Спеў аб Гаяваце
- Автор: Лангфэла Гэнры
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Переводчик: Аркадий Александрович Кулешов
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Спеў аб Гаяваце». Краткое содержание книги:
Сусветную вядомасць Гэнры Лангфэла прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў. Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай.
Перейти на страницу:
I са сцежкі ўбок саскочыў
Трус бялявы і, на лапкі
Стаўшы заднія, прамовіў
Паляўнічаму малому
Жартаўліва і нясмела:
«Не страляй, о Гаявата!»
Іх не слухаў Гаявата,—
Нібы сонны, крочыў лесам,
Думаў толькі пра аленя,
У сляды яго ўглядаўся,
Што па сцежцы ўніз да рэчкі
Прывялі яго тым часам.
За алешынай густою
Дачакаўся ён аленя:
Меў ён рогі, як галіны,
Меў два вокі, як маланкі,
Дзве наздры, як подых буры;
Да ракі алень спускаўся,
Ад лістоў — у ценях-плямах,
I ад сонца — ў плямах светлых
Звера ўбачыўшы на сцежцы,
Наш стралок закалаціўся
Сам, як лёгкі ліст бярозы.
I, прыпаўшы на калена,
Ён нацэліўся ў аленя,
Ледзь крануў рукой галінку,
Як алень насцеражыўся,
Гучна тупнуў капытамі,
Скочыў, нібы ад удару,
Скочыў, быццам нечакана
На стралу нагой наткнуўся.
Як аса, страла звінела,
Як аса, ў яго ўпілася!
Мёртвы ўпаў ён каля броду;
Сэрца біцца перастала
У рагатага аленя;
А затое ў Гаяваты
Ледзь не выскачыла сэрца,
Як дамоў ён нёс здабычу;
Нёс, а Ягу і Накоміс
Гучна пляскалі ў далоні.
I пашыла плашч Накоміс
Паляўнічаму са скуры,
Для гасцей-суседзяў з мяса
Смачных страў нагатавала,
Частаваліся суседзі,
Гаявату называлі
Сон-джы-тэгэ! — хлопец дужы,
Ман-го-тэйзі! — малайчына.
Перейти на страницу: