будынкі ўжо пачалі развальвацца ад часу.
— Ніякіх слядоў ваенных дзеянняў. Ніякіх слядоў… — штохвілінна паўтараў нежывы механічны голас.
Інэш перавёў настройку.
Дасягнуўшы паверхні, ён адключыў поле сваёй гандолы і апынуўся на акружаным сценамі зарослым участку. Некалькі шкілетаў ляжала ў высокай траве перад будынкам з абцякальнымі імклівымі лініямі. Гэта былі шкілеты доўгіх двухрукіх і двухногіх стварэнняў; чэрап кожнага трымаўся на верхнім канцы тонкага спіннога хрыбта. Усе касцякі яўна належалі дарослым асобінам і здаваліся цудоўна захаванымі, але, калі Інэш нагнуўся і крануў адзін з іх, цэлы сустаў рассыпаўся ў парахню. Выпрастаўшыся, ён убачыў, як Ёал прызямляецца паблізу. Пачакаўшы, пакуль гісторык выберацца са сваёй энергетычнай сферы, Інэш папытаўся:
— Як па-вашаму, варта паспрабаваць наш метад ажыўлення?
Ёал здаваўся заклапочаным.
— Я распытваў усіх, хто ўжо спускаўся сюды ў зоркалёце, — адказаў ён. — Нешта тут не так. На гэтай планеце не засталося жывых істот, не засталося нават насякомых. Перш чым пачынаць якую-небудзь каланізацыю, мы павінны высветліць, што тут адбылося.
Інэш змоўчаў. Падзьмуў слабы ветрык, зашалясцеў лістотай у кронах гайка непадалёк ад іх. Інэш зірнуў на дрэвы. Ёал кіўнуў.
Так, расліннасць не пацярпела, аднак расліны, як правіла, рэагуюць зусім інакш, чым актыўныя формы жыцця.