Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Пытаньне: У вас украінскія карані. Перажываеце, баліць за Ўкраіну?
Алексіевіч: Ня тое слова... Учора я паўгадзіны плакала. Пасьля таго, што я бачыла на вайне ў Афганістане, пасьля таго, што я чула ад герояў сваіх кніг, мне заплакаць цяжка... Але я адкрыла інтэрнэт, і там было відэа: вялікія рэфрыжэратары ехалі па ўсёй Украіне і пакідалі труны. І на многія дзясяткі кілямэтраў уздоўж дарогі людзі стаялі на каленях. Ведаеце, гэта немагчыма... Я ўглядалася ў твары гэтых людзей. Гэта былі простыя савецкія людзі: мужыкі, па якіх бачна, што п’юць, жанчыны, якія ўсё цягнуць на сабе... Стаялі на каленях і дзеці, якія, ня дай Божа, яшчэ дажывуць да вайны. Я глядзела на гэтыя твары і думала: чырвоны чалавек яшчэ не сышоў, і гэтае разьвітаньне будзе яшчэ вельмі доўгім.
Украіна сёньня — прыклад для ўсіх нас. Вось гэтае жаданьне разьвітацца зь мінулым канчаткова — вартае павагі. Я пісала прадмову для кнігі, якую сабрала Аксана Забужка, дзе людзі казалі, чаму яны ішлі на Майдан. Я чытала гэта і думала: наўрад ці ў нас на такім узроўні гэта казалі б. І не магу сказаць, што нашы людзі на гэта няздольныя. Проста такая неабуджанасьць. А там была ўзрушанасьць людзей. Яны былі абуджаныя ад сну, і так можна распавядаць толькі ў стане ўзрушанасьці. Ва Ўкраіне адбываецца штосьці галоўнае для ўсіх нас, галоўны адказ на нейкія пытаньні, а ў нас не хапала сіл, ні інтэлектуальных, ні народных. А яны гэта зрабілі, хаця ім дорага гэта абышлося, але яны гэта зрабілі.
Пытаньне: А ў Беларусі хутка будуць зьмены?
Алексіевіч: Не, не. Ня хутка, ня хутка.
Пытаньне: Пра што сёньня варта гаварыць і пісаць у першую чаргу?
Алексіевіч: У кожнага пісьменьніка свой шлях: хтосьці піша пра гэта, хтосьці — пра іншае. Калі казаць пра мой шлях, 30 гадоў я займалася вывучэньнем таго, хто мы: чырвоная ідэя і чырвоны чалавек — што гэта было. Але ўсё адно цікавілі мяне рэчы больш глыбокія: што такое наагул — чалавек? І вось сёньня новыя ідэі маіх кніг — пра каханьне і пра старасьць — гэта наагул пра чалавечае жыцьцё, хто мы такія? Навошта? Як? Гэта тыя пытаньні, якія мы сабе ніколі не задавалі. Былі вайна, Чарнобыль, Афганістан... Ніколі не было ў нас размоваў пра шчасьце, пра каханьне, гэта неяк за межамі нашай культуры.
Пытаньне: Чаго чакаць ад Вас у гэтым годзе? Ці будзе новая кніга?
Алексіевіч: Ад мяне — не. Я вельмі доўга пішу свае кнігі. Пачуць гук часу, пачуць дух, ухапіць вобраз — для гэтага трэба вельмі шмат часу. Нягледзячы на тое, што мая новая кніга цяпер выходзіць у многіх краінах, я шмат ежджу, — але як толькі ў мяне здараецца паўза, я запісваю людзей, размовы зь імі, і вось па гэтых тэмах, якія мяне цікавяць, хачу зразумець гук.
Пытаньне: Шмат часу Вы ўжо на радзіме, да гэтага шмат гадоў жылі ў Нямеччыне, Швэцыі, Італіі. Не стаміліся на радзіме? Ці не ўзьнікае жаданьне зьехаць зноў?
Алексіевіч: Не, я нікуды не хачу зьехаць, я ўжо прыехала. Я буду жыць тут. Ну а туды я вельмі часта і шмат ежджу, паколькі выходзяць кнігі, спэктаклі, фільмы. Але я хачу жыць дома, мне тут падабаецца, мне падабаюцца нашы людзі. Каб пісаць, трэба жыць тут. Хоць тое, што адбываецца вакол, палохае мяне. Да таго ж, сытуацыя вакол трывожная: вайна, і ўсё гэта так блізка. Па-мойму, нас чакаюць вельмі вялікія выпрабаваньні.
Пытаньне: Вы адышлі ад савецкага мэнталітэту, а расейскага ніяк яшчэ ня можаце пазбавіцца. Ці вернецеся Вы ў стан беларускай мовы і ў стан беларускай культуры?
Алексіевіч: 20 гадоў мне задаюць тое самае пытаньне... Я вельмі хварэю за беларускую мову і культуру і вельмі хацела б, каб гэта была асобная незалежная краіна, і каб яна ацалела ў гэтым жаху, які насоўваецца, і мы нічога ня можам зрабіць. Але я нарадзілася ў той час, калі была гэтая ўтопія, я ішла за ёю, і ўтопія размаўляла на расейскай мове. Зрабіць тое, што я зрабіла, на беларускай мове было немагчыма. Я займалася цэлым агромністым савецкім сьветам. У гэтым пытаньні, якое вы задалі, ёсьць адчуваньне, што мы ня можам пусьціць сябе ў вялікі сьвет, а ён размаўляе на многіх мовах, размаўляе па-рознаму. Калі я чытаю Памука, для мяне важна штосьці зразумець пра чалавека, калі я чытаю Зарэцкага, таксама для мяне важна зразумець пра чалавека. І сама мова для мяне ўжо не істотная, паколькі я ня буду ўжо пісаць на беларускай мове. Я ў гэтай культуры, і, думаю, для гэтай культуры я ўжо нешта зрабіла.