Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 101 102 103 104 105 106 107 108 109 ... 154
Перейти на страницу:

Дажджы пайшлі бесперапынна. Парасткі захлыналіся ў глыбокай халоднай гразі, жоўклі і гнілі. А з канца красавіка наваліліся халады і ўчэпіста трымалі нівы аж да сярэдзіны чэрвеня. Зямля, калі засунуць у яе руку, была не цёплая, а сцюдзёная і ліпучая, як глей, выкінуты з самага дна магілы.

Дні і ночы сталі цёплыя толькі ў канцы чэрвеня. Голад як быццам падрыхтаваў глебу пад сваё зімняе жніво і шчодра кінуў людзям непатрэбную цяпер цеплыню.

На азіміне не вярнулі насення, тым больш што давялося ратавацца: пераворваць палі і засейваць іх пад ярыну. І гэтую познюю сяўбу ледзь скончылі на купалле, а гэта азначала, што восенню рунь амаль напэўна паб'юць ранішнікі.

І ўсё яшчэ, трэці год, хварэла бульба, і клубні яе былі як гразь: не адрозніш ад зямлі.

Пан Юры і стары Вежа ў канцы ліпеня напалову спустошылі свірны, даючы пазыкі, разумеючы, што спадзявацца няма на што, адпусцілі мужыкоў на гадавы аброк. Хай ідуць з плытамі, хай адпраўляюцца ў звоз, хай дабіраюцца на будову чыгункі, абы не голад, абы не спустошыць свірнаў да дна. Бо невядома яшчэ, што будзе ў наступным годзе.

У канцы ліпеня лямант аб дапамозе даляцеў з мястэчка Свіслач, дзе жыла далёкая сваячка пані Антаніды, стрыечная сястра яе маці, Тацяна Галіцкая. Пан Юры надумаў накіраваць туды абоз насеннага збожжа: на наступны год. Паслалі яшчэ і трыста рублёў грашыма, каб быў заклад на выпадак сапраўднага голаду, каб хоць раз на дзень карміць гарачым дзяцей, жанчын і слабых (у цёткі было нешта каля васьмідзесяці душ, жыла яна адна, прасіла толькі насення — магчыма, нейк і пераб'ецца з людзьмі).

Праводзіць абоз павінен быў Алесь. Па-першае, людзі з канторы былі ў разгоне, па-другое, хай звыкае да спраў, па-трэцяе, час хлопцу, наогул, паглядзець свет. Цэлую зіму яшчэ сядзець яму ў Загоршчыне ды ў Вежы, перш чым пойдзе ў гімназію. Цэлую зіму вучыцца, цэлую зіму практыкавацца ў мовах, слухаць Фельдбаўха, monsieur Jannot і іншых. Бацька і той здзіўляўся сынавым поспехам і доўгацярплівасці… Хай едзе, хай паглядзіць свету.

І пачалася далёкая дарога.

Рыпелі колы вазоў, ішлі каля іх мужыкі. А малады Загорскі то ехаў ля абозу на мышастай Касюньцы, то зварочваў з дарогі і скакаў мяккімі прасёлкамі, праязджаючы вёскі і хутары, то ляжаў на возе, высока-высока, і глядзеў на залатыя аблокі.

Якія бясконцыя дарогі! Якія заблытаныя раздарожжы за дзесяткамі сцежак, што ўліваюцца ў іх! Якія пахілыя драўляныя крыжы, усе шэрыя і ў глыбокіх трэшчынах, стаяць на скрыжаванні шляхоў.

Цягнуцца паўз іх вазы, ідуць вандроўнікі з трохграннымі вострымі кіямі і клункамі за спіною. Ідуць баркалабаўскія старцы з сінявокімі хлопчыкамі празрыстай іканапіснай прыгажосці.

Бабы нясуць за спіной паклажу, з вузлом закруціўшы на грудзях канцы хустаў. І вузкімі, нейкімі асабліва жаноцкімі і пададзенымі наперад здаюцца іхнія плечы, сціснутыя жорсткай тканінай, у якой ляжыць нерухомы цяжар.

Спявае ліра пад прыдарожным вязам. Часам сонца закрые дымна-агатавая завеса мімалётнага дажджу. І тады ногі месяць дарожную гразь, — тысячы ног, — і корчмы робяцца асабліва цёмныя, а паловая шкура коней робіцца гнядой.

І на ўсё гэта — колькі ўжо год! — глядзіць абведзенымі сінькай вачыма, увесь у падцёках, пафарбаваны вохрай і мядзянкай распяты Хрыстос.

…Свіслач, аб якой Алесь дагэтуль нават не чуў, была маленькім мястэчкам.

Сярод будынкаў ці не самым вялікім здаваўся будынак прагімназіі. Але і ён быў запушчаны, як амаль усе астатнія будынкі мястэчка. Там, дзе калісь былі пляцоўкі для гульні ў мяч, куртыны і баскетныя агароджы, цяпер — і на двары і на вуліцы — цягнуліся зарасці пахучых дробных рамонкаў ды трыпутніку, сярод якіх губляліся сцежкі.

Мястэчка рыхтавалася да гадавога кірмашу, які меў пачацца паслязаўтра, пятнаццатага жніўня, і таму на пляцы было ўжо даволі густа і людна. Стаялі запакаваныя вазы, цюкамі ляжала воўна, жавалі жвачку валы.

Цётчын дом быў за нейкія паўвярсты ад канца мястэчка: вялікі, драўляны, пад саламянаю страхою — на галерэях і шчапяным дахам — над жылымі пакоямі. Вялікі сад спускаўся ў вільготны, звонкі ад шматлікіх ручаін, цяністы яр.

Старасвецкія ўтульныя пакоі з нізкаю столлю.

На вокнах акрамя першых рам былі і другія, з каляровымі шкельцамі. Яны замянялі аканіцы. А ў саміх пакоях стаяла даўняя мэбля: пузатыя арэхавыя сакратэры, дубовыя разьблёныя скрыні ля сцен і кутнія — адна на чатыры пакоі — вельмі цёплыя печкі, выкладзеныя галандскімі кафлямі. На белых плітках плылі пад усімі ветразямі сінія караблі.

Цётка, маленькая, рухавая жанчына ў акулярах, сустрэла Алеся абдымкамі.

1 ... 101 102 103 104 105 106 107 108 109 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)