Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
У прамове з нагоды абвяшчэньня БЦР Готбэрг паабяцаў паляпшэньне жыцьцёвых умоў: павелічэньне заробкаў, забесьпячэньне харчовымі і прамысловымі таварамі, мэдыцынскімі паслугамі — і заклікаў насельніцтва да арганізацыі абаронных вёсак. Беларускі народ, якому яшчэ зусім нядаўна ў Бэрліне ён выказваў недавер, цяпер Готбэрг называў ня іначай як «фанатычным ворагам бальшавізму». Нядаўні праціўнік разьвіцьця беларускай навукі і культуры, які лічыў дзейнасьць Менскага тэатру залішняй раскошай, цяпер абяцаў яму ўсебаковую падтрымку. Готбэрг разьлічваў, што гэтыя тыпова прапагандысцкія дэклярацыі створаць уражаньне зьмены кірунку нямецкай палітыкі на Беларусі, а заадно адцягнуць увагу ад сапраўднай сутнасьці новага органа.
Апрача фармальных паўнамоцтваў, пералічаных ува ўступнай частцы, у статуце БЦР былі пункты, якія абмяжоўвалі яе дзейнасьць толькі тымі заданьнямі, якія выстаўлялі перад ёй акупацыйныя ўлады. Абмежаваньні датычылі нават такіх кірункаў дзейнасьці БЦР, дзе яна мела права на самастойныя рашэньні: культуры, школьніцтва і сацыяльнага забесьпячэньня апекі. Усе распачынаньні ў гэтых галінах павінны былі зацьвярджацца акупацыйнымі ўладамі. Прэзыдэнт БЦР прызначаўся і здымаўся з пасады паводле рашэньня генэральнага камісара, згодна з прапановамі прэзыдэнта ён прызначаў таксама і сяброў Рады. Такім чынам, БЦР нават з фармальнага гледзішча не была самастойным органам. Варта адзначыць, што ані ў статуце, ані ў інаўгурацыйнай прамове Готбэрга нічога не гаварылася пра задачы БЦР у вайсковай галіне. У рэшце рэшт, 21 сьнежня стала днём абвяшчэньня БЦР, а не яе стварэньня, бо, апрача Астроўскага, ня быў яшчэ прызначаны ніводзін сябра Рады. Значыцца, Готбэрг па-ранейшаму дзейнічаў вельмі асьцярожна.
Астроўскага гэта, здаецца, не расчаравала. У адказ на прамову Готбэрга ён выказаў разуменьне, што ў часе вайны нельга разьлічваць на поўнае і канчатковае вырашэньне беларускага пытаньня, але заявіў, што не губляе надзеі на вырашэньне гэтай праблемы
згодна з інтарэсамі беларускай нацыі — саюзьніцы вялікай нямецкай нацыі.
Ён выказаў словы падзякі і вернасьці і заклікаў нацыю да супольнай зь Нямеччынай барацьбы
да канчатковае перамогі.
Астроўскі ведаў межы сваёй кампэтэнцыі і разумеў асьцярогі Готбэрга, таму вырашыў абраць тактыку малых крокаў і адваёўваць саступкі спакваля.
Астроўскі вырашыў зрабіць стаўку на тое, што зараз было найбольш патрэбна Готбэргу і што ён сам трымаў цяпер у сваіх руках, — на прапаганду. Адразу ж пасьля абвяшчэньня БЦР з дапамогай мясцовых службаў БНС у правінцыі ён арганізаваў шматлікія маніфэстацыі падтрымкі БЦР пад лёзунгамі беларускай незалежнасьці і барацьбы з партызанскім рухам. 10.1.1944 г. Астроўскі выступіў з адозвай да нацыі, якая распаўсюджвалася па ўсіх даступных каналах масавай інфармацыі. Ён заклікаў партызан і жыхароў, што знаходзіліся пад іх аховай, адмовіцца ад супраціву і вярнуцца дадому. Да гэтай акцыі была далучана і праваслаўная царква. Такой інтэнсіўнай прапаганды на Беларусі ня бачылі ад пачатку акупацыі.
Сапраўднай прычынай гэтай прапагандысцкай кампаніі была псыхалягічная падрыхтоўка грамадзтва Беларусі да вайсковай мабілізацыі. Готбэрг, праўда, у студзені яшчэ не атрымаў дазволу на гэта з Бэрліна, але спадзяваўся, што неўзабаве ён паступіць. Пра тое сьведчылі прыгатаваньні да мабілізацыі ў Прыбалтыцы. Толькі ў гэты момант нарэшце была склікана БЦР. 22 студзеня адбылося т. зв. канстытуцыйнае пасяджэньне Рады, на якім быў публічна абвешчаны яе 14-асабовы склад на чале з прэзыдэнтам Астроўскім і двума яго намесьнікамі — Шкялёнкам і Сабалеўскім. 24 студзеня было створана 12 аддзелаў БЦР, сярод іх — вайсковы, кіраўніком якога прызначылі Кушаля.
У лютым пасьля дазволу Гітлера на правядзеньне на Беларусі мабілізацыі ў БЦР адбыліся новыя перамены. 23 лютага Готбэрг «у адказ на прапанову прэзыдэнта БЦР ад 18.2.1944 г.» выдаў загад аб стварэньні Беларускай краёвай абароны (далей — БКА) і даручыў БЦР правесьці на пэўных землях Генэральнай акругі Беларусь вайсковую мабілізацыю. БЦР адразу ж узялася за падрыхтоўку гэтай акцыі. 25 лютага ў Менску адбыўся вялікі мітынг, на якім так званы «беглы» капітан Чырвонай Арміі Ігар Капер «абнародаваў» таемны загад Сталіна аб поўным вынішчэньні беларускай нацыі, пасьля чаго была падрыхтавана рэзалюцыя аб гатоўнасьці гэтай нацыі да барацьбы з бальшавізмам. У той самы дзень БЦР прызначыла сваіх акруговых камандзіраў у Менску, Баранавічах, Глыбокім, Наваградку, Слоніме, Слуцку і Вялейцы. Ім было загадана ўзначаліць працу прызыўных камісіяў у сваіх акругах.