Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Магчыма, Астроўскі спадзяваўся, што рэзалюцыя кангрэсу, у якой БЦР была названа адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу, прымусіць нямецкія ўлады паскорыць рашэньне аб наданьні ёй такога статусу, бо, нягледзячы на ўсе стараньні Готбэрга, жаданых перамен у гэтай справе не было. 26 чэрвеня, г. зн. напярэдадні эвакуацыі зь Менску, у ОМі згаджаліся, што можна было б пашырыць задачы БЦР, ды толькі да пэўнай ступені, але аб тым, каб ператварыць яе ў нацыянальны ўрад,
пакуль што ня можа быць гаворкі.
Таму да канца акупацыі праўнае становішча БЦР так і не было вызначанае, і дзеля гэтага пераняць на сябе адміністрацыйныя функцыі яна не магла. Такім чынам, за шэсьць месяцаў свайго існаваньня БЦР ня стала ня чым іншым, як толькі прапагандысцкім інструмэнтам Готбэрга, чыім заданьнем было да канца акупацыі ўтрымліваць нямецкія пазыцыі на Беларусі. Тое самае датычыць і БКА — яе дзейнасьцю фактычна кіравалі немцы. Пасьля вайны яе намінальны камандзір Кушаль прызнаваў:
Немцы зусім ня мелі намеру дазволіць беларусам стварыць нейкую беларускую збройную сілу, ім патрэбны былі толькі людзі, якіх беларусы павінны ім даць, а кіраваць людзьмі меліся яны самі бяз нашай помачы.
Т. зв. штаб БКА, які пасьля правядзеньня мабілізацыі павінен быў займацца выключна прапагандаю сярод салдат, мог зь імі кантактаваць толькі з згоды нямецкага начальства.
Такім чынам, Готбэрг ніколі ня быў прыхільнікам беларускага нацыяналізму: ён зрабіў стаўку на БЦР, каб супрацьпаставіць яе ўплыву савецкай прапаганды на грамадзтва, стварыць міражы нацыянальнай дзяржавы з сваім урадам, нацыянальнай культурай і дабрабытам. На гэта працавала ўсё: і прэса (яе наклады ў той пэрыяд значна павысіліся), і СБМ, і іншыя ініцыятывы. Менскі гарадзкі камісар Бэкер адкрыта прызнаў гэта ў сваёй справаздачы, зробленай ужо пасьля эвакуацыі: праведзеныя ў апошнія месяцы акупацыі акцыі (аднаўленьне зруйнаваных дамоў, спаборніцтва садаводаў, разьвіцьцё гарадзкога трамвайнага транспарту, закладка новых могілкаў, правядзеньне конкурсу на самы прыгожы дом, адкрыцьцё музычнай школы, аднаўленьне спэктакляў гарадзкога тэатру, актывізацыя культурнага жыцьця, нарэшце, сьвяткаваньне ўгодкаў «вызваленьня» (22 чэрвеня)) былі рэалізаваныя з палітычных меркаваньняў дзеля таго, каб процідзейнічаць эвакуацыйнаму псыхозу.
Астроўскі таксама вёў складаную гульню. Улетку 1941 г. ён быў упэўнены ў перамозе Нямеччыны, аднак ужо ў лістападзе 1942 г. засумняваўся ў выніках вайны, пра гэта сьведчаць згаданыя яго перамовы з Галоўным камандаваньнем АК. Тым больш не магло ў яго ўзьнікнуць ілюзій праз год. Магло б здацца, што ён сьвядома зрабіў стаўку на безнадзейную карту, калі распачаў стварэньне БЦР. Але гэта не зусім так. Галоўным матывам яго дзейнасьці быў разьлік на тое, што беларусам удасца з дапамогай Нямеччыны ўзмацніць свае нацыянальныя пазыцыі і, перш за ўсё, стварыць уласныя ўзброеныя сілы, зь якімі пасьля можна было б распачаць барацьбу за незалежнасьць Беларусі. З гэтага гледзішча тактыка Астроўскага, па сутнасьці, не адрозьнівалася ад паводзін віленскіх і наваградзкіх атрадаў АК. Аднак на гэтым і канчалася аналёгія: польскія атрады разьлічвалі на тое, што СССР прызнае даверасьнёўскія межы, і заставаліся ў большасьці сваёй на месцы, затое Астроўскі мог спадзявацца толькі на эвакуацыю і пазьнейшую вайну паміж заходнімі альянтамі і Савецкім Саюзам пасьля перамогі над Нямеччынай.