Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Сцепаніда зноў вярнулася на мост і неўпрыкмет босай ступнёй памацала яго гразкія сырыя дошкі — не, халера на іх, мусіць, такія не ўпаліш і газай. Каб хоць улетку, а цяпер усё скрозь мокрае, сырое, са свежай лясіны, не, такое не ўпаліш… Во каб сюды тую бомбу!.. Нечаканая гэта думка так уразіла Сцепаніду, што яна перастала адчуваць сябе на гэтай дарозе і забылася, куды ішла і па што. Яна ўспомніла нядаўнія словы Петрака і ў нейкім азарэнні сцяміла, што яно ж так і ёсць! Яна надта добра ведала высялкоўскага Карнілу, каб адразу ўпэўніцца, што без яго тут не абышлося. Але ж Карніла!.. А можа, цяпер паслухаецца яе? Яна яго ўпросіць.
І яна хуценька пайшла назад па гасцінцы, ад рэчкі да хвойніку, за якім якраз насупраць Яхімоўшчыны была паваротка ў другі бок — на гару ў Выселкі.
На гасцінцы ніхто ёй не трапіўся, толькі далёка ззаду нехта нетаропка дыбаў з мястэчка. Але на высялкоўскай дарожцы яна напаткала Александрыну, колішнюю сваю равесніцу, з якой зналася ад самага дзяцінства, яны нават разам выходзілі замуж, помніцца, абедзве вянчаліся ў царкве зімой на Вадохрышча. Яшчэ, памятае, у той дзень вараны жарабок Александрынінага бацькі зламаў нагу на тым самым мосце, праваліўшыся ў дзіравым насціле, такі быў паганы мост. Александрына памалу ішла, павязаная хусткай рагамі пад пахі, і вяла за руку хваравітага, тоненькага, вельмі цёпла апранутага хлопчыка.
Яны павіталіся.
— Даўно не бачыліся, Сцепанідка, куды ж ты, як маешся?
— Ды так, ведаеш… Цяпер жа так, — трохі сумелася Сцепаніда, засцігнутая знянацку гэтым пытаннем. Яна проста не ведала, як адказаць, і хуценька запыталася: — А ты ж як?
— Ай, Сцепанідка, во горачка навалілася, вяду ж хлопчыка да доктара, з’еў нешта благое, дык рады няма, пяты дзень мучаецца, — ахвотна загаманіла Александрына, адразу забыўшыся на сваё пытанне. — Гэта ж трэба на мяне такое сёлета, — яна засцярожліва азірнулася на дарогу і цішэй сказала: — Гэта ж, ведаеш, Віця прыйшоў мой, камандзір, ледзьве выбавіўся…
— Віктар? А што ён — з вайны? — здзівілася Сцепаніда.
— Ай, якая вайна! Кантузіла яго дужа, галава баліць, рукі трасуцца. Ой, якое горачка было там, на фронце, расказвае…
— Трудна?
— Ой, не кажы! Танкамі, кажа, душыць усіх, а ў нас жа адны вінтовачкі, і тыя… Паразбягаліся каторыя па лясах, каторыя ў палон, а каторыя во дамоў, каму недалёка…
— Во як!
Сцепаніда слухала, але нешта ў ёй міжволі насцярожылася да гэтай кабеты, колішняй яе сяброўкі, нешта не спадабалася ёй, і яна думала: яе Віктар прыйшоў, а дзе мой Федзька? Федзька напэўна не пабяжыць і ў палон не здасца, і калі няма ад яго ніякага знаку, дык… Дык, пэўна, у сырой зямельцы ўжо Федзька.
Трохі крыўдна было за сына, і адчула яна кароценькую зайздрасць да Александрыны: хоць і кантужаны, але во вярнуўся. Але ў той і без старэйшага дома пяцёра, поўная хата дзятвы. А ў яе пуста. Было двое, і тых… Ніводнага.
З такімі невясёлымі думкамі яна дабралася да Выселак, але вуліцай не пайшла — у канцы гародаў завярнула на сцежку і падалася да недалёкай пуні пад клёнам, адкуль ужо рукой падаць было да Карнілы. Яна не была ў яго, можа, з дзесяць гадоў, ад самай калектывізацыі, і ўбачыла, што за той час Карнілава сядзіба не абстарылася, можа, паднавела нават. За высокім спраўным парканам лязгнуў ланцуг і злосна забрахаў сабака, яна стала, баючыся адчыніць ладныя, збітыя з новых дошак варотцы. Думала, нехта ж павінен выйсці. Ёй не хацелася, каб выйшла Вандзя, высокая, ссохлая Карнілава жонка, з якой у яе так і не склаліся адносіны з самага дня іх жаніцьбы. Хоць і не сварыліся, але ніколі і не пагаварылі нават, а сустрэўшыся дзе на дарозе ці ў мястэчку, моўчкі разміналіся, бы незнаёмыя.
Яна хвіліну глядзела па-над варотцамі на хату пры добрым, з зашклёнымі бакавінкамі ганку, пад новай саламянай страхой, а ён паказаўся аднекуль збоку ад шмат якіх прыбудовак, хляўкоў, павецяў. Зусім кулацкая сядзіба, падумала Сцепаніда. Няблага ўладкаваўся Карніла, хоць рабіў не Бог ведае дзе — на пажарнай у мястэчку і, мабыць, меў часу. Рупнасці ж у яго хапала заўсёды.
Карніла выткнуў аднекуль галаву, зірнуў у варотцы, угледзеўся.
Яна ледзьве пазнала яго — чорнабародага, шырокай касці, дужага мужыка, які цяпер памалу, з недаверлівым роздумам падышоў да варотцаў і адкінуў дзве ці тры цяжкія жалезныя зашчапкі.
— Ты як у крэпасці, — пажартавала яна, аднак, мабыць, з сур’ёзным тварам. Мусіць, ён адчуў натужнасць яе жарту і сам не азваўся, прапусціў яе ў двор і ззаду гэтак жа на ўсе засаўкі старанна зашчапіў варотцы.