Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Іншая справа, што цяжка быць дысыдэнтам у адносінах да ўласнага народу. Гэта тое, што я чую ад сваіх расейскіх сяброў, калі яны ў меншасьці сярод уласнага народу. Гэта тое, што мы тут, эліта, адчуваем паразу, таму што ў народа іншы выбар, іншае разуменьне таго, што адбываецца. Увогуле пра гэта мая апошняя кніга «Час second-hand». Мы думалі, што так лёгка можна вызваліцца ад нашага мінулага. Але не. Гэты постсавецкі прамежкавы час будзе трываць яшчэ вельмі доўга. Вызваленьне — гэта вельмі доўгі працэс. Дзякуй Богу, што ў нас пакуль яшчэ не страляюць...
Свабода: Наколькі для Вас як для пісьменьніцы важнае прызнаньне на радзіме? Або Вы да гэтых пытаньняў ставіцеся больш касмапалітычна...
Алексіевіч: Не, вядома, я б хацела, каб мяне як мага больш выдавалі ў Беларусі, Расеі. У Расеі якраз выходзяць мае кнігі, там мяне запрашаюць выступаць і ва ўнівэрсытэты, і ў кнігарні. Але для мяне тое, каб мяне чытаў мой чытач, сярод якога я жыву — гэта вельмі шмат значыць. Таму я пажыла 11 гадоў у Эўропе і вярнулася дадому. Я жыву інтэлектуальна ў сьвеце, але я вельмі прывязаная да свайго дома.
Свабода: Калі апошні раз у Беларусі выдаваліся вашы кнігі?
Алексіевіч: Напэўна, апошняя кніга выйшла ў год прыходу Лукашэнкі да ўлады. Потым ужо не выдавалі. Адзінае, што я павінна прызнаць, што мой пяцітомнік, які быў выдадзены ў Расеі, ёсьць у беларускіх крамах. Але ў яго нейкая ашаламляльна вялікая цана — для нашых людзей проста непад’ёмная.
25 лістапада 2014
Кацярына Зайкоўская
Сёлета расейскую прэмію «Вялікая кніга» атрымаў раман Захара Прылепіна «Обитель». Другая прэмія ў Уладзіміра Сарокіна за раман «Теллурия», а трэцюю атрымаў Уладзімір Шароў за кнігу «Возвращение в Египет».
Пры гэтым, паводле апытаньня на сайце прэміі, чытачы аддалі перавагу кнізе беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч «Час second-hand».
Прэміяльны фонд прэміі «Вялікая кніга» складае 6,1 млн расейскіх рублёў.
Напярэдадні вызначэньня пераможцаў Сьвятлана Алексіевіч паведаміла Свабодзе з Масквы, што вельмі некамфортна пачуваецца ў шорт-лісьце разам з Захарам Прылепіным:
«Адчуваю сябе вельмі, вельмі некамфортна. Справа ў тым, што гэты чалавек абсалютна іншых перакананьняў. Я лічу, што пісьменьнік, які прапаведуе вайну, абараняе яе, і яму гэта падабаецца, — гэта не пісьменьнік, не прафэсіянал. Гэта чалавек нейкай іншай прафэсіі».
24 лістапада 2014 году скончылася традыцыйнае чытацкае галасаваньне «Вялікая кніга», паводле якога першае месца атрымала Сьвятлана Алексіевіч. Захар Прылепін — на другім. Алексіевіч з гэтай нагоды сказала:
«У народным галасаваньні я перамагла Захара Прылепіна. Гэта мяне пераканала ў тым, што ня ўсе тут зьехалі з глузду і ня ўсіх захапіла мілітарысцкая гістэрыя. Мне здаецца, што людзі самі зьбянтэжаныя і разгубленыя. Ёсьць нармальныя людзі. Народнае галасаваньне мяне вельмі парадавала. Нават не з-за таго, што я перамагла, а з-за таго, што не атрымаў першае месца Захар Прылепін, які вельмі нахабна ішоў да перамогі».
Разам з тым Сьвятлана Алексіевіч сказала, што ня мае спадзеваў на перамогу ў конкурсе — на яе думку, журы можа не ўлічыць вынік народнага галасаваньня і зрабіць выбар на карысьць Захара Прылепіна:
«У мяне няма ўпэўненасьці, што я перамагу. Таму што ў агульным стане расейскае грамадзтва сёньня вельмі нечаканае, вельмі агрэсіўнае. Увогуле, ёсьць рэваншысцкі комплекс у расейскага грамадзтва».
27 студзеня 2015
Радыё Свабода, Магілеў
27 студзеня ў Магілёўскім драматычным тэатры адбудзецца грамадзкі прагляд новага спэктаклю «Час second-hand» паводле аднайменнага твору Сьвятланы Алексіевіч. 28-га — прэм’ера. У Беларусі гэта — першая пастаноўка паводле кнігі вядомай пісьменьніцы, да якой улады ставяцца з падазронасьцю і недаверам. Паставіў спэктакль актор магілёўскага тэатру Ўладзімер Пятровіч. Напярэдадні рэжысэр-пастаноўшчык адказаў на пытаньні беларускай Свабоды.
З Уладзімерам Пятровічам гутарым у ягонай грымёрцы. У спэктаклі, кажа суразмоўца, тры маналёгі, узятыя з твору Сьвятланы Аляксеевіч «Час second-hand». Падзеі адбываюцца ў Савецкім Саюзе, у перабудову:
«Гэта маналёгі людзей пра час, сябе, пра сытуацыі, у якія яны траплялі і якія рабілі іх альбо мацнейшымі, альбо ламалі».
Рэжысэр-пастаноўшчык заўважае, што твор Сьвятланы Алексіевіч выдаўся няпростым для спэктакля. Дужа ён эмацыйны. Некаторыя актрысы, кажа суразмоўца, напачатку не вытрымлівалі і зрываліся на плач. Ён жа ўзяўся за пастаноўку, бо ня мог заставацца абыякавым да тых падзеяў, якія адбываюцца вакол нас усіх.