БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
У Варшаве быў арганізаваны немцамі, пры дапамозе Ж. Вежана і іншых, аддзел беларускіх парашутыстых. Іх перашколілі ў Сілезіі. Напярэдадні нямецкага нападу на СССР гэты аддзел быў перакінуты на ўсход за раку Буг. Пасьля кароткага змаганьня гэты аддзел быў выяўлены і пасаджаны ў турму ў горадзе Ломжы. Па заняцьці Ломжы немцы вызвалілі гэтых людзей.Незадоўга перад вайной нямецкія ўлады выклікалі з Прагі Чэскай у Бэрлін Васіля Захарку, Старшыню Рады БНР, і д-ра Івана Ермачэнку. Іх прыняў заступнік міністра замежных спраў. У гутарцы, якая трывала некалькі гадзін, нямецкі ўраднік даў да зразуменьня, што супрацоўніцтва немцаў з беларусамі немагчыма як роўных партнэраў. Але ён хацеў схіліць беларусаў да супрацоўніцтва з немцамі. Беларускія прадстаўнікі перадалі нямецкаму ўрадніку мэморандум, скіраваны ў Міністэрства замежных спраў Нямеччыны, падпісаны В. Захаркай, Старшынёй Рады БНР, і д-рам I. Ермачэнкам, сябрам Рады БНР. У гэтым мэморандуме было пададзена жаданьне волі і незалежнасьці для Беларусі.
Ужо па заняцьці немцамі Беларусі нямецкія ўраднікі запрапанавалі В. Захарку і I. Ермачэнку аб'ехаць Заходнюю Беларусь і прадыскутаваць беларускія нацыянальныя справы з наяўнымі там вядучымі беларускімі людзьмі. Разважыўшы гэтую справу ў Бэрліне з дзеячамі А. Шкутка, Ф. Акінчыцам і кс. В. Гадлеўскім, было пастаноўлена:
1) наведаць усе культурныя цэнтры Заходняй Беларусі;
2) стварыць Коордынацыйны Камітэт для змаганьня занезалежнасьць Беларусі;
3) прыцягнуць да камітэту ўсіх вядомых культурных і палітычных дзеячоў. З гэтай мэтай Захарка і Ермачэнка наведалі Варшаву, Кракаў,Лодзь і іншыя гарады, спаткаліся з д-рам М. Шчорсам, праф. Р. Астроўскім і іншымі. Быў апрацаваны праект Коордынацыйнага Камітэту. Аднак выявілася вялікая разьбежнасьць у паглядах адносна таго, чаго зараз трэба жадаць ад немцаў: беларускага ўраду ці Коордынацыйнага Камітэту. В. Захарка ведаў, што немцы ня згодзяцца на тварэньне беларускага ўраду, бо яны рыхтуюць для беларускага народу падпарадкаванае становішча пад нямецкім кіраўніцтвам і толькі абяцаюць самаўраду неакрэсьленай будучыні. Ня могучы перамагчы гэтай разьбежнасьці ды імкнучыся да самастойнай Беларусі,В. Захарка спыніў захады Рады БНР перад нямецкім урадам і займаўся культурна-асьветнымі справамі ў Празе.
Прыбліжэньне нямецка-савецкай вайны станавілася вельмі адчувальным. Беларускія дзеячы, пражываючыя ў вольных краях, імкнуліся спаткаць гэтую падзею супольным узгодненым фронтам і выкарыстаць яе для беларускай нацыянальнай справы. Створаны кс. В. Гадлеўскім Беларускі Нацыянальны Фронт не стаўся большай коордынацыйнай арганізацыяй. Для стварэння адзінай беларускай рэпрэзэнтацыі ад беларускіх арганізацыяў, існуючых у Нямеччыне і Гэнэральнай губэрні, была скліканая 19 чэрвеня 1941 году нарада ў Бэрліне У гэтай нарадзе прымалі ўдзел прадстаўнікі з Нямеччыны: Мікалай Шкялёнак — старшыня Беларускага Камітэту Самапомачы ў Бэрліне, гаж. Анатоль Шкутка — кіраўнік Беларускага Бюро Даверу ў Бэрліне, д-р Вітаўт Тумаш — старшыня Беларускага Камітэту Самапомачы і Лодзі; з Гэнэральнае губэрні прымалі ўдзел: кс. Вінцук Гадлеўскі — прадстаўнік Беларускага Камітэту ў Гэнэральнай губэрні ад цэнтралі ў Варшаве і аддзелаў у Кракаве і Белай Падляскай і іншыя.
Нарада пастанавіла стварыць Беларускі Нацыянальны Цэнтар, які меў за мэту кіраваць, плянаваць і коордынаваць беларускую працу ў Нямеччыне і Гэнэральнае губэрні. На старшыню цэнтру быў выбраны завочна д-р М. Шчорс, а на сяброў М. Шкялёнак, А. Шкутка, кс. В. Гадлеўскі, Ч. Ханяўка і д-р В. Тумаш. Д-р Шчорс з дапамогай д-ра Тумаша апрацаваў даўгі мэморандум на Імя Гітлера. Там жадалася высьвятленьне адносін Нямеччыны да беларускай справы, з дамаганьнем незалежнасьці для Беларусі на ўсіх этнаграфічных землях, пры палітычным і эканамічным супрацоўніцтве з Вялікай Нямеччынай. У мэморандуме выражалася надзея, што цяперашні нямецкі ўрад не паўторыць памылкі ўраду кайзэра Вільгельма II адносна Беларусі. як і на мірных перамовах у Берасьці ў 1917 годзе. Гэты мэморандум быў перададзены нямецкаму гэнэралу, які адмыслова прыехаў з Бэрліну ў Варшаву да д-ра Шчорса 13 ліпеня 1941 году. Праз два дні гэты самы гэнэрал прыехаў да д-ра Шчорса і запэўніў яго, што прапановы гэтага мэморандуму будуць прынятыя пад увагу і зрэалізаваныя пад час канчатковага вырашэньня праблемаў Усходняй Эўропы.
Давяраючы абяцаньням нямецкіх ураднікаў і спадзяючыся на справядлівае вырашэньне беларускай нацыянальнай справы, беларускія дзеячы ў далейшым супрацоўнічалі з нямецкімі ўрадавымі дзейнікамі ў змаганьні супроць СССР за вызваленьне Беларусі.