Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0003-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:
Рэдактар: І. І. Канановіч
У нейкі час я адчуваю: Аглая няўважлівая: яна нібы слухае, але ці адказвае мне не зусім дарэчы, ці ўвогуле маўчыць. Я падымаю вочы ад кнігі, гляджу на Аглаю — на гладка зачасаныя i сабраныя за патыліцай у «куклу» i прышпіленыя паўкруглым грэбенем чарнявыя валасы, на адкрыты высокі лоб, на гладкую, яшчэ з крэмавым загарам шыю, на паўнаватыя свежыя шчокі, на стройныя плечы i заўважаю тое, чаго раней не бачыў: на яе лобе, у куточках вачэй разгладзіліся, зніклі маршчыны, з вачэй сплыў смутак, на паўнаватых вуснах блукае штосьці па-жаночаму няўлоўнае, але добрае, а пад цеснаватай сукенкаю хораша кругляцца грудзі. Адным словам, бачу новую Аглаю — маладую i здаровую, акрыялую пасля вялікай бяды i прагную да жыцця, а можа, i да кахання... Цяпер вось яна не спахопліваецца, не рдзее, як яшчэ нядаўна, не адводзіць вочы, глыбей пазірае, нібы спрабуючы зазірнуць мне ў душу, — я не вытрымліваю, зноў апускаю галаву, адчуваючы, што нешта зрушваецца калі не ў свеце, дык між намі. Нейкі імпульс, што пранізвае душу, пачынае хваляваць, а то нават i трывожыць.
— Іванавіч, — падае ціхі голас Аглая, — адкуль вы столькі ўсяго ведаеце?
— Я ж не толькі скончыў універсітэт, але нашмат старэйшы за вас, — адказаў ёй таксама ціха. — Але вы здольная вучаніца, хутка будзеце ведаць усяго не менш за мяне.
— Іванавіч, раскажыце пра сябе.
Я нейкі час маўчу, не магу падняць вочы, а пасля пытаю:
— Што вы хочаце ведаць? За што мяне судзілі, а цяпер выслалі сюды?
— Не толькі пра гэта.
— А яшчэ пра што?
— Пра вашыя юныя гады, пра жонку, па якой вы столькі верна насілі жалобу.
— Я магу расказаць пра сябе маладога, але прадбачу: расчарую вас.
— Чаму?
— Цяпер вы ўяўляеце мяне з нейкім арэолам таямнічасці i нават пакутнасці. Мой расказ разбурыць яго, гэты арэол. Вы ўбачыце мяне звычайным i простым чалавекам, праўда, з нялёгкім лёсам.
— Дык раскажыце мне пра сябе.
Я не адчуў у яе голасе нездаровай альбо наўмыснай цікаўнасці, адчуў шчырасць, дык, як i некалі Клаве, я паволі распавёў Аглаі пра сваю вёску, бацькоў, пра сваё маленства, пра вучобу ва універсітэце, пра Істу (праўда, цяпер ужо амаль без абурэння гаварыў пра цешчу за тое, што спачатку не хацела мець мяне за зяця, а пасля не аддала мне майго сына), пра свой першы арышт i лагеры, пра вяртанне на волю адразу пасля вайны i пра ўспышку кахання да Клавы, якая, будучы, як кажуць, простай жанчынай, адчула маю душу i аддала мне сваю.
— Божа!— пачуўшы маю адысею, захітала галавой Аглая. — I вы лічыце сябе звычайным i простым! I вы падымаеце пакуты Дастаеўскага i яго герояў! Вы ж — большы гаротнік: вінаваты без віны!
— Я не адзін такі, Аглая. Нас, такіх, шмат.
— Цяпер, калі вы шчыра расказалі пра сябе, я разумею: сапраўды, у нас такіх, як вы, шмат, — скрушліва прамовіла яна. — Дагэтуль многіх з вас я, дурніца, шчыра лічыла «ворагамі народа». Як i гаварылі ды пісалі ў газетах.
— Аглая, мілая, — я падняў галаву i зірнуў у яе павільгатнелыя ад спагады i перажытага болю вочы. — Вы папрасілі — я даверліва расказаў пра сябе. Але не для таго, каб тут, тым болей па-за гэтым домам гаварыць пра гэта i рабіць высновы.
— Вы не верыце мне? — запытала яна з болем.
— Баюся. За сябе i за вас. Думаць, разважаць пра ўсё гэта вельмі небяспечна.
— Дык што — трэба замест галавы мець гарбуз?
— Я ж не маню: за неасцярожнае слова я адседзеў, змарнаваў больш дзесяці сваіх лепшых гадоў. А вось цяпер мяне кінулі сюды з-за перасцярогі. Мабыць, каб адфільтраваць нас ад франтавікоў i партызан. Яны не скажуць усёй праўды, але нашай не павінна быць ні кроплі... Мы, мусіць, ужо спісаныя...
— Што вы кажаце, Іванавіч? — не згадзілася Аглая. — Як можна спісваць такія светлыя розумы, як у вас?
— Я — звычайны, Аглая. Але для некага небяспечны...
— Няпраўда. Звычайная — я. Вы — асоба, — яна абхапіла рукой маё запясце i сціснула яго. — Вы не хочаце заўважаць: у вас закаханыя калегі-жанчыны... I ведаеце, хто першы захапіўся вамі?
— Скажу шчыра: я не думаў пра гэта, — адказаў я i адчуў, што не так i не тое гавару: Аглая заводзіць гэтую гутарку не зусім выпадкова.
— Вы заглыбіліся ў сваё гора i не хочаце заўважаць, што жыццё не спыняецца, a ідзе... Ды хіба мне вам пра гэта казаць? Вы самі добра гаварылі пра гэта на прыкладзе Андрэя Валконскага з «Вайны i міру», калі той бачыў адзін i той жа спачатку сухі, непрывабны, а пазней зялёны ды велічны дуб... Дык вось вы, Іванавіч, адразу ж спадабаліся нашай Наталлі. Але яна пашкадавала вас: «На жаль, я не магу быць добрай жонкай, рана-позна захаплюся іншым. Дык не хачу прыбліжаць, а пасля кідаць, глыбока раніць такога высакароднага чалавека». Чуеце?