Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 103 104 105 106 107 108 109 110 111 ... 154
Перейти на страницу:

— Жа-леза, жа-леза! — гэта басам. — Кас-са — на аконама, бязмен — на цешчу!

Узляталі, як карабель на хвалях, стракатыя арэлі. Адтуль даносіўся няшчыры дзявочы віск.

— Вось наваліся! Вось наваліся! Усё дорага — маё дзешава. Усё даражэе — маё дзешавее. Дзешавее мыла, дзешавеюць вяроўкі.

Катрыншчык-італьянец спяваў сухотным голасам пра невядомае. Малпа ў зялёнай сукенцы працягвала далонь, скакала ля гаспадара і глядзела ў вочы людзям гаротна-непаразумелымі дзіцячымі вачыма.

Гандляваў тканінамі прыгожы перс з палымянай барадою. Вадзіў «Міхала» цыган.

— Бацю, падыходзь — пажартуем!

Страсна спрачаўся з белавалосым мужыком конскі перакупшчык. Гучна, напэўна, аж пальцы балелі, біў у карычневую, як зямля, далонь, гучна кусаў аброць на знак таго, што не маніць.

Вузкавокі караім, падобны адначасова на дзікага хазара і на вялікага равіна Якава Леві, лаяўся з гарбаносным яўрэем, ля якога шэрагам стаялі гарэлачныя куфлі, кварты, паўкварты і іншае шчасце п'янага.

Алесь хадзіў сярод гэтага рознагалосага, стракатага мора трошкі ачмурэлы і як быццам сонны, але радасна ўзрушаны. Сонныя былі вочы, узрушанае было сэрца.

Віселі залатыя бароды льну, прыемна пахла рыбай і кісла — шкурамі.

Грувасціліся пірамідамі яблыкі, над шызымі, нібы затуманенымі подыхам, слівамі спявалі залатыя восы. Сапяжанкі, ур'янтоўкі, слуцкія бэры пахнулі так, што соладка рабілася ў роце. Усюды ляжала гародніна, бітая птушка, мясныя тушы. А побач — рабчыкі, кражныя качкі, дупелі для панскага стала. Кадаўбцы ляснога мёду і жаўтаватыя колы воску. Шкуры дзікіх звяроў.

Краіна была багатая. Краіну чакаў голад.

…Каля сляпога старца з лірай амаль не было людзей: не даць — грэх, а даць не было чаго. Стары спяваў: цёмны правал рота ў срэбнай барадзе. Лірнік быў такі стары, што барада яму была не ў загану. А ля яго акрамя дзвюх жанчын, якія плакалі, стаяў хлопец, можа, на нейкі год старэйшы за Алеся, невысокі, каржакаваты, з цёмна-русымі прыгожымі валасамі. Рысы ў хлопца былі няправільныя, але буйныя і нават у чымсьці прыгожыя. Цяжкаватае падбароддзе, вялікі цвёрды рот. Жарсткаваты няправільны нос. З тысяч і тысяч людзей, па адной толькі форме носа з крутымі ноздрамі, Алесь заўсёды пазнаў бы ў ім мясцовага, тутэйшага.

Невялікія, сінія з залатымі іскрынкамі, вочы хлопца былі цяпер задумлівыя і мяккія. Пасма валасоў падала на высокі чысты лоб. Ён слухаў. Слухаў, нахмурыўшы тонкія і чорныя, нібы тушшу наведзеныя, бровы.

Алесь побач з ім таксама пачаў слухаць пад тужлівыя ўздыхі баб.

Ой, то не чорная хмара падступае. То турэцкі кароль наступае.

Турэцкі кароль наступаў, каб узяць за сябе Андрэеву дачку. І не толькі яе.

Сватаць нівы, бары, і разлогі, І лугі, і праўдзівага бога. Сватаць дым у закуранай хаце, Ўсю зямлю нашу бедную сватаць.

І не вытрымала жаночае сэрца. Андрэева дачка ўцякла ў лес і, седзячы ў разгаліне дуба, рыхтавала падарункі каралю, загадвала сяброўкам вастрыць нажы, каб кроіць імі для яго ручнікі. І вось кароль падступіў з усёй сваёй чорнай сілай. І тады…

Не папала яна ў палаценца, А папала у шчырае сэрца І каню пад падковы упала. Паміраючы ж, так прамаўляла:

Страшна гулі струны:

Ой, не будзеш ты мець, чарнарогі, Ні лугоў, ні праўдзівага бога, Ні бароў, ні дзяўчат, ні багацця, Ані дыму ў закуранай хаце. За якое нi схопiшся сэрца — Ўсе адкажуць адзінаю смерцю. І адкажуць пажарамі хаты І зямелька, якую ты сватаў.

Жабрак змоўк. Хлопец цяжка, быццам ад сну адрываючыся, уздыхнуў і кінуў на ліру тры медныя капейкі. Непаразумела зірнуў на Алеся. І раптам вочы сталі іранічныя і трошкі злосныя: убачыў, што гожы падлетак з шэрымі вачыма хоча пакласці на ліру срэбны паўрубель.

— Здурэў, ці што? — спытаў ён гучным кплівым голасам.

Алесь цярпець не мог, каб з яго кпілі незнаёмыя.

— Цябе не спыталі, — сказаў ён.

— Яно і відаць, што з залатых каптаноў. Галоўка, як макаўка, а розуму — як…

Загорскі ведаў, што працяг прыказкі злосны і трохі непрыстойны.

— Ты б паўтарыў, — з пагрозаю сказаў ён.

— А я не глухому гавару, — сказаў хлопец.

— То і відаць, што скнара. За такую песню паўрубля яму шкада.

— За гэтую песню мне мільёна не шкада. Ды толькі не з тваіх рук.

— А што мае рукі?

— А тое, што іншая дабрыня горшая за дурасць. А дабрыня багатага…

1 ... 103 104 105 106 107 108 109 110 111 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)