Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
ТОМАС ВУЛФ
і дата яго нараджэння і дата смерці, і ў халодным пакоі пахне духмянай зялёнай папараццю.
— Выключце, — сказаў ён.
— Даруй, Том.
— Выключце, ну! Не веру я гэтаму.
— Гэта праўда.
Экран пачарнеў, і пакой накрыў паўночны купал неба; пакой зрабіўся склепам, ледзь адчувалася апошняе дыханне кветак.
— Значыцца, я ўжо не прачнуўся, — сказаў Томас Вулф.
— Так. Ты памёр тады, у верасні тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага.
— І не дапісаў кнігу.
— Яе надрукавалі другія, яны паставіліся да яе вельмі беражліва, зрабілі за цябе ўсё, што трэба.
— Я не дапісаў сваю кнігу, не дапісаў!
— Не бядуй гэтак.
— Вам лёгка казаць!
Стары ўсё не запальваў святла. Яму не хацелася бачыць Тома гэтакім.
— Сядзь, сынку.
Маўчанне.
— Том?
Ніякага адказу.
— Сядзь, сынку. Хочаш чаго-небудзь выпіць?
Уздых, потым сцяты рык, быццам застагнаў паранены звер.
— Гэта несправядліва, несумленна! Мне трэба было яшчэ столькі зрабіць!
Ён глуха зарыдаў.
— Перастань, — сказаў стары. — Паслухай. Выслухай мяне. Ты яшчэ жывы — так? Тут, зараз — ты жывы? Ты дыхаеш і ўсё адчуваеш, праўда?
Томас Вулф адказаў не адразу:
— Праўда.
— Дык вось, — у цемры Філд падаўся ўперад. — Я перанёс цябе сюды, Том, я даю табе яшчэ адну магчымасць. Лішні месяц ці недзе каля гэтага. Думаеш, я цябе не аплакваў? Я прачытаў твае кнігі, а пасля ўбачыў надмагільны камень, які трыста гадоў тачылі вецер і дажджы, і падумаў — гэткага таленту не стала! Гэтая думка проста не давала мне жыць, павер. Не давала жыць! Я не шкадаваў грошай, абы толькі знайсці нейкую дарогу да цябе. Ты атрымаў адтэрміноўку — праўда, кароткую, дужа кароткую. Прафесар Боўлтан кажа, што, калі вельмі пашанцуе, мы здолеем пратрымаць каналы Часу адкрытымі два месяцы. Ён будзе трымаць іх для цябе два месяцы, але не даўжэй. За гэты час ты павінен напісаць кнігу, Том, тую кнігу, якую марыў напісаць, — не-не, сынкў, не тую, якую ты пісаў для сучаснікаў, яны ўсе памерлі і ператварыліся ў прах, гэтага ўжо не зменіш. Не, цяпер ты створыш кнігу для нас, для тых, хто жыве цяпер, яна нам вельмі-вельмі патрэбна. Ты пакінеш яе нам дзеля самога ж сябе, яна будзе ва ўсіх адносінах вышэйшай і лепшай за твае ранейшыя кнігі… ты ж напішаш яе, Том? Можаш ты на два месяцы забыцца пра той камень, пра бальніцу — і пісаць для нас? Ты напішаш, праўда, Том?
Пакой павольна запоўніла святло. Том Вулф стаяў і глядзеў у акно — вялізны, масіўны, а твар бледны, стомлены. Ён глядзеў на ракеты, што праносіліся ў няяркім вечаровым небе.
— Я спачатку не зразумеў, што вы для мяне зрабілі, — сказаў ён. — Вы мне даяце яшчэ крыху часу, а час для мяне даражэй і патрэбней за ўсё, ён мой сябар і вораг, я заўсёды з ім ваяваў, і аддзякаваць вам я, мабыць, магу толькі адным спосабам. Хай будзе па-вашаму. — Ён запнуўся. — А калі я скончу работу? Што тады?
— Вернешся ў бальніцу, Том, у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год.
— Інакш немагчыма?
— Мы не можам змяніць Час. Мы ўзялі цябе ўсяго на пяць хвілін. І вернем цябе на бальнічны ложак праз пяць хвілін пасля таго, як ты яго пакінуў. Такім чынам, мы нічога не парушым. Усё гэта ўжо гісторыя. Тым, што ты жывеш зараз з намі, у будучым, ты нам не пашкодзіш. Але калі ты адмовішся вярнуцца, ты пашкодзіш мінуламу, а значыцца, і будучаму, там шмат што перакруціцца, будзе хаос.
— Два месяцы, — сказаў Томас Вулф.
— Два месяцы.
— А ракета на Марс ляціць праз гадзіну?
— Ага.
— Мне патрэбны папера і аловак.
— Вось яны.
— Трэба збірацца. Да пабачэння, містэр Філд.
— Шчасліва, Том.
Шэсць гадзін. Заходзіць сонца. Неба чырванее, нібы віно. У прасторным доме цішыня. Горача, але старога прабіраюць дрыжыкі, і вось нарэшце з'яўляецца прафесар Боўлтан.
— Ну як, Боўлтан? Як ён сябе адчуваў, як трымаўся на касмадроме? Ды гаварыце ж!
Прафесар усміхаецца.
— Ён проста асілак — гэтакі велікан, любы скафандр для яго занадта малы, давялося тэрмінова рабіць новы. Шкада, вы не бачылі, што гэта было: ён усё-ўсё абышоў, усё абмацаў, да ўсяго прынюхваецца, нібы вялізны сабака, гаворыць несціхана, а вочы круглыя, ненажэрныя, і ад усяго прыходзіць у захапленне — ну сапраўдны хлапчук, дый годзе!