Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 101 102 103 104 105 106 107 108 109 ... 254
Перейти на страницу:

— У мяне дзела да цябе, — сказала яна. — Але каб нікога…

— Ну ідзём у паветку. Якраз там я…

Ён нетаропка правёў яе каля чорнага, мабыць, злога сабакі, які ціха вурчэў ля будкі, зайшоў за рог сенцаў, адтуль яны прайшлі ў двор з кучай гною ля шула, яшчэ завярнулі ў нейкі засценак і апынуліся нарэшце ў прыадчыненых дзвярах бакоўкі, застаўленай безліччу драўлянага і металічнага ламачча, колаў, дошак, нейкіх лясін-нарыхтовак, чурбакоў і калодак, з развешанымі на сцяне інструментамі і жалязякамі і нават варштатам у куце. Ля дзвярэй на нізкай калодцы ляжала старая ўседжаная ватоўка, а ля большай стаяла кола, над якім, мабыць, завіхаўся Карніла. Як яны ўвайшлі, гаспадар адразу сеў на ватоўку і ўзяўся за сваё кола. Ён ні аб чым не пытаўся, і яна стаяла ля шула, не ведаючы, з чаго пачаць.

— Майструеш?

— Майструю. Што ж рабіць…

— Дома ўсё добра?

— Ды ўсё бытта.

— А майго Петрыка забралі. Учора.

— Кепска, калі забралі, — сказаў ён ранейшым сцюдзёным тонам, нават не падняўшы галаву ад кола, толькі, можа, дужэй стукнуў па вобаду цяжкім малатком.

Яна не асабліва хацела з ім гаварыць, ведала ягоны няпросты нораў, але ўсё ж думала: можа, ён хоць здзівіцца. Але ён не здзівіўся, ён, відаць было, надта засяродзіўся ў сабе ці на сваёй рабоце. Ці такі цвердаскуры стаў за гэтыя гады, па такім часе.

— У мяне да цябе просьба ёсціка, — проста сказала яна, падумаўшы, што, можа, і лепш так — без лішніх слоў, адразу пра справу.

— Гэта якая? — усё так жа холадна-суха запытаў ён, дужымі рукамі напінаючы шыну на вобад, і шыя яго аж счырванелася над каўняром ад натугі.

— Аддай бомбу.

Можа, упершыню ён зірнуў на яе спадылба, калянуўшы трывогай з-пад чорных касматых броваў, і ледзь чутна няпэўна хмыкнуў.

— Ведаю, бомбу ты і прыбраў. Тую, ля моста. Але нашто яна тебе? Аддай мне.

— Многа ты ведаеш, — толькі і сказаў Карніла.

— Аддай. Ну нашто яна табе — адзін клопат. Па такім часе.

— А табе нашто?

— Мне трэба.

— А хто сказаў, што я маю?

— А ніхто. Сама даўмелася. Я ж надта добра ведаю цябе, Карнілка.

Яна змоўкла і, здаецца, перастала дыхаць — сачыла за ім, за рухамі ягоных грубых, шырокіх рук на новым, з белага дрэва вобадзе кола, на які не хацела налазіць шына, і Карніла падшчымліваў яе далатом, пакуль некалькімі дакладнымі ўдарамі малатка не ўзбіў на вобад. Пасля трудна ўздыхнуў.

— Ды што ты хочаш: тавар за так?

— За так? — здзівілася яна. Сапраўды, ёй і ў галаву не прыходзіла гэтае пытанне — чым яна заплоціць Карнілу? Ды і чым можна было заплаціць у такі час за гэткі тавар?

— За так цяпер і блыху не заб’еш, — прабубніў Карніла. — Цяпер такі час. Вайна…

— Дык, ці ведаеш, грошы…

— Э-э, якія грошы! Што цяпер з тых грошай…

— Ну, во тут у мяне сала з два фунты. Паўдзесятка яек…

— Сказала, яек! Яек і ў мяне знойдзецца. На яешню.

«Вот жа скнара!» — пачала злавацца Сцепаніда. Яна пазнавала колішняга Карнілу, у якога, казалі, зімой снегу не выпрасіш. Але добра яшчэ, што ён не адмовіўся, што мае бомбу. Тут ужо яна ўгадала пэўна і ціха парадавалася. Астатняе як-небудзь. Але як?

— Дык што ж я табе… Грошай не маю, кароўку немцы з’елі. Курачак пастралялі, пяток усяго засталося. Мужыка Гуж забраў, у мястэчка павёў. Што ж я яшчэ маю?.. — сумелася яна.

— А свінчо? — раптам спытаў Карніла і другі раз зыркнуў на яе сваім цяжкім позіркам. — Ці тожа не маеш?

— Парсючок застаўся, ага. Вясновы, — спахапілася Сцепаніда і змоўкла: ці не захоча ён парсючка?

— Добра, што парсючок застаўся, — неяк абыякава сказаў Карніла, устаў і падаўся ў кут, нешта перабіраў там у жалеззі і нарэшце выцягнуў крывую драціну, з якой узяўся высякаць цвік.

— Застаўся, ага. Але… Ну, бяры парсючка… Аддам…

— А паўпуда будзе?

— Будзе з паўпуда. Харошае, ешчае свінчо, — запалым голасам пахваліла парсючка Сцепаніда і здзівілася ад думкі: няўжо яна аддасць парсючка? З чым жа тады застанецца?

— Ну, хіба за парсючка, — ажывеў крыху Карніла. — Ну і гэта… Па цяперашнім часе — тавар! Для чаго табе толькі?

— А гэта ўжо маё дзела. Трэба.

— Ну вядома. Калі, можа, у лес каму? Тавар добры.

Карніла нядоўга нешта падумаў, пасля выглянуў з дзвярэй, гукнуў нешта сабаку і рукой махнуў Сцепанідзе, каб ішла следам. На падворку яны пералезлі цераз нізкія варотцы на зады сядзібы, зарослыя кустоўем парэчак, агрэсту, гушчаром маладога вішанніку. Пад тынам у лапухах і крапіве Карніла падняў пласт зляжалага гарохавіння, пад якім зажаўцеўся канец чагось даўгога і круглага, нібыта з бляшанкай, прываранай на хвасце. То была бомба.

1 ... 101 102 103 104 105 106 107 108 109 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)