Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Рэй Брэдбэры
Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю
Семдзесят гадоў запар Генры Ўільям Філд пісаў апавяданні, якія ніхто не друкаваў, і вось аднойчы а палове дванаццатай ночы ён падняўся і спаліў дзесяць мільёнаў слоў. Занёс усе рукапісы ў падвал свайго змрочнага асабняка, у кацельню, і шпурнуў у печ.
— От і ўсё, — сказаў ён і ў роздуме пра сваю марную працу і загубленае жыццё вярнуўся ў спальню, поўную ўсялякіх дзівосных і рэдкасных рэчаў, і лёг у пасцель. — Дарэмна я стараўся паказаць наш вар'яцкі, ашалелы свет, гэта была памылка. Год 2257, ракеты, атамныя цуды, падарожжы да чужых планет і падвойных сонцаў. Каму гэта па сіле! Спрабавалі, праўда, усе. Ды ні ў аднаго сучаснага аўтара нічога не выйшла.
Космас занадта неабсяжны, думаў ён, міжзорныя караблі занадта хуткія, адкрыцці атамнай навукі занадта нечаканыя. Але іншыя сяк-так з грахом папалам усё ж друкаваліся, а ён, багаты, бяздзейны і гультаяваты, усё жыццё патраціў марна.
Цэлую гадзіну ён мучыўся такімі думкамі, а пасля паплёўся праз пустыя пакоі ў бібліятэку і запаліў ліхтар. Сярод кніг, да якіх паўстагоддзя ніхто не дакранаўся, ён наўздагад выбраў адну. Кнізе мінула тры стагоддзі, старонкі пажоўклі ад часу, але ён упіўся ў гэтую кнігу і прагна чытаў да самага досвітку…
У дзевяць гадзін раніцы Генры Ўільям Філд выбег з бібліятэкі, гукнуў слуг, выклікаў па тэлевізары юрыстаў, сяброў, вучоных, літаратараў.
— Прыязджайце зараз жа! — крычаў ён.
Не мінула і гадзіны, як у яго сабралася чалавек дванаццаць. Генры Ўільям Філд чакаў у кабінеце — ускудлачаны, непаголены, аж непрыстойна ўзбударажаны, ахоплены нейкай незразумелай ліхаманкавай весялосцю. Высахлымі рукамі ён сціскаў тоўстую кнігу і, калі з ім віталіся, толькі смяяўся ў адказ.
— Глядзіце, — сказаў ён нарэшце, — вось кніга, яе напісаў волат, гігант, які нарадзіўся ў Эшвілі, штат Паўночная Караліна, у тысяча дзевяцісотым годзе. Ён ужо даўно спарахнеў, а калісьці надрукаваў чатыры вялізныя раманы. Ён быў як ураган. Ён узнімаў горы і ўбіраў у сябе вятры. Пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага года ён памёр у Балтыморы, у бальніцы Джона Гопкінса, ад калісьці страшнай хваробы — пнеўманіі, і пасля яго застаўся чамадан, напакаваны рукапісамі, — і ўсе напісаны алоўкам.
Усе, хто сабраўся ў кабінеце, паглядзелі на кнігу.
«Азірніся на дом, анёл».
Стары Філд вылажыў на стол яшчэ тры кнігі. «Пра час і пра раку», «Павуціна і скала», «Табе ўжо не вярнуцца дадому».
— Іх напісаў Томас Вулф, — сказаў ён. — Тры стагоддзі ён спачывае ў зямлі Паўночнай Караліны.
— Дык няўжо вы паклікалі нас толькі для таго, каб паказаць кнігі нейкага нябожчыка? — здзівіліся сябры.
— Не, не толькі! Я паклікаў вас, бо зразумеў: Том Вулф — вось хто нам трэба! Вось чалавек, які быў створаны для таго, каб пісаць пра вялікае, пра Час і Прастору, пра галактыкі і касмічную вайну, пра метэоры і планеты. Ён любіў і апісваў усё нешта такое, велічнае і грознае. Проста ён нарадзіўся занадта рана. Яму патрэбны быў матэрыял сапраўды грандыёзны, а на Зямлі ён нічога такога не знайшоў. Яму трэба было нарадзіцца не сто тысяч дзён назад, а сёння.
— А вы, баюся, крыху спазніліся, — падкалоў прафесар Боўлтан.
— Ну не! — абсек яго стары. — Хто-хто, а я не дам сучаснасці абакрасці мяне. Вы, прафесар, ставіце доследы з падарожжамі ў часе. Спадзяюся, вы ўжо ў гэтым месяцы даведзяце да ладу сваю машыну. Вось вам чэк, суму паставіце самі. Калі спатрэбяцца яшчэ грошы, скажыце толькі слова. Вы ж падарожнічалі ўжо ў мінулае, праўда?
— Падарожнічаў, на некалькі гадоў назад, але не на стагоддзі…
— А мы даб'ёмся стагоддзяў! І вы ўсе, — ён абвёў прысутных няўрымслівым, гарачым позіркам, — будзеце дапамагаць Боўлтану. Мне патрэбен Томас Вулф.
Усе ахнулі.
— Менавіта так, — пацвердзіў стары. — Вось што я задумаў. Вы даставіце мне Вулфа. Сумесна мы выканаем вялікую задачу, палёт з Зямлі на Марс будзе апісаны так, як здольны гэта зрабіць адзін толькі Томас Вулф!
І ўсе разышліся, а Філд застаўся са сваімі кнігамі, ён гартаў старыя старонкі і, ківаючы, мармытаў сам сабе:
— Так, так, вядома! Том — вось хто нам трэба. Том — якраз той самы хлопец для гэтай справы.
Марудна цягнуўся месяц. Дні ўпарта не хацелі развітвацца з календаром, бясконца доўжыліся тыдні, і Генры Ўільям Філд гатовы быў завыць ад роспачы.
Пад канец месяца ён аднойчы прачнуўся апоўначы. Званіў-надрываўся тэлефон. Філд у цемры працягнуў руку.
— Слухаю.