Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Судзіць гадаў! — адказалі галасы.
— Які там суд? Асіна па іх даўно плача,— закрычаў Цярэшка.
— Каго выбераце ў суддзі? — запытаў Наймай.
— Лявона!
— Параску!
— Якава Гошку! — закрычалі ў натоўпе.
— Давяраеце ім?
— Давяраем! — адказаў натоўп.
Суддзі паселі на лаўку. Усе сціхлі. Чакалі, што скажуць падсудныя. Лявон Адзінец у кожнага пытаў прозвішча і імя, адкуль родам і колькі гадоў. У адказ чуліся знаёмыя прозвішчы: Перагуд, Гатальскі, Гавароўскі, Вінярскі і назвы засценкаў — Мёдухаў, Беркаў, Харомнае, Сераброн. Наперад выйшаў Андрэй Ермаліцкі. Глянуў з-пад навіслых броваў белымі, як у варанай плоткі, вачамі.
— Людцы добрыя, хіба ж вы мяне не ведаеце? Я ж і мухі, колькі жыву, не пакрыўдзіў. Памагаў чым мог. А камісары з торбаю ў белы свет захацелі пусціць, зямлю апісалі, тры каровы ў сваю камунію залыгалі. Дык от самастаяцельныя хадзяевы і выправіліся ў воласць, каб якога парадку дабіцца, а па нас страляць ушчалі. Ішлі ціха, мірна, а раз смаляць з дубальтовак, адбівацца трэба. Ну і таго... гэтага, от так тая неразбярыха і налучылася. Ніякія мы не бандзіты, бронь божа. Пагаварыць з Максімам Архіпавічам ішлі.
Не вытрывала Параска.
— Ціха, мірна,— перадражніла яна.— А вінтоўкі нашто бралі ды цэлыя скрынкі патронаў? Можа аддаць рэўкому неслі?
— Твая праўда, Параска. Паздаваць надумаліся гэтыя ламачыны
— Тут маліцца пара, а ён, як той паганы цюцька, яшчэ адбрэхваецца,— стоячы наперадзе, абураўся Цярэшка.
Лявон Адзінец ляпнуў далонню па стале.
— Кажы суду праўду, як капаткевіцкіх і лучыцкіх камуністаў забівалі. Што ж, вы і з імі пагаварыць ішлі?
— Які ты суд, самазванец? Калі хочаце судзіць, вязіце ў Бабруйск, у фармальны суд, хай ён разбярэцца. А вас не прызнаём. Тожа мне аблакаты!
Апошнія словы старога Ермаліцкага заглушыў гул натоўпу.
— Вас уся воласць судзіць. І твая дачка судзіць. Ці не ты яе зрабіў удавою, гад?— ускочыў Адзінец.— Хто яшчэ з бандытаў хоча гаварыць?
Ступіў крок наперад малады, з канапатым тварам Гатальскі і загаварыў ціха, нібы на споведзі:
— Што вінаватыя, то вінаватыя. Каемся. Але не ва ўсіх адна віна. Плышэўскі, каб яму зямля колам, ды от сынок яго, Казічак, збілі нас з панталыку і ўсім верхаводзілі. А мы што? Больш хаваліся, чым стралялі. Так што злітавацца прашу нада мною і маімі дзеткамі.— І ўпаў на калені.
— Перад кім, дурань, кленчыш? Устань! — гаркнуў падобны на варону высокі шляхцюк.— А судзіць вязіце ў Бабруйск, каб суд па ўсёй хворме быў.
Да стала падышоў старшыня павятовага ЧК.
— Хітраваць вам ужо няма калі, панове. А судзіць вас справядлівы суддзя. Вось ён.— Найман абвёў рукою натоўп.
Аднекуль з сярэдзіны праціснуўся невысокі, даўно не голены чалавек і стаў пасярод круга. Ён абвёў позіркам бандытаў і спыніўся на старым Ермаліцкім.
— Мяне то вы, мабыць, помніце. Онь і галоўкі маёй работы яшчэ не знасіліся. І помніце, як ваш сынок ноччу са сваімі бандзюкамі хваліўся, што яны ў Ляскавічах забілі Анікея Ходку, як палілі яго хату, як яшчэ тады збіраліся ісці на Рудабелку.
— Юда, хрыстапрадавец! Нажэрся майго хлеба, каб цябе чэрві жэрлі,— прастагнаў Андрэй.
— Хутар Ермаліцкага, таварышы суддзі, быў прыстанкам усяе бандыцкае шайкі. Я там быў і ўсё бачыў сваімі вачыма.
— Пакляніся, ірад, на евангеллі! — крыкнуў Ермаліцкі.
— Клянуся імем рэвалюцыі,— адказаў Іван Мазалеўскі і пайшоў у натоўп.
Суддзі выслухалі кожнага. Бандыты «каяліся» і прасілі літасці, калаціліся і румзалі. Праз паўгадзіны Лявон Адзінец чытаў напісаны на аркушы з вучнёўскага сшытка прысуд:
«Імем Беларускай рэспублікі, кіруючыся рэвалюцыйным сумленнем, народны суд Рудабельскай воласці ўдзельнікаў кулацкай банды, якая спрабавала звергнуць савецкую ўладу,— пасля ішоў пералік усіх прозвішчаў — прысудзіў...»
Памаўчаўшы, ён голасна, па складах сказаў толькі адно слова.
Бандытаў акружылі чырвонаармейцы і глуская міліцыя. Натоўп расступіўся, даючы дарогу.
А чыстае веснавое неба праціналі востракрылыя ластаўкі, на высознай таполі клекатаў бусел і ў жаўтавата-зялёных воблаках патаналі вербы.
Бандытаў вялі ў глінішча.
2...
Пад вечар, калі трохі адвалілася гарачыня, на вялікі брукаваны двор казармы другога бабруйскага батальёна ўвайшоў невысокі дзядок з берасцянай вярэнькаю за плячыма.