Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 254
Перейти на страницу:

На тым і разышліся позна ўвечары з псаломшчыкавага падворка, дзе гады тры як асталявалася кантора калгаса. Пятрок спяшаўся ў сваю Яхімоўшчыну, бо трэба было паспець накляпаць касу, мянташка ж у яго была дужа кепская — кавалак бруска, бы абмылак, заціснуты ў драўляныя тронкі, — такім пакуль наменціш касу, іншыя абыдуць цябе далёка. Але Лявон паабяцаў: ранкам згойсае ў мястэчка і прывязе паўсотню брускоў на ўсіх, у сельпо ўжо заплочаны грошы, будзе без ашуканства. Конна гэта гадзіна часу, і справе канец.

Паспадзяваўшыся на новую мянташку, Пятрок не ўзяў свой стары «абмылак» і, пачаўшы касіць, хутка адчуў, што каса пачынае тупець, а Лявона з мянташкамі яшчэ не было. Мужыкі прайшлі ўжо два пракосы, ужо над ельнікам паднялося сонца, раса, праўда, яшчэ трывала ў густой траве, якая добра клалася ў пульхны выгінасты рад. Пятрок усё часцей паглядваў на беражок ельніку, з якога на поплаў выбягала дарожка — ці не пакажацца старшыня з торбай мянташак. Ды ўсё марна. Пад сняданак ужо, калі з касцоў сцякло добра поту і замакрэлі зрэбныя і кужэльныя спіны, з ельніку выбег і стаў, нібы чагосьці спалохаўшыся, меншы Лявонаў сынок Мацейка. Пятрок падумаў спярша, ці не прыслаў яго старшыня з брускамі, ды ў руках у хлопца не было нічога. Калі ён падышоў бліжэй і нехта з касцоў грубавата запытаўся пра бацьку, хлопчык гэпнуўся задам у траву, затуліў твар рукамі і затросся ў бязгучным плачы.

— Што такое? Што з табой?

— Бацьку… ноччу… забралі…

Касцы знерухомелі, бліжнія моўчкі ўторкнулі ў пожню косы, дальнія яшчэ дакошвалі рады, але па адным ішлі да ельніку — ужо зразумелі, што сталася. Лявона Багацьку? За што?

Неяк супакоілі хлопца, нядружна, напаўсілы дакасілі да снедання, хоць болей сядзелі, курылі, скупа выказвалі рознае. Некаторыя цвярдзілі: памылка, ужо Лявона не возьмуць, бо ён жа не вораг, не ўрадзіцель, ніколі не ішоў напроціў, некалі пацярпеў за Савецкую ўладу. Ясна, што тут недагляд, памылка, каму трэба, разбяруцца і праз дзень-другі выпусцяць.

Калі Пятрок прыплёўся з касою дамоў, Сцепаніды ў хаце яшчэ не было, не прыйшла яна і ў полудзень, і ён не ведаў, куды яна знікла, па якой патрэбе. Здарэнне з Лявонам збянтэжыла ўсіх, бы аглушыла, людзі не ведалі, што думаць і што рабіць. З паўдня Пятрок на касьбу не пайшоў — у яго апусціліся рукі, зноў жа ён надта трывожыўся за Сцепаніду, думаў: хоць бы не забралі і яе.

Сцепаніда прыбегла надвячоркам — задыханая, спатнелая, без хусцінкі на раскудлачанай галаве, у прапацелай паркалёвай кофце — аказалася, яна ўжо збегала ў мястэчка, у райкам, міліцыю, дазнавалася, завошта — Лявона? Ды марна. Ніхто ёй не сказаў нічога, усе ваўкавата маўчалі, яна пасварылася са старшынёй выканкама Капустай, якога прасіла заступіцца, ды той сказаў — не. На падворку стомлена ўпала на прызбу, паныла адказала на ўзрушаныя Петраковы пытанні і пасля роздуму, трохі супакоіўшыся, аб’явіла:

— Нада збіраць подпісы.

— Якія подпісы? — здзівіўся Пятрок.

— За Лявона. Што ён свой, бальшавік, не ўрадзіцель.

Пятрок падзівіўся, падумаў.

— А тады што?

— А тады падаць у НКВД. Хай паглядзяць.

Той жа вечар у Феньчыным сшытку пісала нешта старонках на трох і, прыхапіўшы хімічны аловак, пабегла ў Выселкі. Хутка мелася прыйсці з пашы карова, трэба было даіць, а гаспадыня знікла да поўначы. Аббегала ўсе двары ў Выселках, вярнулася ноччу маўклівая і ўзрушаная і, што-нішто зрабіўшы па гаспадарцы, павалілася спаць. Пятрок таксама лёг позна, хоць назаўтра планавалі расчаць новую лугавіну за ельнікам, ісці туды было няблізка, уставаць трэба было яшчэ раней. Падняўся, як толькі пачало днець, толькі засінелася неба на ўсходзе, а Сцепаніды ўжо не было, пабегла ўжо. Карову мелася выгнаць Феня, але Феня так салодка спала, што Пятрок памарудзіў браць касу, выгнаў карову сам. Але ж адчуваў, што гэта непарадак, гэта разарэнне для гаспадаркі, калі ад яе адцуралася гаспадыня.

1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)