Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Увесь вечар Аўгіння ўсхвалявана хадзіла па доме, наторкваючыся на шматлікія вазы з сухімі кветкамі, расстаўленыя ў кутах. Белы вязаны шаль спаўзаў з плячэй... Невялікая аперацыя, да таго ж бясплатная, як цікавы навуковы «прэцэдэнт», і Аўгіння раз і назаўсёды пазбавіцца ад сваёй блізарукасці. Аўгіння не наважылася распавесці пра атрыманую ад доктара прапанову ні паважнаму брандмайстру, ні заклапочанаму мужу... А як было б цудоўна паўстаць перад імі выратаванай Папялушкай! Растане плыткі туман, што не дае ёй любавацца прыгажосцю свету, і тады...
...Аднойчы раніцай белая столь, у незнаёмай сетцы трэшчын і пісягоў, абрынулася на Аўгінню... Паненка махнула рукой перад вачыма... Гэта — яе рука?! Аўгіння ўскочыла — галава круцілася, як ад першага веснавога ветру. Бы скрозь туман, успомніўся пакой павятовай бальніцы, недарэчная прысутнасць мясцовых дактароў, непрыстойна цікаўных і ўсхваляваных, боль, страх, расчараванне — і абяцанне перамен праз дванаццаць гадзін, калі скончыцца дзеянне абязбольваючых сродкаў...
Прадметы наступалі на Аўгінню, бязлітасныя ў сваёй канкрэтнасці. Яны рэзалі прастору вострымі абрысамі, адмяжоўваліся адзін ад аднаго цвёрдымі плоскасцямі і дыктавалі адлегласці. Гэта быў свет яркі, дакладны і жорсткі... «І прыгожы... Вядома, прыгожы!» Аўгіння кінулася да люстэрка...
Хто гэта? З вычварнай бронзавай рамы дзівакавата пазірала на яе блага прычасаная велікаротая асоба, бляклая, як начны матыль... Дотык бязлітаснага шкла пераканаў Аўгінню, што гэта... Не, гэтыя пачырванелыя вочы, запалыя шчокі — не яе!..
Слёзы на хвілю вярнулі звыклы вясёлкавы туман, у якім жыла паэтычная танклявая прыгажуня...
А вечарам прыйдзе Мішэль! Як мог ён кахаць яе, такую пачвару! Далоў — шаль, звязаны сляпой курыцай, далоў — шпількі і балотную сукенку! Колькі вакол безгустоўных рэчаў, якія па-дурному расстаўленыя!
Да танклявай жанчыны ў прыгожай бэзавай блузцы з вялікім карункавым каўняром, з акуратна падведзенымі вуснамі і вейкамі, з упрыгожанай кветкамі антычнай прычоскай падыходзіў каржакаваты няголены тып з чырвоным тупым тварам (а рот разяўлены), з вачыма юрлівымі і чамусь спалоханымі... Са скурай порыстай, вуграватай, тлустай... За ім сунуўся гэткі ж чырванатвары стары ў касцюме брандмайстра (два гузікі віселі на нітках), самазадаволены, з неахайнымі пукамі сівых валасоў у ноздрах і вушах... Бывай, мужны Мішэль! Бывай, вобраз ідэальнага бацькі!
Жорсткі жарт сыграў ты з беднай правінцыялкай, маскоўскі медычны бог!
Аўгіння схавалася ў сваім пакоі, дзе так недарэчна глядзеўся вялікі двухспальны ложак... Але і тут прадметы даставалі яе сваёй пачварнай канкрэтнасцю. На фотаздымку, які паставіў Мішэль на тумбачку, аказалася зусім не Аўгіння, а незнаёмая нахабная брунетка. У вазоне — поўна расцёртых недапалкаў і, не можа быць! — наплявана... А на куфэрачку, што падарыла лепшая сяброўка, які Аўгіння расчыняла кожны дзень, проста на накрыўцы надрапана дробнымі літарамі «дурніца»...
Людзі смяяліся са «слепурындалы», крамнікі недадавалі рэшту, бацька ледзь спіхнуў недарэку свайму падначаленаму, а той, куплены за пасаг і пасаду, суцяшаўся ў зіркатых прыгажунь горада Б*...
Аўгіння схавалася ў самы цёмны і засмечаны кут некалі чароўнага саду. Што цяпер? У кляштар? Проста пайсці — з дому, з горада, з жыцця? Аўгінні хацелася выдзерці свае вочы, вярнуцца ў плыткае шчасце няведання... Але зведаўшы аднойчы — ведаеш назаўсёды, на памяці драпіны не зацягваюцца, калі гэта — драпіны ад аскалёпкаў шчасця...
Над горадам Б* заходзіла сонца. Прырода не здрадзіла Аўгінні, бо не здраджвае ніколі. Дрыжэла прыўкраснае божае дрэўца, і на светла-зялёных лістах жывакосту адлюстроўваліся промні... А калі ў гэтым свеце ўсё-ткі існуюць півоні, захад сонца, лебедзі, мігдалавыя тарты і жанчыны, якія ўсім прабачаюць, то не так усё безнадзейна, жорстка і несправядліва...
Празрысты, як вэлюм нявесты, смех растаў у лістах бэзавых кустоў... Што ж, дзяцей, якія будуць, яна ўбачыць не праз вясёлкавы туман...
Ніхто не ведае, якой моцай валодаюць рахманыя людзі. Аўгіння ўзнялася. Яна навучыцца жыць і ў гэтым свеце. І па-ранейшаму будзе адорваць усіх усмешкамі, і не стане заўважаць, як паблажліва крывяцца сустрэчныя. І не пераверне фотаздымак з нахабнай брунеткай.
Захад дагараў цёмным бэзавым агнём. Худзенькая жанчына з высока зачасанымі валасамі ціха падышла да свайго дома.
На ганку з нечым белым у руках перамінаўся з нагі на нагу бравы пажарны Міхась Кудыка, які сумеўся пад незнаёмым, ясным і пільным, позіркам жонкі.