Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
Жар кахання [Апавяданні пра жанчын] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]

Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:

Кожны з нас надзяляецца матухнай-прыродай многім. Але трэба ўмець яго, гэтае многае, самім развіваць i ўмацаваць. У тым ліку i тое, што мы называем проста i велічна: «пачуцці». «Жар кахання» — спроба пісьменніка Генрыха Далідовіча сродкамі мастацкага слова разабрацца ў тым, што так молада, парывіста, а часам i апантана хвалюе наша сэрца, высакародзіць душу добрага чалавека, робіць Яго i Яе блізкімі i дарагімі адно аднаму.
Рэдактар: І. І. Канановіч
1 ... 100 101 102 103 104 105 106 107 108 ... 150
Перейти на страницу:

1977

Аглая
(Заканчэнне апавяданняў «Icтa» i «Клава»)
Расказвае Алесь С.

Калі мяне зняволілі другі раз, пад канец саракавых гадоў, дык ужо не ашаломлівалі i не ламалі, як раней, у сярэдзіне трыццатых: не глумілі ў камеры, не мардавалі на допытах, не судзілі i не кідалі па пересылках. Нават «шчыра», верачы ў сваю дабрачыннасць, «суцешылі»: паверце, мы не ведаем за вамі ніякай віны, але ёсць загад з Масквы выслаць усіх, хто «праходзіў па пяцьдзесят восьмым», дык вось i выдаляюць, адрываючы ад працы i сем'яў.

Мяне заперлі ў вагон-заку на Далёкі Усход. Узялі ў гарадку К. на ўлік i, паколькі я ў свой час скончыў педфак, адправілі ў райана — няхай яны ўладкоўваюць цябе на работу па тваёй прафесіі. У райана ўжо мелі варункі з высыльнымі настаўнікамі, выкладчыкамі вучылішчаў, тэхнікумаў i інстытутаў, «з адукаваным, але ненадзейным кантынгентам»; зразумела, у школах у гарадку вакансій для нас не было, ix пазаймалі ўжо свае, мясцовыя, многія з ix былі жонкі ўплывовых раённых службоўцаў i гарнізонных афіцэраў; мне знайшлі месца моваведа ў адной з самых далёкіх ад раёна школ (мы, беларусы, паколькі ў нас даволі цесна размясціліся гарады, аблепленыя вёскамі, па-свойму разумеем «далёка ад горада», гэта значыць маем на ўвазе самае вялікае кіламетраў пяцьдзесят, там жа, у Сібіры, зусім іншыя прасторы i падлікі. Я, да слова, трапіў у глухамань за трыста вёрст). Туды я дабіраўся на самалёціку, на грузавіку, ішоў пехатою, пад'язджаў на санях, прытульваўся ў гасцініцы альбо прасіўся нанач у чужых людзей, аддзячваючы чымсьці простым са свайго сціплага скарбу ці абыходзячыся шчырым «Дзякуй» (усюды ёсць людзі, якія адразу ж пагоняць прэч непажаданага госця, але ўсюды трапляюцца i тыя, хто не можа быць безуважны, абыякавы да турбот i няшчасця пакутных), — адным словам, лезучы па снезе i змагаючыся з завірухай, распытваючы, дзе той пасёлак Жамчужны, я крочыў, поўз і, нарэшце мінуўшы сотні вёрст прыгожых, але на той час чужых i ненавісных мне бела-зялёных таежных краявідаў, дацягнуўся туды, дзе жылі паляўнічыя, лесарубы, золаташукальнікі, былыя зэкі i вольныя, за якім яшчэ далей быў вялікі лагер. Вось тут альбо ў іншай сібірскай мясціне прадпісана было жыць мне аж да свайго скону. Для мяне, улюбёнага ў рускую літаратуру, заўсёды было велічнае слова «Расія», магічнае — «Сібір», але цяпер яны былі для мяне нялюбыя, бо супраць майго i свайго жадання глыталі мяне, засмоктвалі ў свой страўнік, зусім не зважаючы, што ў мяне ёсць родны i любімы кут, свая мова, праца, каханая жонка, якая павінна неўзабаве нарадзіць.

У школе мяне, высыльнага, сустрэлі не з абдымкамі, але досыць спакойна, далі амаль стаўку выкладчыка рускай мовы i літаратуры, а таксама некалькі гадзін працы, паколькі я даволі добра навучыўся ўжо абыходзіцца з пілкаю i рознымі гэблікамі. Цяпер разам ca мной у школе было трое мужчын — адзін з ix быў дырэктар, малады яшчэ чалавек, франтавік, ён без вышэйшай адукацыі, толькі з пасведчаннем выпускніка курсаў настаўніка пачатковых класаў выкладаў гісторыю, другі быў завуч, фізік, пажылы ўжо, кульгавы i падслепаваты, спакобны i памяркоўны чалавек. Астатнімі настаўнікамі былі жанчыны розных узростаў. З інстытуцкімі дыпломамі былі толькі двое: завуч i я. Жыць мяне прыладзілі да старой адзінокай кабеціны Аграфены ў яшчэ старэйшую, аселую i скасабочаную хатку.

Сумуючы i маркоцячыся, пачаў, аднак, я шчыра «сеяць разумнае, вечнае i добрае». Мне далі некалькі дзён, каб я пазнаёміўся з дзецьмі, а пасля пачалі правяраць маю работу: спачатку са мной на ўрок прыйшоў завуч, а пасля — дырэктар. Завуч сказаў мне: «У меня к вам претензий нет. Чувствуется: вы — профессионал», дырэктар таксама задаволіўся, але дадаў: «Мое критическое замечание следующее: необходимо никогда не упускать из виду воспитательного момента, подчеркивать любовь нашего народа к товарищу Сталину, к партии». Хоць мой урок быў па літаратурным творы мінулага стагоддзя, прышпільваць да яго партыю, тым больш Сталіна, было недарэчы, але я не заспрачаўся, спакойна ўсё паслухаў i сказаў: «Спасибо». Дзеці-вучні, убачыўшы, як выкладаю, паводжуся, хутка пераадолелі насцярогу да мяне, былі пачцівыя, a настаўніцы, пачуўшы, што мяне хваляць, пачалі ў вольныя часіны, у «фортачкі», прасіцца пабыць на маім уроку i, не палічыце за пахвальбу, за многае былі ў захапленні; з маёй гаспадыняй, хоць яна была маці герояў грамадзянскай вайны, а я, што ні кажы, «вораг народа», мы пасябравалі ўжо праз некалькі дзён. Карацей, даволі хутка я набыў у пасёлку добрую рэпутацыю: «Этот учитель-белорус — серьезный и культурный человек», да мяне ўсе звярталіся толькі па імені i па бацьку, a калі я пачаў складаць некаторым малапісьменным людзям розныя заявы, прашэнні, а то i проста лісты іхнім сынам туды, «у Расію», памагаць выпускнікам i нашым настаўніцам, некаторыя з якіх не былі нават на курсах, паступаць у інстытуты, аўтарытэт мой яшчэ ўзрос. «Жаль, Иванович, что ты пораженный в правах, иначе мы бы выбрали тебя нашим депутатом. Даже в Москву».

1 ... 100 101 102 103 104 105 106 107 108 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)