Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Гэта невялічкае начное здарэнне зусім растрывожыла Сцепаніду, яна забедавала ў думках, ступіла да акна і праз спатнелыя шыбіны ўгледзелася ў начны ветраны змрок, услухалася. Не, нідзе болей не было нікога. Рудзька сціх, мусіць, тыя адышліся далёка.
Рэшту той ночы яна не заснула ні трошкі і не спрабавала нават. Яна праседзела ля акна, слухаючы і слухаючы невыразную шапаткую цішу знадворку. Галава ўсё балела, але Сцепаніда быццам трохі абвыклася з гэтым болем, і, калі ў вокнах пачало трохі шарэць на золаку, яна ўстала. Усё ж яна была яшчэ жывая, магла пераадолець немач, трэба было нешта рабіць. Яна ўжо адчула, што не можа болей сядзець на хутары, трываць пакуты ад невядомасці. Хопіць ёй той невядомасці, што праглынула Федзьку, Феню дык цяпер яшчэ і Петрака. Не, трэба было некуды ісці, нешта шукаць.
Рудзька маўчаў на падворку ці, можа, куды збег, а на світанні падаў скнарлівы голас парсючок, яна ўчула яго праз сцяну і падумала: другі дзень як някормлены. Клопат пра парсючка даў ёй саўладаць з хворасцю і выгнаў з хаты ў сенцы: там навобмацак яна знайшла стары чыгунок, намыла бульбы, насыпала трохі вобмешкі з жорнаў. З страхавітай нерашучасцю адчыніла дзверы з сянец на падворак, якія аказаліся не зашчэпленыя з учарашняга, і зноў прыпомніла начны стук у акно — яны нават не спрабавалі адчыніць дзверы. Не, гэта не паліцаі, гэта хтось з нетутэйшых, захожых. Шкадаванне зноў працяло яе — чаму ж яна іх не пусціла? Можа, гэта быў адзіны выпадак што-небудзь дазнацца пра Федзьку.
Яна паставіла есці парсючку, знайшла ў стале кавалак лапуна для Рудзькі, які зусім ужо не хацеў ісці нікуды з падворка, дашчэнту прытамілася, села на лаву і задумалася: што ж рабіць далей? Найперш трэба было дазнацца пра Петрака, калі ён жывы. Але дазнацца можна было толькі ў мястэчку — тут жа хто табе скажа? Значыць, трэба ісці ў мястэчка.
Пасядзеўшы яшчэ на лаве, яна паднялася, пайшла ў істопку. На самым сподзе кубёлка ў солі яшчэ было два кавалкі сала, яна дастала адзін; у сваім схове — пад разбітым гарлачом за печкай-каменкай — было яшчэ пяток яек, на паліцы стаяла з мінулага лета запыленая бутэлька вішнёўкі. Усё гэта ўладкавала ў меншы, лёгенькі кошык, з якім да вайны хадзіла на кірмаш у мястэчка, і выйшла з сянец.
На дварэ, як і ўсе гэтыя дні, было сцюдзёна і ветрана, але дождж не ішоў, мабыць, перастаў на світанні. Падворак і дарога спрэс былі ў гразі. Галава яе была яшчэ кволая, балела зверху, асабліва цяжка было нагнуцца, яна захутала яе ў цёплую хустку, на ўсе гузікі зашпіліла ватоўку. На ногі яна не мела чаго абуць і хадзіла да замаразкаў босая, а пасля абувала апоркі ці скарэлыя буркі, што недзе валяліся ў запеччы. Цяпер на гэтую гразь буркі надзець было нельга, і яна пайшла босая — па дарожцы к гасцінцу. Хаты яна не замыкала, недзе згубіўся замок — толькі ўваткнула трэсачку ў прабой, і ўсё. Красці там не засталося чаго, а паліцаяў ніякія замкі не ўтрымаюць.
Яна пайшла краем дарожкі, дзе па гразі, а дзе па мокрай траве, абышла жоўтую лужыну на заваротцы і ўзлезла на невысокі насып гасцінца. Яна не была тут ад таго дня, як Янка-нямко згледзеў за сасоннікам немцаў, і цяпер адчула, што тут шмат што змянілася. Найперш зноў, як да вайны, уверсе гулі напятыя на слупах правады, парваныя пры адступленні. Значыць, ужо наладзілі тэлефон, па якім перагаворваецца нямецкая ўлада. Па-другое, гасцінец быў спрэч здратаваны свежымі слядамі ад фурманак, аўтамабільных колаў, конскімі і чалавечымі слядамі. Значыць, ездзілі. Перад ёй у сасоннік уязджала сялянская фурманка — белы конік рупна бег у аглоблях, а мужык, што сядзеў у калёсах з бабай, усё памахваў над галавой кароткаю пужкай. Яна падумала, што прыпазнілася трохі дайсці да гасцінца, а то б, можа, пад’ехала з імі, і азірнулася, каб згледзець, ці не едзе хто ззаду.
Ззаду ніхто болей не ехаў і не ішоў, затое спераду з-за павароткі ў сасонніку выскачыла машына, за ёй яшчэ адна і яшчэ. То былі не такія вялікія машыны, як тая, што стаяла ў іх на сядзібе, але таксама цяжкія, грувасткія, да верху нечым нагружаныя. Сцепаніда збочыла да канавы, каб не замінаць ім, прыпынілася нават, позіркам упілася ў блішчастае шкло пярэдняй, каб згледзець там твары. Твары іх, аднак жа, не дужа былі відаць, але яна адчула, што то былі немцы — іхнія пыхлівыя паставы, светлыя беражкі пагонаў на плячах, высокая шапка ў таго, што сядзеў ля шафёра. Абдаўшы яе ветрам і нафтавым чадам з матора, першая машына праскочыла міма, затым праехала другая, а на трэцяй у кузаве ля кабіны яна ўбачыла трох маладых немцаў; адтуль жа неслася прыемная музыка — адзін зграбна іграў на маленькім гармонічку, у які дзьмуў з рота. Як машына параўнялася з ёй, крайні, з вясёлым, счырванелым ад ветру тварам хлапчына крыкнуў: