Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0003-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:
Рэдактар: І. І. Канановіч
— Мы да цябе, Іванавіч, — чую знаёмы голас. — Пусціш на агеньчык?
— Заходзьце, — запрашаю, зачыняю за імі дзверы, адчуваючы ажыўленне ад першага на маю кватэру такога шматлікага прыходу жанчын-настаўніц.
Тыя заходзяць, вітаюцца з гаспадыняй — яна, у валенках, у доўгай цёмнай спадніцы, у кофце i ў цёплай хустцы, худая i дробная, трошкі падобная на казачную Бабу Ягу, вызірае з-пад занавескі, адказвае на прывітанне i назірае, як жанчыны скідаюць цёплыя, загорнутыя вакол шыі хусткі, верхнюю вопратку i паўстаюць у валенках, сукенках зграбнымі маладзіцамі: бялявая, лялечна прыгожая паўнагрудая Наталля-хімічка (гэта яна запытала пра дазвол зайсці), высакаватая i танклявая, з хлапчукоўскай прычоскаю Вера-матэматычка i мая калега-мовавед Аглая — сярэдняга росту, круглатварая i поўненькая жанчынка са смуткам у чарнявых вачах. Ім ад дваццаці да дваццаці пяці гадоў, яны нашмат маладзейшыя за мяне.
З ix найбольш смела, a часамі i гулліва-задзірыста паводзіцца са мной Наталля — яна жыла ў горадзе, была замужам, развялася, a калі завяла раман з жанатым інструктарам райкома партыі i пра гэта ўведалі ад жонкі нявернага мужа, яе саслалі сюды. Была замужам i Аглая (ёй, як i Наталлі, пад дваццаць пяць гадоў), але яе муж загінуў сам i загубіў дзіця, яна, гэтая Аглая, бывае i вясёлая, i сумная, увогуле спагадная жанчына. Самая маладая, сарамлівая i непрыгожая Вера — яна, як кажуць, яшчэ нават не цалавалася з хлопцам.
Уваліўшыся, настаўніцы прынеслі ў хатку водар ветру i снегу, марозу, абаяльнасць жаночай маладосці, позіркаў i ўсмешак — той дух, якога тут яшчэ не было за маёй памяццю, які не можа не ўзрушваць i не хваляваць.
— Не супраць, гаспадынька, што ўкуліліся да вас? — пытае ў Аграфены бойкая Наталля.
— Чаго ж мне, сударынька, быць супраць? — усміхаецца амаль бяззубая кабеціна, але яе зморшчаны, непрывабны стары твар дабрэе, — Заходзьце, сядайце. Нам з Іванавічам весялей будзе. А то ён вочы слепіць над кніжкаю, а я дзяўбу носам альбо свае сумныя думы думаю.
— Бабуль, а вы хітрая! — жартоўна ківае белым прыгожым пальцам Наталля.
— Якая ж мая хітрасць, сударынька?
— I самі не выходзіце на сяло, i Іванавіча не пускаеце...
— Дык, па-вашаму, каля сябе трымаю?
— Каля сябе.
— Такога чалавека, сударынька, не грэх i не аддаць абы-каму.
— Бабуль, прызнавайцеся: прыварожваеце да сябе? — пакеплівае Наталля, i я заўважаю, што нашы госці пагулялі крыху ўжо недзе, бо паволі пачынаюць молада налівацца чырванцом, сарамліва ўсміхацца. — Усе ж ведаюць: Іванавіч закаханы толькі ў вас!
Аграфена ўсё разумее, смяецца разам з усімі i нават жартуе:
— Хоць вы ўсе маладыя i прыгожыя, але, бачыце, зачаравала.
— Мусім, бабуль, патрывожыць вас, разбіць вам сэрца, — не адступае Наталля. — Не аддадзім, забяром ад вас кавалера. Хоць адной з нас, але дастанецца нам.
— Бярыце-бярыце, сударыні мае, — цешыцца Аграфена. — Хопіць яму бабылём быць, казкі мае старэчыя слухаць ды памяццю жыць. Малады яшчэ, можа ашчаслівіць каго i сам шчаслівым быць.
— Залатыя словы, бабуль, — кажа Наталля, пасля з павешанага мной у парозе свайго кажушка дастае i падае мне зялёную армейскую фляжку, у якой штосьці булькае, бляшанку тушонкі i паўбохана хлеба (канечне ж, падарунак вайсковага старшыні, з якім у яе «шуры-муры»). — Падавайце, Іванавіч, посуд. Думаю, будзе не лішне выпіць па кроплі за наша бліжэйшае знаёмства. Мы ўсё ж маладыя людзі. I ўсе несямейныя, — хораша ўсміхаецца, нават зусім без збянтэжання прытульваецца, абдаючы пахам прыемных духоў, — закаханыя ў вас.
Яна, здаецца, гуллівая ад прыроды, ад неўтаймоўных энергіі i эмоцый (можа кожнаму, нават самаму стойкаму i халоднаму, закружыць галаву i не проста завабіць, але i раз'юшыць), але са мной яе гуллівасць мае свае межы: ведаючы маё сямейнае гора, яна, Наталля, умее падахвоціць, разлучыць з кепскім настроем далікатным жартам i прыязнай усмешкаю, схаванай, але ўласцівай ёй жаночай дабрынёю. «Харошая яна жанчынка, — аднойчы не ўтрываў i сказаў мне сам-насам наш малагаваркі завуч, — ды толькі вось тое ў яе жулік... Калі хочаш зведаць жаночыя чары, жар кахання, дык толькі зірні на яе: яна ўсё адразу ж адчуе, дасць табе ласку i яе ад цябе запатрабуе... Ты, Іванавіч, не чырваней, павер мне, старому воўку: здаровы мужчына не павінен доўга быць без жанчыны...»
Я, адказваючы Наталлі прыязнай усмешкаю, адчыніў бляшанку, падаў шклянкі i кубак вады, а Вера i Аглая пачалі наразаць хлеб i намазваць яго тушонкай. Першая луста — Аграфене, яна бярэ яе ад Аглаі i шчыра дзякуе.