Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Наперадзе па той бок вуліцы зазелянелі высокія дрэвы, мусіць, нейкага сквера, ён трохі прыспешыў крок, але неўзабаве зноў пайшоў цішэй — там таксама было поўна людзей, што сядзелі на лаўках, чыталі, побач гулялі малыя, іншыя проста шпацыравалі па цяністых дарожках. Насустрач па вуліцы ішла маладая жанчынка, трымаючы ў адной руцэ павадок з лахматым сабачкам, а ў другой — распушчаны над галавой парасон, і Пятрок падзівіўся: было ж так сонечна, ніводнай хмаркі на небе. Ён пастаяў трохі, паазіраўся і зноў пакутна пакульгікаў туды, дзе вуліца пераломвалася на пагорку і збоч сквера за ладна расфарбаваным дамком з прыгожымі вокнамі зноў высіўся шэры гмах, вельмі падобны на Дом урада. Па гэты ж бок вуліцы цягнуўся высокі дашчаны плот, за якім быў відаць немалы двор з вялізнымі каштанамі над пакатым дахам. Вароты ў двор былі шырока расчынены, хоць там нікога не было відаць, толькі чуваць — лілася-цякла вада. Пятрок нясмела зазірнуў з-за пахілага шула — збоч ад каштанаў, у густым цяні дрэў тырчэла металічная тумба-калонка, ля якой поркалася цыбатая дзяўчынка ў стракатым сарафаніку. Далей віднеўся нейкі хлявок, цямнеліся зараснікі бэзу, дзядоўнік у доле, падобна, там магло быць тое, што яму цяпер было трэба.
Як ён увайшоў, дзяўчынка адразу ўскочыла ад меднага таза з мыльнай вадой, у руках у яе былі зграбныя маленькія апранашкі, мабыць, ад лялек, жвавыя вочкі дзіцяці ўсмешыста ўставіліся ў яго.
Пятрок падышоў бліжэй і сказаў першае, што набрыло ў галаву:
— Ці можна напіцца каб?
— Можна, — ахвотна адказала дзяўчынка ў стракатым сарафаніку, з якога выглядвалі худзенькія загарэлыя плечы.
Пятрок думаў, што яна пабяжыць у хату па конаўку ці які кубак, а яна тут жа хуценька нешта ўзяла з бруку, цісканула рычаг тумбы-калонкі — долу празрыстым струменем палілася вада.
Ён ашчадна ўзяў з яе мокрых пальчыкаў белы сцюдзёны кубак, піць зусім не хацелася, але во прыйшлося, і, аддаючы кубак, ён ліхаманкава матлянуў позіркам па зарасніках ля хляўка. Здаецца, не памыліўся: сапраўды наводдаль была прыбіральня.
Дзяўчынка запыталася пра нешта, але ў яго ўжо не ставала трывання. Стараючыся спакайней, але ўсё ж, мабыць, подбегам ён шыбануў па сцежцы, зарослай абапал дзядоўнікам.
Калі ён вяртаўся, дзяўчынкі ў двары не было, ля калонкі стаяў яе медны таз, ад якога дробна брукаванай канаўкай цякла па схіле вада. Пятрок трохі парадаваўся — усё ж было нялоўка перад гэтай гарадской малечай, і ён адчуў сябе амаль шчаслівым, калі апынуўся ўрэшце на знаёмай вуліцы. Але тут яго зноў апанаваў клопат: што рабіць далей? Усё ж надта вымагала справа, дзеля якой прыехаў, няўжо ж ён такі недалэга, што паедзе дамоў ні з чым? Што ён скажа тады Сцепанідзе? Што скажа Сцепаніда яму, ён добра ведаў.
З узноўленай горкай рашучасцю ён патупаў па той жа спякотнай старане вуліцы ў процілеглым напрамку. Ужо цвёрда наважыўся: няхай хоць што будзе, а ён падыдзе да міліцыянера і запытае. Ужо не арыштуюць яго за тое, можа, і не аблаюць нават, хоць аблаяць было б за што. Але ён ветліва папытаецца, як пабачыць таварыша Чарвякова, калі не зараз, дык, можа, пасля, ён пачакае. А калі зусім нельга пабачыць, дык, можа, таварыш міліцыянер перадасць старшыні ўрада сялянскае хадайніцтва за свайго старшыню калгаса. Харошы ж быў старшыня — і парцейны, і гаспадарлівы, за што яго арыштоўваць? Гэта ўсё свае, мясцовыя начальнікі, хіба яны разумеюць? Але таварыш Чарвякоў павінен разабрацца, ён жа чалавек душэўны і мае вялікую ўладу. Няхай ён іх пакарае. Зноў жа доўг, які трэба вярнуць. Пятрок не такі чалавек, каб скруціць грошы, такога за ім яшчэ не было. Ды і Сцепаніда таксама. Да чаго іншага бывае ўсялякая, а што да капейкі, дык тут яна дужа акуратная. Вылузнецца, а аддасць, калі пазычала.
Па-ранейшаму дужа кульгаючы, дашчэнту спатнелы пад тоўстым суконным пінжаком, з кужэльнай тарбінкай у руцэ, Пятрок прамінуў чырвоны касцёл і набліжаўся да рога тае запаведнай і страхотнай будыніны. З шырокага падворка наперарэз яму, аж напалохаўшы, выкацілі дзве легкавушкі, ён ледзьве паспеў адскочыць убок, слізгануўшы па іх позіркам. Але не, Чарвякова там не было. У пярэдняй сядзелі мужчына з жанчынай, а ў задняй некалькі вайскоўцаў — у фуражках, гімнацёрках з рамянямі-партупеямі на плячах, — некуды шпарка пакацілі, абмінаючы трамваі на вуліцы. На пляцы-падворку было па-ранейшаму пуста, ні ля дзвярэй, ні за шклом не відаць было ні душы, і Пятрок аж сумеўся: ці не прыйдзецца пхнуцца ў дзверы, у нетры гэтай будыніны? Канешне, лепей было папытаць ранкам, тады хоць было ў каго. А цяпер? Стаяць, стукацца ці самому расчыняць дзверы?