Спеў аб Гаяваце
- Автор: Лангфэла Гэнры
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Переводчик: Аркадий Александрович Кулешов
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Спеў аб Гаяваце». Краткое содержание книги:
Сусветную вядомасць Гэнры Лангфэла прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў. Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай.
Перейти на страницу:
Зірк — а ўжо стаіць Мандамін
На парозе з прывітаннем:
Галава — прыбрана пер'ем,
Косы — мяккія, даўгія,
Залацістыя, ва ўборы
Дарагім — зялёна-жоўтым.
Бледны з твару Гаявата,
Хоць і зможаны, а выйшаў
На апошняе змаганне.
I зліліся дол і неба,
Замільгалі прад вачамі!
Як шчупак, што ў сеці трапіў,
Хоча вырвацца на волю,
Гэтак сэрца Гаяваты
Трапяталася шалёна.
Сотні сонцаў у адзіным
З ім кружылі карагодзе,
Назіраючы за бітвай.
На зялёнай лугавіне
Раптам ён адзін застаўся,
Цяжка дыхаў, і дрыжала
Ад напружання ўсё цела;
Перад ім на лугавіне,
У адзежы пашматанай,
На зямлі ляжаў Мандамін
Мёртвы ў полымі заходнім.
Пераможца Гаявата
Так зрабіў, як ён наказваў:
Зняў з Мандаміна адзенне,
Пахаваў яго як трэба:
Разраўняў над ім магільны
Грунт, зрабіў яго мякчэйшым,
I сярод дрыгвы балотнай
Чапля шызая, Шух-шух-га,
Гучна крыкнула з тугою,
Горкім жалем і жалобай.
I вярнуўся ў дом Накоміс
У той вечар Гаявата,
I ў той вечар завяршыўся
Сёмы дзень выпрабавання.
Не забыў ён той мясціны,
Дзе змагаўся, не пакінуў
Без прыгляду Гаявата
Той грудок, дзе сном глыбокім
Спаў, зямлёю закапаны,
Пад дажджом і яркім сонцам,
Пераможаны Мандамін.
Кожны дзень стаяў ні варце
Пахавання Гаявата,
Даглядаў, каб наваколле
Палыном не зарастала,
Каб на мяккі груд магільны
Груганы не заляталі.
Час мінуў, сцяблінка глебу
Прадзяўбла зялёнай дзюбкай,
А за ёй услед — другая.
I не скончылася лета,
Як маіс узняўся, косы
Распусціўшы залатыя,
Пышны, стройны і высокі.
Не стрымаўся Гаявата,
Гучна выгукнуў: «Мандамін!
Гэта друг людзей, Мандамін!»
Тут жа ён пазваў Накоміс,
Клікнуў Ягу, расказаўшы
Аб здарэнні чараўнічым,
Барацьбе і перамозе,
Паказаў маіс зялёны —
Людзям новы дар, што стане
Іхняй ежай назаўсёды.
А калі парой асенняй
Пажаўцеў маіс зялёны,
Сакавітыя зярняты
Сталі цвёрдыя, як вампум,
Ён сабраў яго кіёўкі,
Скінуў з іх сухое лісце,
Як з Мандаміна адзежу
Скідваў некалі і людны
«Баль Мандаміна» наладзіў,
Новы дар паказваў людзям.
Перейти на страницу: