Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
У канцы 1943 г. акупацыйныя ўлады вырашылі актывізаваць польскія сілы для барацьбы з савецкім партызанскім рухам і прыцягнуць да супрацоўніцтва атрады АК. Дзеля гэтага яны адмовіліся ад ранейшага антыпольскага курсу, які быў абраны імі ў сярэдзіне 1942 г. Немцы разьлічвалі на тое, што слаба ўзброеныя акоўскія атрады, якія варагавалі з савецкімі партызанамі і нават мелі зь імі крывавыя сутычкі, цяпер не адмовяцца ад прапановы паправіць стан свайго ўзбраеньня.
І сапраўды, некаторыя атрады АК пагадзіліся з такою прапановаю. 9.12.1943 г. камандзір стаўпецкай групоўкі АК капітан Адольф Пілах (псэўданім «Гура») заключыў зь немцамі дамову і да канца акупацыі атрымліваў ад іх зброю і амуніцыю, якія высылаліся зь Менску. Крыху пазьней (пасьля 24.12.1943 г.) такое пагадненьне заключыў у Лідзе камандзір прынёманскай групоўкі, паручнік Юзаф Сьвіда (псэўданім «Лех»), які на працягу студзеня, лютага і сакавіка 1944 г. атрымаў пяць транспартаў зброі. Абодва камандзіры сьцьвярджалі, што камандаваньне АК Наваградзкае акругі ўхваліла гэтыя пагадненьні, прычым Сьвіда і акруговы камандзір палкоўнік Януш Праўдзіц-Шляскі дамовіліся аб тым, што нямецкія паставы зброі і амуніцыі пяройдуць у поўнае распараджэньне камандзіра акругі. Галоўнае камандаваньня АК у Варшаве і лёнданскі галоўнакамандуючы асудзілі гэтыя ўгоды. 17.1.1944 г. зь Лёндану прыйшоў загад разарваць супрацоўніцтва зь немцамі і разабрацца з тымі, хто прыняў у ім удзел. Сьвіда быў высланы з Наваградчыны, а Пілах насуперак загаду не спыніў супрацоўніцтва.
Пасьля першых посьпехаў з наваградзкімі атрадамі Готбэрг вырашыў пашырыць кантакты і зьвязацца зь віленскім акруговым камандаваньнем АК. 19.1.1944 г. прадстаўнік менскай дэлегатуры СД у Вялейцы Зэйдлер сустрэўся зь віленскім акруговым камандзірам АК палкоўнікам Аляксандрам Кжыжаноўскім і прапанаваў яму наладзіць нямецка-польскае супрацоўніцтва ў барацьбе з савецкімі партызанамі, паабяцаўшы пры гэтым забясьпечыць групоўкі, падначаленыя віленскай камэндатуры, зброяй і амуніцыяй. Паводле кароткага рапарту, адзінае, чаго ўдалося дабіцца Зэйдлеру, — гэта згоды на яшчэ адно спатканьне, на гэты раз перамовы з Кжыжаноўскім павінен быў весьці сам шэф вялейскай дэлегатуры СД Гравэ. Але неўзабаве такую самую прапанову Кжыжаноўскі атрымаў ад літоўскага камандаваньня Вэрмахту, пасьля чаго вырашыў перапыніць кантакты з СД на Беларусі і распачаў перамовы ў Літве з шэфам віленскага Абвару Юліюсам Хрысьціянсанам.
Тым ня менш ініцыятыва Готбэрга не прапала марна. 1 сакавіка падчас выступленьня на канфэрэнцыі ў ОМі ён паведаміў:
Чатыры тыдні таму (г. зн. — недзе на сутыку студзеня і лютага. —Ю. Т.) на наш бок перайшлі тры буйныя польскія атрады (Banden) і спачатку таксама добра ваявалі.
Готбэрг не падаў дакладных зьвестак пра гэтыя фармаваньні, аднак, хутчэй за ўсё, гэта былі віленскія атрады, бо апрача Наваградзкай акругі, зь якой немцы заключылі пагадненьні ў сьнежні, толькі Віленская акруга АК часткова знаходзілася на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь. Адначасова Готбэрг скардзіўся, што ініцыятыва нямецкіх службаў у Вільні перашкодзіла далейшым перамовам з Кжыжаноўскім, і таму неўзабаве надзейнасьць гэтых атрадаў пачала хутка слабець. Аднак новы курс акупацыйных уладаў на Беларусі што да польскага падпольля ад гэтага не зьмяніўся. Пра гэта сьведчыць загад Готбэрга ад 23.2.1944 г. наконт мабілізацыі ў Беларускую краёвую абарону: з гэтага загаду былі выключаны ўся Лідзкая акруга, а таксама пэўныя раёны Вялейскай і Глыбоцкай, дзе гаспадарыла АК.
Нямецкія ініцыятывы зыходзілі, такім чынам, з двух цэнтраў — Менску і Вільні, але крыніца ў іх была адна — агульнае распараджэньне цэнтральных бэрлінскіх уладаў. 10 лютага Хрысьціянсан паведаміў на перамовах з Кжыжаноўскім, што пагадненьне, якое яны зьбіраюцца заключыць, было складзена зь ведама і даручэньня вышэйшага нямецкага камандаваньня. Паводле акоўскіх дакумэнтаў, гэты праект гучаў так:
1. Гэта вайсковая, а не палітычная дамова, яна скіравана на тое, каб ачысьціць край ад савецкіх бандаў.
2. Ніякіх зьменаў у кіраваньні краем і адміністрацыйнай палітыцы не прадугледжваецца. Польскі бок абавязуецца не кранаць нямецкай арміі, нямецкай і літоўскай адміністрацыі. Харчовыя паставы для войска павінны ладзіцца безь перашкод.
3. У кожнай акрузе выступаць у якасьці прадстаўніка партызанскіх атрадаў павінна толькі адна паўнамоцная асоба. Паміж польскім і нямецкім камандаваньнем прызначаецца сувязны.
4. Польскія атрады атрымліваюць поўны боекамплект, аж да лёгкай артылерыі ўлучна.