Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 154
Перейти на страницу:

І Мусатаў астаўся. Злез з каня і прысеў на купіну, ведаючы, што чакаць яму ніяк не менш за гадзіну.

Война бачыў гэта. Ён ляжаў на тым самым месцы, дзе знайшоў яго Алесь, сажняў за трыццаць ад Мусатава. А паколькі для Войны гэта быў адзіны шлях да ўратавання, ён дзейнічаў больш асцярожна і чуйна, чым яго вораг.

Ён папоўз. Папоўз не спяшаючыся, ведаючы, што кожны паспешлівы рух — гэта яго, Войнава, смерць.

Яму пашанцавала. Жандар азірнуўся толькі два разы. Ён ведаў, звер ніколі не бяжыць з лежкі, пакуль не пачуе галасу загоншчыкаў.

Война не хацеў забіваць. Шум да дабра не вядзе. Акрамя таго, яму патрэбен быў спакой на тых пару тыдняў, пакуль ён адлежыцца і ачуняе. Ён ведаў, калі заб'е — улады нагоняць у наваколле столькі сышчыкаў, што гэта будзе канец.

Ён поўз да каня. І калі да дэраша асталося нейкія тры крокі, ён рэзка ўстаў і з апошніх сіл абхапіў каня за шыю. Конь пырхнуў і падаўся трохі ўбок. Мусатаў пачуў пырханне і павярнуўся.

Заслонены конскім целам, стаяў, зусім непадалёку ад яго, той, за кім яны гналіся. І пісталеты былі ў абедзвюх руках Войны. Першы стрэл жандара немінуча зваліў бы каня, і першы стрэл мог быць смяротны для яго, Мусатава, калі ў адказ грымнуць пісталеты ворага.

Гэты не схібіць. Мусатаў, на жаль, занадта добра ведаў ягоны спрыт.

— Мусатаў, — сказаў Война, — пакажы свае козыры.

Зеленаватыя вочы жандара не бегалі. Яны з поўным усведамленнем смяртэльнай небяспекі глядзелі на Войну. Мусатаў у першае ж імгненне цвяроза ацаніў становішча, зразумеў, што Война страляць не будзе, калі не стрэліць ён, Мусатаў, і значыць — не давядзецца плаціць за гульню жыццём.

Таму што ён адразу зразумеў: пройгрыш.

І ён з цвёрдай усмешкай паклаў руку на рукаяць пісталета.

— Казырны кароль, — сказаў ён.

— У мяне туз і дама, — сказаў Война. — Кідай карты.

— Я ведаю, — сказаў Мусатаў. — У цябе дзве бiткi, у мяне — адна.

— На шчасце, — сказаў Война.

— На жаль, — сказаў Мусатаў.

— Кідай, — сказаў Война.

— Зараз, — сказаў Мусатаў.

— Вывінці крамень.

— Чаму не, калі ласкавы пан просіць?

Рукі Мусатава вывінцілі крамень і адкінулі яго. Война ведаў цяпер: каб паставіць новы — трэба дзве хвіліны, і пакуль ён не рушыць, Мусатаў не пачне. Значыць, сама менш сто восемдзесят сажняў.

Скрыгочучы зубамі, ён паспрабаваў сесці, сарваўся, адчуваючы, як са скроняў сцякае халодны пот, і зноў, амаль аднымі толькі рукамі, ускінуў у сядло сваё збалелае цяжкае цела.

І адразу ўзяў у шалёны намёт, проста па вадзе, што залівала поплаў, туды, да далёкіх грыў, у пырсках і ўзлётах кропель, у пене.

Цяпер яму, Войну, анiяк нельга было прайграць.

Упадзе ад стрэлу, зваліцца на гэтай роўнядзі — возьмуць голымі рукамі. Так далёка! Так яшчэ далёка да грыў, да выратавальных старыкоў за імі, да плаўняў, зарослых высокімі сітнягамі, да берагоў, зарослых непралазнай крушынай і абвітых хмелем, да Дняпра, за якім яры і лясы!

Стрэл грымнуў далёка за спіной. Мусатаў справіўся за нейкія паўтары хвіліны, нават менш. Усё адно: паміж ім і пісталетам добрых сто шэсцьдзесят сажняў. Ён недасягальны.

У душы Война даў сабе слова ніколі больш не жартаваць. Варта было дэрашу спатыкнуцца — і ў Сухадол прывезці б на гнойных драбінах «труп вядомага бандыта».

Але ў душы ён ганарыўся, бо ведаў: з Мусатава будуць рагатаць нават ворагі. Таму што ён, слабы і цяжка паранены, абвёў дваццаць загоншчыкаў і вырваўся з кола на кані іхняга начальніка, таго, хто яшчэ некалькі хвілін назад быў упэўнены ў перамозе.

Дэраш вынес конніка на грэбень грады, і адтуль, з вышыні, Война ўбачыў за сабой заліты луг, парушынкі людзей на другім яго краі, а перад сабою зарасці і далёкую-далёкую стужку Дняпра.

XXV

Гэта быў страшны і цяжкі час.

Уся неабдымная імперыя дранцвела і дубела ад жахлівага палітычнага марозу, які вось ужо дваццаць шэсць год вісеў і кашлата варочаўся над яе абшарамі. Кожны, хто спрабаваў дыхаць на поўныя грудзі, адмарожваў лёгкія.

Казаць — дазвалялася толькі ману, любіць — толькі праваслаўе ды імператара, ненавідзець — толькі вальнадумцаў (якіх ніхто не бачыў, так іх было мала).

Літаратура трымалася на нейкім дзесятку смельчакоў, якіх гналі і распіналі ўсе, пачынаючы ад усерасійскага квартальнага і канчаючы квартальным звычайным. Ды і смельчакі гаварылі часцей за ўсё прыглушаным голасам, бо на кожнага адносна сумленнага было па дваццаць ланцужных псоў, здатных на ўсё.

1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)