Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Стары засмяяўся.
— Не-не, Том, я не Бог, толькі прыкідваюся. Я Філд. — Ён зноў засмяяўся. — Гэта ж трэба! Я гавару так, нібыта ён можа ведаць, хто такі Філд. Том, я Філд, фінансавы туз — кланяйся ніжэй, цалуй у руку. Я Генры Філд, мне падабаюцца твае кнігі. Я перанёс цябе сюды. Падыдзі бліжэй.
І стары пацягнуў Вулфа да шырознага люстранага акна.
— Бачыш у небе агні, Том?
— Ага, сэр.
— Феерверк бачыш?
— Бачу.
— Гэта зусім не тое, што ты думаеш, сынку. Сёння не чацвёртае ліпеня. Не як у твой час. Цяпер у нас кожны дзень — свята незалежнасці. Чалавек абвясціў, што ён вольны ад Зямлі. Улада зямнога прыцягнення даўным-даўно скінута. Чалавецтва перамагло. Вунь тая зялёная «рымская свечка» ляціць на Марс. А той чырвоны агеньчык — ракета з Венеры. І яшчэ — бачыш, колькі іх? — жоўтыя, блакітныя. Гэта міжпланетныя караблі.
Том Вулф глядзеў на ўсе вочы, быццам хлапчук-велікан, зачараваны шматкаляровымі агнявымі цудамі, што зіхацяць і кружаць у ліпеньскім змроку, і загараюцца, і разрываюцца з аглушальным трэскам.
— Які цяпер год?
— Год ракеты. Глядзі! — Стары дакрануўся да нейкіх раслін, і ў яго пад рукою яны раптам расцвілі. Кветкі былі нібы белае і блакітнае полымя. Яны палалі, іскрыліся халаднаватымі падоўжанымі пялёсткамі. Чашачкі іхнія былі футы два ўпоперак і холадна сінелі, быццам асенні месяц. — Гэта кветкі з Месяца, — сказаў Філд. — З таго боку Месяца. — Ён злёгку дакрануўся да іх, і яны асыпаліся сярэбраным дажджом, пырснулі белыя іскры і расталі ў паветры. — Год ракеты. Вось табе адпаведная назва, Том. Вось чаму мы перанеслі цябе сюды: ты нам патрэбны. Ты адзіны чалавек, які здольны саўладаць з Сонцам і не ператварыцца ў нікчэмную жменьку попелу. Мы хочам, каб ты забаўляўся з Сонцам, як з мячыкам, — з Сонцам, і з Зоркамі, і з усім, што ўбачыш па дарозе на Марс.
— На Марс? — Томас Вулф азірнуўся, схапіў старога за плячо, нахіліўся, недаверліва ўзіраючыся яму ў твар.
— Так. Ты ляціш сёння ў шэсць.
Стары ўзняў ружовы білецік, які, здавалася, аж трапятаў у паветры, і чакаў, калі Том здагадаецца яго ўзяць.
Было пяць гадзін.
— Так-так, вядома, я вельмі цаню ўсё, што вы зрабілі! — усклікнуў Томас Вулф.
— Сядзь, Том. Перастань бегаць з кутка ў куток.
— Дайце дагаварыць, містэр Філд, дайце мне закончыць, я павінен выказаць усё да канца.
— Мы ўжо столькі гадзін спрачаемся, — зняможана прамовіў Філд.
Яны прагаманілі ад ранішняга сняданка да полудня і ад полудня да вячэрняй гарбаты, пераходзілі з аднаго пакоя ў другі (а іх было тузін) і ад аднаго доваду да другога (а іх было дзесяць тузінаў); абодвум рабілася то горача, то холадна, то зноў горача.
— Усё зводзіцца вось да чаго, — сказаў нарэшце Томас Вулф. — Я не магу тут заставацца, містэр Філд. Я мушу вярнуцца. Гэта не мой час. Вы не мелі права ўмешвацца…
— Але…
— Мая работа была ў самым разгары, а сваю лепшую кнігу я яшчэ не пачынаў — і раптам вы хапаеце мяне і пераносіце на тры стагоддзі наперад. Паклічце прафесара Боўлтана, містэр Філд. Няхай ён пасадзіць мяне ў сваю машыну, якая яна там ні ёсць, і адправіць назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год, там мой час і маё месца. Больш мне ад вас нічога не трэба.
— Няўжо ты не хочаш пабачыць Марс?
— Яшчэ як хачу! Але я ведаю, гэта не для мяне. Уся мая работа пойдзе прахам. На мяне наваліцца лавіна ўражанняў, якія я не здолею змясціць у мае кнігі, калі вярнуся дадому.
— Ты не разумееш, Том, ты проста не разумееш.
— Цудоўна разумею, вы эгаіст.
— Эгаіст? — перапытаў стары. — Так, вядома, і яшчэ які! Дзеля сябе і дзеля іншых.
— Я хачу вярнуцца дадому.
— Паслухай, Том…
— Паклічце прафесара Боўлтана!
— Том, я вельмі не хацеў табе казаць… Я спадзяваўся, што не давядзецца, што ў гэтым не будзе патрэбы. Але ты не пакідаеш мне выбару.
Стары працягнуў руку да завешанай сцяны, адсунуў заслону і адкрыў вялікі белы экран, потым пачаў круціць дыск і набіраць нейкія лічбы; экран замігцеў, ажыў, агні ў пакоі павольна згаслі — і перад вачамі ўзніклі могілкі.
— Што вы робіце? — рэзка спытаў Вулф, зрабіў крок уперад і ўтаропіўся на экран.
— Я зусім гэтага не хацеў, — сказаў стары. — Глядзі.
Могілкі ляжалі перад імі ў яркім святле летняга поўдня. З экрана дыхнула гарачым пахам летняй зямлі, разагрэтага граніту, свежасцю ручая, што цурчаў дзесьці непадалёку. У голлі дрэва пасвіствала нейкая птушачка. Сярод надмагільных камянёў пакалыхваліся пунсовыя і жоўтыя кветкі, экран рухаўся, неба паварочвалася, стары круціў дыск, усё павялічваючы і нібы набліжаючы малюнак… і вось пасярод экрана вырасла змрочная гранітная глыба — яна расце, набліжаецца, запаланяе ўсё, яны ўжо нічога больш не бачаць і не адчуваюць, і ў цемнаватым пакоі Томас Вулф, узняўшы вочы, чытае высечаныя на граніце словы — раз, другі, трэці, і, задыхнуўшыся, перачытвае зноў, бо гэта яго імя: