БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Сяляне адразу па ўцечцы бальшавікоў распачалі дзяліць калгасную зямлю і рухомую маемасьць ды вяртацца да аднаасабовай гаспадаркі. Саўгасы і большыя прамысловыя прадпрыемствы былі абсаджаныя нямецкімі вайсковымі ўраднікамі і функцыянавалі як дзяржаўныя прадпрыемствы.
Па загадзе нямецкіх уладаў жыдоўскае насельніцтва мусіла ў кароткім часе перасяліцца ў бліжэйшыя прызначаныя для іх часткі гарадоў і большых местачак. Гэтыя часткі паселішчаў былі абгароджаныя высокімі плакатамі з калючага дроту і з будкамі, дзе былі ўзброеныя вартаўнікі. Унутры гэтых гэто-паселішчаў кіраўніцтва выконвалі самі жыды, як і парадку пільнавала жыдоўская паліцыя. Выхад з гэто дазваляўся толькі для тых, каго бралі для працы патрабуючыя ўстановы. На працу жыдоў вялі ў калёнах узброеныя вартаўнікі. Жыды былі змушаныя насіць нашытую на вопратку жоўтую зорку Давіда. Рэшце насельніцтва было забаронена зносіцца з жыдамі пад пагрозай суровых, караў.
Улічваючы вялікае значаньне рэлігіі ў беларускім народзе і хочучы скарыстаць гэта ў супроцьвагу савецкаму атэізму, немцы падтрымлівалі адбудову рэлігійнага жыцьця на Усходняй Беларусі, якое было поўнасьцю зьнішчана савецкімі ўладамі. Па заняцьці Менска нямецкія часткі палітычнай паліцыі (СД) прывязьлі ў сталіцу з Пружаншчыны пражываючага там праваслаўнага іераманаха Уладзімера Фінькоўскага. Народ спаткаў сьвятара з вялікай радасьцяй. У Менску быў арганізаваны царкоўна-будаўнічы камітэт, які распачаў рэмонт уцалелых цэркваў: Сьв. Кацярыны, Прэабражэньня і на Старажоўцы. Гарадская ўправа дапамагала гэтай дзейнасьці і ў жніўні 1941 году сьв. Фінькоўскі распачаў богаслужэньні ў Прэабражэнскай царкве. Богаслужэньні прыцягвалі мноства народу і рабілі вялікае ўражаньне на народ. Сьв. Фінькоўскі наведваў іншыя гарады і местачкі Усходняй Беларусі, арганізаваў там будаўнічыя камітэты для адбудовы і рэмонту існуючых цэркваў і прызначаў туды сьвятароў. Народ масава прывозіў малых і прыводзіў старэйшых дзяцей да хрышчэньня. Іераманах Фінькоўскі паходзіў з беларускай сялянскай сямьі, аднак прапаведваў парасейску і трымаўся здалёк ад беларускай адміністрацыі у Менску. Ён трымаў сувязь толькі з немцами.
Стараньнямі д-ра М. Щчорса і мяйсцовага беларускага актыву ў Баранавічах было арганізаванае выданьне«Баранавіцкай Газэты» на нямецкай і беларускай мовах. Першы нумар газэты выйшаў з друку ў канцы ліпеня 1941 году. Нямецкі наглядчык над газэтай ад вайсковага камандаваньня над уплывам палякоў дамагаўся ўвядзеньня ў гэтую газэту польскай старонкі. Аднак беларусы цьвёрда супрацівіліся гэтаму і не дапусьцілі да польскіх уплываў.
Ініцыятывай і арганізацыйнымі захадамі бурмістра Тумаша, як і высілкамі журналістых, пісьменьнікаў і паэтаў у Менску ў жніўні 1941 г. пачала выходзіць на беларускай мове і ў беларускім нацыянальным духу «Менская Газэта», якая разыходзілася пераважна ў горадзе і часткова ў яго ваколіцах.
XXXII
Нямецкая цывільная адміністрацыя на ўсходзе Эўропы і на Беларусі.— Падзел Беларусі немцамі.— Д-р I. Ермачэнка, кс. В. Гадлеўскі і праф. В. Іваноўскі на Беларусь— Рэлігійнае жыцьцё.— Вымардаваньне жыдоў немцамі.— Прапагандыстыя, Саюз Беларускай Моладзі і нямецкія пляны на будучыню для Беларусь— Прэса, выдавецтвы і культурна -мастацкае жыцьцё.
17 ліпеня 1941 году, чатыры тыцні пасьля пачатку вайны з СССР, Гітлер вызначыў Альфрэда Розэнбэрга, балтыцкага немца, дзяржаўным міністрам для ўсяго ўсходу Эўропы. У Бэрліне было створана Усходняе Міністэрства (Остміністэрыюм) для адміністраваньня гэтымі абшарамі. Розэнбэрг падзяліў усход Эўропы на чатыры адміністрацыйныя адзінкі: Вялікая Фінляндыя, Усходні Край (Остлянд), Украіна і Каўказ Дзяржаўны камісарыят Остлянду складаўся з Гэнэральных акругаў Беларусі, Эстоніі, Латвіі і Летувы. На чало Остлянду быў вызначаны Гітлерам дзяржаўны камісар Гэйнрых Лёзэ (Lohse) з сядзібай у Рызе.
Этнаграфічная тэрыторыя Беларусі была падзеленая немцамі наступна. 15 жніўня 1941 году Бел а сто к і Горадня з акругамі былі далучаныя да Усходняй Прусыі — нямецкага Райху. Вільня з акругай была далучана да Летувіскай гэнэральнай акругі. Дзьвінск з акругай быў накінуты ў межах Латвійскай гэнэральнай акругі. Гарады: Берасьце, Пінск і Гомель з акругамі былі далучаныя да Гэнэральнага камісарыяту Украіны. Рэшта Беларусі, уключаючы Смаленшчыну і частку Браншчыны, мела тварыць Беларускую гэнэральную акругу. Пакуль што Беларуская гэнэральная акруга была падзеленая на дзьве часткі: цывільную і вайсковую зоны. Цывільная нямецкая адміністрацыя абняла абшары на захад ад ракі Бярэзіны. Абшары на ўсход ад Бярэзіны падлягалі вайсковай нямецкай адміністрацыі дзеля пастаянных вайсковых апэрацыяў, якія там адбываліся.