Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Пры такой сытуацыі ў першай палове 1944 г. акоўскія шэрагі пачалі хутка разрастацца. Справа пайшла з асаблівым размахам пасьля таго, як на вызначаных Готбэргам землях была праведзена веснавая мабілізацыя мужчын у АК. Аб гэтым вымоўна сьведчыць статыстыка: колькасны асабовы склад акоўскіх атрадаў у Наваградзкай акрузе ў чэрвені 1944 г. дасягнуў 7,7 тыс. чалавек, прычым 40 % зь іх складалі праваслаўныя беларусы. Цікава, што з гэтай агульнай колькасьці на невялікую Лідзкую акругу прыйшлося 6,5 тыс. чалавек, г. зн. амаль 85 % ад агульнай лічбы жаўнераў ува ўсёй Наваградзкай акрузе АК. Затое ў іншых раёнах, дзе Готбэрг не даваў спэцыяльнага дазволу, вынікі мабілізацыі ў АК былі досыць сьціплыя.
Напярэдадні адыходу немцаў сілы АК нямала зрабілі для таго, каб расправіцца з патэнцыйнымі праціўнікамі аднаўленьня польскай улады ў Заходняй Беларусі. Як падаваў Пільх, пачынаючы зь сьнежня 1943 г. да канца чэрвеня 1944 г. чальцы яго атраду забілі каля 6 тысяч «бальшавікоў». Думаецца, што пераважная частка забітых — гэта мірныя беларускія жыхары, якіх западозрылі ў сувязях з савецкімі партызанамі. Вынішчэньне беларусаў павялічылася і ў Лідзкай акрузе. Паводле беларускіх крыніц, зь сярэдзіны лютага да паловы красавіка 1944 г. ад рук акоўцаў там загінула некалькі тысяч чалавек.
Нямецкая адміністрацыя да канца акупацыі не спыняла заляцаньняў з акоўцамі ў Беларусі і ў Літве, нягледзячы на тактычнае ўзмацненьне антынямецкіх дывэрсійных акцыяў АК. У адрозьненьне ад нападаў савецкіх партызан, гэтыя акцыі нават не знайшлі адлюстраваньня ў тагачасных нямецкіх дакумэнтах. Акупацыйныя ўлады настолькі пераканаліся ў бяскрыўднасьці Арміі Краёвай, што нават вырашылі паспрабаваць яе сілы выкарыстаць пры абароне Вільні ад Чырвонай Арміі. Разглядаўся нават праект стварэньня польскага прадстаўніцтва (Vertrauenstelle) у Літве, саступак у галіне школьнай асьветы, культуры і г. д.
Аднак да такога супрацоўніцтва не дайшло, бо пад канец акупацыі, у ліпені, АК паспрабавала выбіць нямецкія войскі зь Вільні. Гэтая апэрацыя стала свайго роду гістарычнай індульгенцыяй АК, яна павінна была засьведчыць, што ўсе стасункі зь немцамі былі проста тактычнымі сродкамі, якія служылі іншай, вышэйшай мэце — умацаваньню ўласных сілаў дзеля адбудовы польскай дзяржаўнасьці на ўсходніх землях.
Паводзіны Готбэрга ў справе разьвіцьця беларускіх паліцыйных атрадаў, стварэньня казацкіх батальёнаў, арганізацыі абаронных вёсак, нарэшце, ператварэньне часткі Слонімшчыны і Наваградчыны ў «самаўладную рэспубліку» расейскай брыгады Камінскага[137] сьведчаць аб тым, што ён найперш кіраваўся ўласнымі інтарэсамі ў барацьбе з савецкімі партызанамі, а не якімі-кольвек меркаваньнямі беларускай палітыкі. 'Таму меў рацыю супрацоўнік ОМі Кляйст, калі сьцьвярджаў, што Готбэрг быў праціўнікам ранейшага курсу Кубэ.
Такім чынам, можна меркаваць, што ўсе зьмены, якія неўзабаве пачаліся ў гэтым напрамку і завяршыліся стварэньнем Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), былі вынікам ініцыятывы Астроўскага, а ня Готбэрга. Сьмерць Кубэ нарэшце дазволіла Астроўскаму вярнуцца на радзіму, дзе ён спадзяваўся адыграць важную палітычную ролю. Не пазьней за пачатак кастрычніка 1943 г. разам з штабам камандуючага цэнтральным участкам фронту Клюге Астроўскі перабраўся з Смаленску ў Баранавічы. Тым часам у Менску разьмясьцілася смаленскае СД. Астроўскі пастараўся ня страціць кантактаў, завязаных з вайсковымі і паліцыйнымі ўладамі ў Смаленску, і цяпер, маючы іх рэкамэндацыі і падтрымку новага шэфа Готбэрга, адчуваў сябе на кані.
Бессумненна, што менавіта Астроўскі (асабіста альбо праз пасярэдніцтва сваіх нямецкіх спонсараў) адразу ж узяўся за справу і пасьпяшаўся пераканаць Готбэрга ў мэтазгоднасьці стварэньня на Беларусі органа цэнтральнага самакіраваньня. Аднак ёсьць нямала доказаў таго, што Готбэрг не адразу даў сябе намовіць. Тры важкія акалічнасьці перашкаджалі ажыцьцяўленьню гэтага праекту: па-першае, бэрлінскія інструкцыі забаранялі стварэньне такога органа, па-другое, фармальна яшчэ існаваў Камітэт даверу, але зь ім Готбэрг супрацоўнічаць не хацеў, бо ня мог пагадзіцца з пазыцыяй Іваноўскага, нарэшце, па-трэцяе, ён ня верыў у магчымасьці беларускага нацыяналізму і не сьпяшаўся разыгрываць гэтую карту. З другога боку, Готбэрг разумеў, што такі орган адыграе пэўную прапагандысцкую ролю і стане карысным інструмэнтам у барацьбе з партызанамі.
137
Гэтая акруга была створана ў лютым 1944 г. Яна не падлягала ўладзе акруговых камісарыятаў у Наваградку i Слоніме, а падпарадкоўвалася Камінскаму.