Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Здаецца, яна пражыла ўсё, перажыла свой лёс. Як і не жыла на гэтым, Богам уладкаваным свеце. Усё збіралася, доўгія гады чакала, адкладвала на пасля, жыццё было нібы подступам, падрыхтоўкай, зборам. Перавярнулі аднаасобніцу, ладзілі калектывізацыю, думалі: зажывём пасля. Але пасля выконвалі пяцігодкі, змагаліся з класавым ворагам — усё ў нястачы, трывогах, калатнечы і неспакоі. Было многа клопату пра тое, што з’есці, як узбіцца на кавалак хлеба, дацягнуць да свежае бульбіны. Не было ў што апрануць дзяцей, недзе набыць абутак. Жыць было неяк і думалася: пасля, як падрастуць дзеці, выйдуць у людзі, і адпадзе трудны клопат пра іх. Але во выраслі дзеці, толькі б уздыхнуць з палёгкай, ды тут — вайна.
Хай яна спрахне, гэта вайна, як перажыць яе, як дачакацца дзяцей? І тое, і гэта, мабыць, ужо не пад сілу. Не па магчымасці. Але што ж тады ёй па сіле? Што па яе магчымасці?
На шчасце ці на бяду, яна ведала, у чым яе хопіць да скону. За сваё цяжкое жыццё яна ўсё ж спазнала праўду чалавечых адносін і пакрысе здабыла свой невялічкі чалавечы гонар. А той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай не стане. Шмат што ў жыцці, асабліва гора і бяда, пераканалі яе ў тым, што з людзьмі трэба абыходзіцца па-добраму, калі хочаш, каб і да цябе адносіліся па-людску. Напэўна, чалавек такі ўжо ад прыроды, што адказвае дабром на дабро і не можа адказаць дабром на зло. Зло не можа спарадзіць нічога, апроч зла, на іншае яно не здольна. Але бяда ў тым, што людская дабрыня перад злом бяссільна, зло лічыцца толькі з сілай і баіцца адно толькі кары. Толькі непазбежнасць адплаты можа прыцішыць драпежны ягоны нораў, прымусіць задумацца. Інакш на зямлі запануе пекла, аб якім гаворыцца ў Бібліі.
Часам яна чула, як гаварылі пра немцаў: культурная нацыя. Можа, у чым-небудзь і культурная, але хіба культурны чалавек можа дазволіць сабе так адкрыта разбойнічаць у свеце, як гэта распачалі немцы? Яна не чытала іх кніжак, не разбіралася ў іх высокай палітыцы. Але яна прывыкла меркаваць пра вялікае па малым, аб свеце — па сваёй вёсцы. І яна не памылялася. Яна ведала, што добрыя людзі не чыняць подласць ні па сваёй волі, ні па прымусу. Подласць — справа нягоднікаў. Ужо адно тое, што немцы прыйшлі на яе зямлю са зброяй, давала зразумець, што праўда не на іхнім баку. У каго праўда, таму не патрэбна зброя. Зноў жа даволі паглядзець, хто з імі ў хаўрусе, каб зразумець, хто яны самі. Да апошняй сваёй хвіліны яна не скорыцца ім, бо яна чалавек, а яны звяры. Хай сабе і дужыя.
Сцепаніда трохі забылася ад болю і, можа, нават заснула, але хутка прачнулася ад блізкага сабачага брэху і зразумела, што гэта ўсхадзіўся Рудзька. Брахаў ён на падворку, здалося, з дрывотні. Але на каго брахаў, хто тут дзе мог поўзаць ля хаты? Трохі забаяўшыся, яна падняла галаву і зірнула з запечча на хату, у якой было зусім цёмна, ледзь трошкі свіцілася акно насупраць, і якраз у тое акно нехта ціхенька пастукаў з падворка.
Сэрца ў яе закалацілася, яна паспрабавала ўстаць, аберуч трымаючыся за грубку, выйшла з запечча, усё ўзіраючыся ў акно. Але там нічога не было відаць. Ціхі стук, аднак, у ніжнюю шыбку зноў паўтарыўся з ранейшай настойлівасцю.
— Хто там? — дрыготкім голасам запыталася яна і ўслухалася.
— Аткрой, мамаша. Сваі.
— Чаго вам нада?
— Ну аткрой!
— Не адкрыю. Я адна ў хаце, хворая, не адкрыю.
Мусіць, пачуўшы Сцепанідзін голас, смялей забрахаў Рудзька, падскочыў бліжэй да парога. Яна хацела сказаць яшчэ, што Петрака няма і гарэлкі таксама няма і не будзе, што нягожа паначы ламіцца ў дзверы да хворай і старой бабы, але падумала, што тым іх не спыніш. Мабыць, зараз выб’юць вокны ці дзверы і зноў пачнецца тое, што ў мінулую ноч. Але, надзіва ёй, яны там не ламіліся чамусь і не стукалі болей, яны ціха пагаманілі паміж сабой і, мусіць, пайшлі, бо Рудзька забрахаў далей — ля тыну ці ў самых воротцах. Тады яна трохі пастаяла, паўслухоўвалася і падумала, што, мабыць, то была не паліцыя. Але хто? Мабыць, нетутэйшы, усё ж і гаворка расейская — хто б гэта мог быць? А раптам гэта якія чырвонаармейцы, можа б, што сказалі пра Федзьку? Ой, што ж тады яна нарабіла? Трэба ж было іх пусціць у хату.