Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Пытаньне: Ці ёсьць у Вас прадчуваньне вайны?
Алексіевіч: Калі я зьбірала матэрыял для кнігі «Час second-hand», я вельмі шмат езьдзіла па Ўкраіне, была ў Казахстане, Сібіры, Маскве. І калі я апавядала сваім расейскім сябрам, што я там бачыла і чула, яны казалі: «Сьвятлана, гэта ўсё прайшло, цяпер дэмакратыя, усё гэта незваротнае, гэта ў вас у Беларусі яшчэ такое магчыма. А ў нас усё ў мінулым». Ну і што мы бачым цяпер? Адкуль вылезла ўся гэтая дрымучасьць, уся гэтая нянавісьць? Краіна ператварылася зноў у ізгоя. І гэта, па-мойму, больш страшна і небясьпечна за тое, што было пры Савецкім Саюзе. Таму што тыя людзі, якія цяпер ва ўладзе, яны нават менш адукаваныя і ня стрыманыя ніякай ідэяй, ніякім марксізмам-ленінізмам, які ўсё ж заганяў думкі ў нейкую загародку. А тут — законы шпаны, законы грошай, законы невуцтва».
Пытаньне: Як Вы ставіцеся да імпэрыі і да расейцаў?
Алексіевіч: Я думаю, што імпэрыя яшчэ не сышла. І асабіста ў мяне вельмі трывожнае адчуваньне, што без крыві яна ня сыдзе. Тое, што вайна будзе ва Ўкраіне — гэта несумненна. І тое замірэньне, пра якое дамовіліся ў Менску — яно ненадоўга. І ад таго, што я чула ад людзей у Расеі, у мяне ўвесь час было прадчуваньне магчымасьці грамадзянскай вайны ў самой Расеі.
Развалілася вялікая краіна. Але асноўная махіна — Расея — засталася. І сьвет нядоўга пажыў з наіўнасьцю і рамантызмам. Я памятаю 1989 год, калі разбурылі Бэрлінскі мур. Мы зь сяброўкай заблукалі ў Бэрліне і запыталіся ў пажылой пары, як прайсьці кудысьці. І калі яны даведаліся, што мы рускія — сталі нас цалаваць, абдымаць. Яны не падзялялі нас на беларусаў, расейцаў. Цяпер усё наадварот. Нейкі італьянскі рэстаратар вывесіў аб’яву: «Расейцаў не абслугоўваем». Зараз зноў спалохаліся: што ў гэтай бездані, дзе ёсьць ядзерная зброя і цалкам вар’яцкія геапалітычныя ідэі? Ды яшчэ адсутнасьць паняцьця пра міжнароднае права, пра крохкі сьвет, які ледзьве зацыравалі? Гэта вельмі складаныя працэсы.
Я нядаўна прыехала з Масквы і была вельмі ўзрушаная. Быццам бы разумныя інтэлектуалы, пісьменьнікі — і адкуль гэты патрыятычны чад, гэтая нянавісьць і да Эўропы, нянавісьць і да мінулага, і да таго, што адбылося? Гэта страшна. У Расеі ідзе вельмі небясьпечны працэс. Я ўжо казала, што будзе вялікая вайна. А вялікая вайна яшчэ больш правакуе чалавечую прыроду.
Мне падаецца, у беларусаў гэта ўсё ня так. Побач з намі Эўропа, мы вельмі патрыярхальная краіна, і хрысьціянская культура адыгрывае сваю станоўчую ролю. У нас няма гэтай стыхійнасьці, гэтай вольнасьці нават у мэнталітэце. Гэта ўсё ж іншы сьвет.
Ня ведаю, як вы, але я жыву з пачуцьцём паразы. Тая наіўнасьць і рамантызм 1990-х, што заўтра будзе іншы сьвет, што аўтобусы павязуць нас у цудоўную будучыню, прайшоў. Цяпер я думаю: адкуль мы ўсё гэта ўзялі, прыдумалі? Быццам разумныя людзі...
22 кастрычніка 2014
Радыё Свабода
Учора беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч атрымала званьне афіцэра Ганаровага ордэну мастацтваў і літаратуры Францыі. Узнагароджаньне адбылося ў рэзыдэнцыі амбасадара Францыі ў Беларусі. З гэтай нагоды Свабода пагутарыла са Сьвятланай Алексіевіч пра прызнаньне — за мяжой і дома.
Свабода: Сьвятлана Аляксандраўна, шчыра віншуем Вас з гэтай ганаровай узнагародай! Раскажыце, якія ўражаньні ў Вас засталіся ад гэтай падзеі?
Алексіевіч: У мяне шмат францускіх літаратурных узнагарод, але гэта такая ўрадавая ўзнагарода. Больш за ўсё мне спадабалася, як гэта робяць французы. Мне патэлефанавалі з амбасады, сказалі, што вось вы атрымалі ўзнагароду і вы можаце запрасіць 20–30 сваіх сяброў і адзначыць зь імі ў нас гэты вечар. Таму ўзнагароджаньне адбывалася зусім нефармальна. Я сапраўды запрасіла сваіх сяброў, я даўно ўжо не жыла дома, і прыемна было, што ўсе мае сябры прыйшлі, тым больш, што многіх зь іх я ўжо даўно ня бачыла. Гэта быў добры вечар.
Свабода: Гэта далёка ня першая ўзнагарода, якую Вы атрымліваеце на міжнародным узроўні, але ў Беларусі вашы заслугі да гэтага часу ніяк не адзначаныя. Чаму так адбываецца?
Алексіевіч: Таму што ў Беларусі сёньня тая ўлада, якой такія людзі, як я, не патрэбныя. І абсалютна зразумела, што яна ігнаруе маё існаваньне. Мяне няма ні на радыё, ні на тэлебачаньні, і мае кнігі тут не выходзяць. Гэта такая палітычная сытуацыя, да якой я стаўлюся абсалютна нармальна. Быць дысыдэнтам у адносінах да ўлады — гэта ў нас нармальна, гэта ў нас традыцыя.