Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
— Ліру нашто?
— Кніг пазбавілі — хочуць і ліры пазбавіць. Ведаюць: пакуль слухаюць людзі хаця аднаго лірніка, не памерла воля.
Ішлі ў чалавечым моры. Вакол стаялі смех, божканне, нязлосныя праклёны.
— Ведаеш, — сказаў Алесь, — я вельмі быў здзіўлены. Стаіць сабе чалавек — і раптам гаворыць аб самым тваім, аб тым, пра што сам думаў.
— Але ж і яны, — рука хлопцава зрабіла круг у паветры, — таксама такія ж, як ты, толькі не знайшлі, як сябе называць.
І паўтарыў, відаць, чужыя словы:
— Безгалосае мора.
— Як гэта яны такія? — спытаў Алесь. — Мы, вядома, усе ад Адама. Адзін народ. Але ж мы дваране.
— Ну і што? Было ж у нас калісь так, што мужык, калі ён ахвотай ішоў на вайну, рабіўся дваранінам. Так, відаць, і ўсе. Твае продкі раней — і таму яны арыстакраты. Мае — пазней, і таму я проста з небагатых дваран. А ёсць яшчэ шляхта, што сама зямлю арэ. Тыя зусім учарашнія мужыкі.
— Дваране нашы цару таксама небяспечныя.
— Ёсць і такія.
— Нездарма ж пасля апошняга паўстання многія тысячы з іх, самых небяспечных, у аднадворцы перавялі. Зганьбілі людзей. Галадаць прымусілі.
— Мы таксама з такіх, — з нейкім выклікам сказаў Кастусь.
— То і вы аднадворцы?
— Але. Сенат не зацвердзіў.
— Дзед казаў, гэта яны назнарок, — сказаў Алесь. — Ну, ва ўладара граматы за стагоддзі згарэць ці струхлець маглі. Дык пашукайце ж у каралеўскіх архівах, у спісах, у кнігах старых… Не. Хочуць як мага больш людзей прынізіць.
Кастусь кусаў доўгую саломінку, што выскубнуў з воза.
— Бацька мой аніяк прымірыцца не хоча. Ездзіць стараецца, столькі грошай марнуе. Сказалі: будзе маёнтак — будзем шукаць. То ён прыцэньваецца да якога-кольвек фальварка. Купіць, відаць, сёлета ці трохі потым. А мне дык усё адно. Я ведаю, скуль ідзём. І продкаў ведаю. Я не ніжэйшы за хама, што мною кіруе. А прозва — гаршком назаві, ды ў печку не стаўляй. Калі захачу — і арапам назавуся. Апошні наш мужык больш сумленны за першага з жандараў.
Хлопец гаварыў гэта паважна, але відочна завучана.
— Скуль гэта ты такога набраўся?
— Брат казаў, — з нейкім адразу прасвятлелым тварам сказаў Кастусь. — А ты адкуль?
— А ў мяне дзед.
— Ясна, — сказаў Кастусь. — Вось і ведаем ужо самы першы запавет. Брата і дзеда не чапаць. І панствам не ганарыцца.
— І тут твая праўда, — сказаў Алесь. — А то зусім выйдзе па прыказцы: «Шумі-гудзі, дуброва, едзе князь па дрова».
Кастусь хораша смяяўся. Белыя зубы вельмі ўпрыгожвалі аблічча. І ўсмешка была шчырая, чыстая. І яшчэ Алесю падабалася, што вочы ў Кастуся былі не зусім сіметрычныя: адно трохі-трохі вышэй за другое. Гэта надавала ягонаму абліччу нейкую незвычайную, уладную і моцную характарнасць.
Гамонячы, яны ішлі бясконцым кірмашом, а вакол іх заліваліся гліняныя свісцёлкі, шалёна круціліся напалову пустыя каруселі, заклікаў у свой балаган дзед з кужэльнаю барадою:
— Заходзьце, браты-сястрычкі родныя, заходзьце, мужы-жонкі зводныя! Дзівосы на калёсах: хлапчук з сажнёвым носам! Марская царэўна! Янка — волат, жарэ адно толькі сырое мяса — па сем фунтаў на дзень. Узгадавала яго мядзведзіха! Ёсць яшчэ дзівосныя звяры… марская свінка і кракадзіл. Той самы, што праглынуў прарока Іёну. Па-біблейску кіт, па-нашаму кракадзіл… Страшны звер… Да нас!.. Да нас!
Граў на гарлачах ганчар, і ў адказ яму ляцеў спявучы перазвон крышталю, па якім вадзіў шкляной палачкай гандляр-венгр. Кубракі-мсціслаўцы совалі пад нос людзям кнігі і малюнкі.
— Багаты які кірмаш, — сказаў Алесь.
— Багаты, — адказаў Кастусь. — Толькі ўтратны. Бацька казаў, што летась ледзь прадалі пятую частку ўсяго завезенага. А сёлета яшчэ горш будзе. Бяднеем.
— Чаму так?
— Няма ні грошай, ні хлеба. Зямля збяднела. Лясы высеклі. У рэках вывелася рыба, у пушчах — звер. Раней-то, кажуць, усяго было: і звера, і птушкі, і дзікага мёду. Ідзі сабе, чалавек, у лес, расчышчай ляды. Сам ты сабе гаспадар. А цяпер адзін паратунак — горад. Ды і там… Ну каму тут патрэбны свечкі? Мыла? Вось гэты чай? Або цукар? Чаю мужык не п'е, мыецца ён венікам, вечарам сядзіць пры лучыне.
…Алесь прабыў у Свіслачы яшчэ тры дні. І ўсе гэтыя дні хлопцы не гублялі адзін аднаго з вачэй. Хадзілі па кірмашы, забіраліся ў сутарэнні разбуранага касцёла. Кастусь звадзіў нават свайго новага знаёмага на пасядушкі з песнямі і на гулянку, прысвечаную сярэдзіне кірмашу, пасля якой кірмаш ідзе на спад. А Алесь звадзіў яго ў балаганы, бо з грашыма ў новага знаёмага, відаць, было не густа. Хлопец не манежыўся, але, як то належыць сапраўднаму хлопцу, прымаў кожны знак павагі да сябе з пачуццём нязломнай уласнай годнасці.