Захоп Беларусі марсіянамі
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Захоп Беларусі марсіянамі». Краткое содержание книги:
– Толькі сёньня наўрад ці можна гэта заўважыць… – Уладзік іранічна хмыкнуў і дадаў: – Ды і з Тарычам ёсьць пытаньні. Мне да валі рэдакцыйнае заданьне адшукаць у Полацку якія-кольвечы сьляды земляка-кінарэжысэра. Ніякіх сьлядоў я не знайшоў. Ні сваякоў, ні аднаклясьнікаў, ні нават людзей, якія яго ведалі ці хаця б бачылі. А што тычыцца полацкага асьветніцтва і культуры, дык і гэта цяжка сёньня заўважыць.
– Згодны з табой. Заняпаў горад. Стаўся правінцыйным і шэрым. Але я ведаю чаму. Ён згубіў сваё нацыянальнае аблічча, свае спаконвечныя традыцыі, згубіў свой культурны код. Горад абмаскаліўся. Раней пра гэта чуў ад сваіх старэйшых калег. А зараз сам пераканаў ся. Полацак можа выратаваць толькі беларуская пралетарская культура. Тут павінен зьявіцца свой нацыянальны тэатар, павінен выходзіць свой літаратурны часопіс ці хаця б штогадовік, тут трэба друкаваць кнігі. Павінна віраваць нацыянальнае культурнае жыцьцё. І мы ўсё гэтае мусім тут стварыць.
– Хто – мы?! – Уладзік нават сеў на ложак. Магчыма, яму падалося, што менавіта яны – Алесь і Уладзік – павінны ўсё гэта стварыць. Таму хлопец так падхапіўся.
– Мы, «маладнякоўцы». Дзеля гэтага я і ствараю ў Полацку філію «Мадняка», – Дудар прамовіў гэта амаль урачыста. – Спадзяюся і на тваю дапамогу, Уладзік. Працы, як бачыш, вельмі шмат. Усім хопіць. А зараз давай спаць. Ужо амаль другая гадзіна ночы.
Назаўтра раніцай, пакуль не прынесьлі сьвежую газэтную карэспандэнцыю, Дудар напісаў новы верш.
Не люблю, калі з роднай краіны
птушкі рвуцца ў далёкі вырай...
Я успомніў Францішка Скарыну,
што у Полацку княжацкім вырас.
Ўжо няма такіх настрояў,
як былі калісь даўно, —
бо сягоньня над новай
Дзьвіною перакінуўся новы мост.
Што Дзьвіна!.. Для яе ўсё роўна,
хто пяе над яе берагамі.
Не яна мужычую мову
аправіла ў гнуткі пэргамэнт.
О, Францішак... Францішак Скарына,
што над гранкай друкарскаю гнуўся!..
Ведай, праца твая пакарыла
новы сьвет для сівой Беларусі!
Бо сягоньня сьпяваюць баяны,
бо ужо разгарнуліся крыльлі...
Перамогі вясельлем п'яныя,
мы успомнім Францішка Скарыну,
што радзіўся калісь над Дзвіною,
вандраваў над яе берагамі;
што аправіў мужычую мову
ў неўміраючы гнуткі пэргамэнт.
* * *
Мясцовы тэлеканал прапанаваў Крокву зьняць фільм пра страчаныя бажніцы Полацка. Дакладней, напісаць сцэнар і тэкст для агучкі. Гэтая ідэя Крокву спадабалася. Сапраўды, ад полацкіх храмаў застолося вельмі няшмат. Дзякуй Богу, Сафія, Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр і Богаяўленскі сабор захаваліся да нашых дзён. Але найбольш не пашанцавала каталіцкім бажніцам. Ужо ў сярэдзіне 70-х гадоў, пасьля таго як быў узарваны былы касьцёл Сьвятога Стэфана — архітэктурная дамінанта горада, — каталіцкіх храмаў у Полацку ня стала зусім. Хоць у ХІХ стагодзьдзі тут свае касьцёлы мелі некалькі манаскіх ордэнаў — езуіцкі, бэрнардынскі, францішканскі і дамініканскі. Багата было зруйнавана і іншых хрысьціянскіх бажніц — праваслаўных, стараверскіх. Пра ўсё гэта немагчыма распавесьці ў паўгадзінным фільме. Таму Кроква абраў толькі асноўныя, самыя вядомыя страчаныя храмы, і менавіта пра іх згадаў у сцэнары.
Праўда, прыканцы ХХ стагодзьдзя ў Полацку зноў адрадзілася мясцовае каталіцкае жыцьцё, і ў Задзьвіньні паўстаў касьцёл Сьвятога Андрэя Баболі. Гісторыя яго зьяўленьня вартая, каб яе згадаць. Пасьля аднаўленьня полацкай каталіцкай парафіі вернікам-каталікам мясцовая ўлада прапанавала зьбірацца на набажэньні ў задзьвінскім кінатэатры «Юбілейны». Гэта быў звычаны савецкі кінатэатар, пабудаваны напачатку 60-х гадоў па стандартным праекце. Празь нейкі час кінатэатар стаў абсалютна нерэнтабэльным і амаль спыніў сваё існаваньне як культурная ўстанова, пасьля чаго яго перадалі ва ўласнасьць каталікам. Так бы мовіць, часткова кампэнсавалі страты ўсіх іншых полацкіх касьцёлаў. Беларусь ведае шмат прыкладаў, калі храмы перараблялі ў спартовыя залі, кінатэатры, адміністрацыйныя будынкі ці нават у сьвінушнікі. У Полацку адбылося зваротнае пераўтварэньне — савецкі кінатэатар быў перабудаваны ў касьцёл. Дапамогу палачанам у будаўніцтве храма аказалі немцы з гораду-пабраціма Фрыдрыхсхафэна. Усё гэта адбывалася на вачах у Кроквы. І ён яшчэ добра памятаў той кінатэатар «Юбілейны».