Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 102 103 104 105 106 107 108 109 110 ... 154
Перейти на страницу:

— Прыехаў, сынок… Ну, вось і добра ўжо, што прыехаў… Кірмаш пачнецца, наедуць навакольныя з хлопцамі і дзеўкамі… Будзе і ў нас весела.

Насенне загадала перамераць і пассыпаць у свірны, але ад грошай адмовілася:

— Дзякуй богу, галадаць не давядзецца. Абнасенімся вашым збожжам, а астатняе можна пусціць на хлеб. Мне што? Ежа — свая, наліўкі — свае. Вопраткі — поўныя скрыні. І нічога мне не трэба, хіба што калода карт — адна на тры месяцы: у «хобаля» згуляць ды часам пасьянец (яна так і сказала — «пасьянец») раскласці.

Мітусілася, збіраючы на стол разам з дзеўкай:

— Дзякую пану Юрыю. Такое ўжо няшчасце! Проста хоць сядай на зямлю ды спявай «Ой вы, гробы, гробы, сусветныя домы»…

Пасур'ёзнела:

— Хай пан Юры не думае. Насенне на тую восень аддам. Дзеля спакойнага сну. Не хачу, каб мне ўначы д'яблы сніліся ды яшчэ, крый божа, язычнікі-салдаты.

— Злітуйцеся, цётухна, — засмяяўся Алесь, — якія ж салдаты язычнікі?

— Язычнікі, — упэўнена сказала Тацяна Галіцкая. — Хто ж гэта, акрамя язычніка, будзе страляць у людзей, толькі з-за гэтага зброю насіць ды яшчэ і клясціся нячыстай клятвай, што будзе страляць і не будзе пручацца, калі загадаюць… Язычнікі і ёсць!.. Ну, а каб Хрыстос другі раз прыйшоў? То ж бо! Так бы яны і стаялі са сваёй клятвай другі раз каля крыжа, як, не раўнуючы, рымскія галаногія бандзюкі.

Цётка Алесю спадабалася. Паказвала гаспадарку: чатырох коней, два з якіх былі пад выезд, трох галандскіх кароў, пекінскіх качак і курэй-легорнаў.

Паказвала кветнік з «разбітым сэрцам» і «пантофелькамі маці божай», з мацыёлай і залатым царскім бэрлам.

У самым глухім кутку саду — каб, крый божа, не наелася хатняя птушка — ляжалі на траве выкінутыя з наліўкі барвяныя вішні. Гожы махаон сядзеў на іх і дыхаў апалава-сінімі крыламі. Піў.

П'яны-п'яны, такі шчаслівы махаон.

А вечарам сядзелі на тэрасе, пілі каву з масляністымі халоднымі пірожнымі і гаманілі аб сім-тым.

— Дык вы так і жывяце адна, цётухна?

— Зусім адна. Ды мне ніхто і непатрэбен пасля смерці нябожчыка Яўгена.

— Ён хто быў?

— Ён у дванаццатым годзе набраў купку людзей: дзесяць шляхцюкоў ды тры дзесяткі сваіх мужыкоў. Ну і пайшоў. Спалілі яны аднойчы вісячы мост, папалілі французскае сена. Потым лавілі ды білі гэтых… як бо іх?.. марадзёраў? Фуражыраў? Ну, усё адно. А потым уланы прыйшлі іх лавіць, дык яны і ўланаў пабілі.

— І сваякоў другіх не было? Зусім-зусім?

— Цяпер няма. Толькі твая маці. А яшчэ раней, да смерці мужа, быў у яго стрыечны брат, Багдан. Але той яшчэ, дай бог памяці, васемнаццаць… не, дваццаць год назад знік…

— Як знік?

— А так… Звязаўся з мяцежнікамі, калі тут у нас дваране бунтавалі. А калі яны не бунтуюць? Заўсёды грызуцца, як сабакі нейкія. А жонкам — тачы слёзы. Вось і ён пайшоў са зброяй, ды так і знік. Нічога пасля таго пра яго не чулі. Косці, напэўна, дожджык мочыць, вецер сушыць. Так што ты цяпер мой наследнік. Няхай будзе так. Тут паляванне добрае. Выдры гэтай самай — дык раніцай па берагах як гусі хадзілі. Лапы вялікія, з перапонкамі.

Пайшла і прынесла пажаўцелы касцяны куфэрачак. Седзячы ў крэсле, разбірала яго.

— О, — сказала нарэшце, — гэта адзінае, што ад Яўгенавага брата засталося. Мужыкоў у доме няма. Сабе вазьмі.

Гэта быў амулет старога дзьмутага золата, відаць, танны матэрыялам, але дарагі сваімі гадамі. Памерам з далонь немаўляці, ён таемна і цьмяна ззяў на руцэ ў Алеся. А на ім Белы коннік з дзіцячым, быццам апухлым, тварам бараніў Авечку ад Льва, Змія і Арла.

— Дзякуй, цётухна. — Алесь ведаў: чалавек не павінен манежыцца, калі яму дораць. — Толькі як жа яго?..

— Павесь да медальёна, — сказала цётка. — Бачу ж я ланцужок. І насі. Памагае, кажуць. Хто носіць — ніколі не трапіць у рукі ворагу. Тройчы тры разы ўнікне немінучай смерці. І яшчэ, усе яго будуць любіць, бо ён бароніць Авечку ад Льва, ці бо то ўлады, Змія, ці бо то хітрасці, і Арла, ці бо то драпежнасці… Можа, і Багдан уратаваўся б, ды вось, ідучы ў лес, забыў.

Алесь прывязаў залаты ланцужок медальёна да стальнога Майчынага ланцужка. Сам сабе ён пасмейваўся. Ну якая немінучая смерць можа яму пагражаць? Якія такія ў яго могуць быць ворагі?

…Праз дзень пачаўся свіслацкі кірмаш. «Прачыстая». Гандлёвыя рады плескануліся далёка за пляцовыя межы.

Гандляры спрытна матлялі на медны аршын вішнёвыя і белыя сукны. Свістаў, па-змяінаму павіваючыся ў паветры, шоўк. Паўзла шарсцянка, і весела бегала баваўнянка.

— А-а гарлачы-гарлачы-гарлачы! Звіняць, як званы, звіняць, як войтава галава.

1 ... 102 103 104 105 106 107 108 109 110 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)