Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Амбіцыі Астроўскага сягалі значна вышэй: паводле яго загаду аб мабілізацыі, на прызыўныя пункты склікалі каля 40 тыс. мужчын. І гэта зрабіла вялікае ўражаньне. Пра гэта ня толькі гаварыў сам Астроўскі і пісалі тагачасныя газэты, якія можна падазраваць у тэндэнцыйнасьці, але і Готбэрг, і акруговыя камісары адзначалі ў сваіх справаздачах, што мабілізацыя прайшла ўдала і толькі гаспадарчыя ўмовы не дазволілі дасягнуць яшчэ лепшых вынікаў. Наваградзкі акруговы камісар паведамляў, што на яго тэрыторыі мабілізацыйнае распараджэньне выканана амаль поўнасьцю, прытым частка прызыўнікоў зьявілася нават з тых раёнаў, дзе гаспадарылі партызаны. За малым выняткам так было паўсюль, рэдкім дысанансам прагучала справаздача слонімскага акруговага камісара: ён пісаў, што прызыўнікі ўкрываюцца ад мабілізацыі, аднак, магчыма, тым ён хацеў апраўдаць асабістае, вельмі адмоўнае, стаўленьне да такой акцыі. Кіраўніцтва польскага падпольля ўважліва сачыла за ходам мабілізацыі і атрымлівала інфармацыю аб яе масавым характары, а камандуючы АК паведамляў:
Беларусы — цалкам за немцаў пасьля апошніх саступак, большасьць зь іх ідзе ў войска ахвотна.
Аднак Готбэрг не плянаваў ствараць 40-тысячнага войска: гэта пагражала зрывам працы многіх патрэбных для Нямеччыны прадпрыемстваў і ўстановаў. Таму акруговыя камісары забракавалі больш за 50 % прызыўнікоў і адаслалі іх дахаты. Так ці іначай, 15 сакавіка ў шэрагі БКА ўлілося 19 тыс. чалавек. Пад канец сакавіка іх стала яшчэ больш — нешта каля 22 тыс. Да БКА было далучана і некалькі паліцыйных батальёнаў. Такім чынам асабовы склад БКА да канца сакавіка ўзьняўся да 24–25 тыс. чалавек, а праз паўмесяца зь іх ужо было сфармавана 39 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў. На загад Готбэрга ад 10 сакавіка скасоўвалася пасада нямецкага камандзіра паліцыйных атрадаў, а самі гэтыя атрады разам з новастворанымі батальёнамі БКА пераходзілі пад камандаваньне Кушаля. На базе вайсковага аддзелу БЦР паўстала вярхоўнае камандаваньне БКА, часам называнае яе штабам. Гэтыя захады сьведчылі аб стварэньні асобнага беларускага вайсковага фармаваньня.
Хаця акруговыя камісары адправілі дамоў многіх прызыўнікоў, Беларуская краёвая абарона ўсё ж была большай, чым плянаваў Готбэрг. Астроўскі меркаваў, што, паставіўшы яго перад фактам, зможа неяк вырашыць матэрыяльныя і арганізацыйныя праблемы, якія зьявіліся адразу ж пасьля мабілізацыі. Асабліва не хапала афіцэраў, зброі і абмундзіраваньня. Готбэрг спрабаваў выбіць у Бэрліне для БКА 20 тыс. вінтовак, аднак іх не прыслалі і, прынамсі, да сярэдзіны траўня. Таму давялося абмежавацца зброяй зь мясцовых складоў — на 6–7 чалавек выдалі па адной вінтоўцы. Пры гэтым сапёрныя батальёны выкарыстоўвалі на розных працах у рамках арганізацыі Тота. Магчыма, такім шляхам Готбэрг «карэктаваў» непамерныя амбіцыі Астроўскага.
Ня дзіва, што дысцыпліна ў войску пачала падаць, а дэзерцірства расло, чаму спрыяла партызанская прапаганда. Таму ў сярэдзіне траўня Астроўскі быў вымушаны выставіць праект абмежаваньня колькаснага стану БКА да колькасьці адзінак зброі, якімі яна валодала. Гэты праект быў, практычна беручы, зацьверджаны БЦР пад прэтэкстам неабходнасьці пазбыцца нежаданых элемэнтаў. Так паступова асабовы склад БКА зьмяншаўся, і ў апошнія тыдні акупацыі ён быў ужо шмат ніжэйшы, чым адразу пасьля мабілізацыі. А ў другой палове траўня пачалі паступаць партыі зброі. Толькі цяпер усё яшчэ слаба ўзброеныя батальёны пачалі выкарыстоўваць у барацьбе з партызанамі. 15 чэрвеня, г. зн. за два тыдні да канца акупацыі, у Менску была адкрыта афіцэрская школа БКА.
Апошнім мерапрыемствам БЦР на Беларусі стаў Другі ўсебеларускі кангрэс, які адбыўся ў Менску 27.6.1944 г. пад гукі франтавой кананады. На яго зьехалася 1039 дэлегатаў зь беларускіх раёнаў, а таксама зь Літвы, Латвіі, Варшавы, Лодзі, Кракава, Вены, Кёнігсбэргу, Прагі і Бэрліна. Магчыма, санкцыю на скліканьне кангрэсу Готбэрг атрымаў з Бэрліна, хутчэй за ўсё — ад Бэргера. Дакумэнтальных сьведчаньняў пра гэта не сустракалася, ёсьць толькі ўскосныя: на кангрэс сабраліся дэлегаты з-па-за межаў Генэральнай акругі Беларусь, але яны павінны былі мець на гэта афіцыйны дазвол.
Кангрэс абвясьціў сябе паўнапраўным і найвышэйшым прадстаўніцтвам беларускага народу і прыняў рэзалюцыю, якая спасылалася на Дэклярацыю незалежнасьці Беларусі ад 25.3.1918 г., прынятую Радай БНР у Менску, аднак толькі на тую яе частку, дзе гаварылася аб поўным разрыве Беларусі з Расейскай дзяржавай ува ўсіх яе формах. Кангрэс выказаў сваё непрызнаньне БССР як формы беларускае дзяржаўнасьці, абвесьціў неправамоцнымі ўсе польска-савецкія пагадненьні, якія датычылі Беларусі, і пацьвердзіў, што адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу і яго краю ёсьць сёньня БЦР па чале з прэзыдэнтам Астроўскім. Апошні пункт рэзалюцыі стаў апатэозам усёй дзейнасьці Астроўскага за час акупацыі. Разам з тым гэта была адзіная згадка пра тагачасны момант, таму што палітычнае становішча на Беларусі за пэрыяд нямецкай акупацыі і яго пэрспэктывы на кангрэсе не разглядаліся. Таму рэзалюцыя аб разрыве дзяржаўных стасункаў з Расеяй аніяк не магла замяніць даклярацыі аб нацыянальнай незалежнасьці. І справа была ня ў тым, што прыняць такую даклярацыю перашкодзіла набліжэньне Чырвонай Арміі. Рэжысёрам кангрэсу было СД, а тэксты выступленьняў — зацьверджаны Готбэргам. Таму яго рэзалюцыі не маглі супярэчыць тагачаснай лініі нямецкай усходняй палітыкі.