Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Готбэрг разумеў, што, калі адзінай справаю БЦР будзе мабілізацыя, ніякай грамадзкай папулярнасьці ёй гэта не прынясе, і таму, згодна з раней абвешчанай праграмай, вырашыў пашырыць яе паўнамоцтвы і ў іншых галінах. Гэта б сьведчыла пра аўтарытэт Рады і яе самастойнасьць. Пра гэта Готбэрг гаварыў 1 сакавіка на чарговай канфэрэнцыі ў ОМі, прычым падкрэсьліваў, што акупацыйныя ўлады, калі б яны перадаручылі БЦР некаторыя галіны адміністрацыі, па-ранейшаму маглі б трымаць іх пад сваім кантролем і агульным кіраўніцтвам. Аднак з чыста фармальнага боку вырашыць такое пытаньне было вельмі цяжка, наколькі ОМі не магло кіраваць дзейнасьцю БЦР — яно не дало санкцыяў на яго стварэньне. Пры гэтым «паўнамоцтвы» БЦР у вайсковай галіне ня мелі істотнага значэньня — падобная мабілізацыя праводзілася таксама і на іншых землях Беларусі, якія знаходзіліся па-за межамі Генэральнай акругі і не падлягалі кампэтэнцыі БЦР.
Таму Готбэргу даводзілася дзейнічаць так, каб атрымаць як мага большы прапагандысцкі эфэкт і адначасова не парушыць інструкцыяў свайго начальства. Такім чынам, 1 сакавіка ён апублікаваў у сваім афіцыйным весьніку статут БЦР, пазначыўшы яго задняю датаю — 21.12.1943 г., з спасылкай на распараджэньне Розэнбэрга ад 24.4.1942 г., якое не давала права на стварэньне такога органа. У лютым ён дазволіў Астроўскаму прызначыць сваіх акруговых намесьнікаў, якія тэарэтычна павінны былі заняцца фармаваньнем мясцовага апарату БЦР, а на самай справе — сачыць за правядзеньнем мабілізацыйнай кампаніі. Таму іх ня сталі прызначаць у тых акругах, дзе не праводзілася мабілізацыя (Лідзкая, Ганцавіцкая і Барысаўская акругі). Готбэрг пагадзіўся, каб БЦР пераняла на сябе кіраўніцтва арганізацыямі самапомачы, але ніякага практычнага значэньня такая іх перадача ня мела, бо сацыяльнае забесьпячэньне па-ранейшаму заставалася ў руках акруговых камісараў. Тое самае адбылося і ў галіне народнай асьветы. 21 лютага Готбэрг загадаў акруговым камісарам перадаць БЦР школьныя справы, аднак аддзелы асьветы і школьныя інспэктараты да канца акупацыі заставаліся ў складзе акруговых камісарыятаў. Цяпер акруговыя прадстаўнікі БЦР маглі толькі аказваць нейкі ўплыў па школьную працу.
Трэба заўважыць, што пытаньне ўлады было цесна зьвязана з пытаньнем фінансаваньня гэтых галінаў грамадзкага жыцьця. БЦР існавала на датацыі генэральнага камісарыяту, ня маючы ўласнага бюджэту, і гэта зноў жа было вынікам яе юрыдычнага становішча. Таму «рэальна» яна магла распараджацца толькі ў такіх сфэрах дзейнасьці, дзе не магло паўстаць фінансавых праблемаў. Да такіх належалі Беларускае навуковае таварыства, Беларускае культурнае згуртаваньне (яно было створана ў пачатку лютага 1944 г.), бібліятэкі, што дагэтуль былі ўвогуле зачыненыя, а таксама народныя дамы. Тое самае было і зь менскім гарадзкім тэатрам — у красавіку 1944 г. пасьля рамонту ён быў перададзены на балянс БЦР, але фінансавала яго па-ранейшаму гарадзкая ўправа. Усе гэтыя перамены на самай справе мала што давалі, аднак вакол іх разьдзімалі шумную прапаганду. Маляваліся пышныя пляны на будучыню, праекты разьвіцьця народнай асьветы, адкрыцьцё ўнівэрсытэту і іншых вышэйшых школаў, пабудовы новых тэатраў, пэнсійныя праграмы і г. д., як бы забываючыся, што дні нямецкай акупацыі ўжо палічаныя.
Шуміха наконт перадачы БЦР адміністрацыі мела глыбейшы сэнс. Яня была разьлічана на тое, каб стварыць уражаньне, што на Беларусі і сапраўды паўстаў краёвы орган улады, і ад яго імя абвясьціць мабілізацыю ў «нацыянальнае» войска, бо менавіта так растлумачвалі мэты мабілізацыі і характар БКА. Але нічога супольнага з сапраўднымі намерамі Готбэрга гэта ня мела. 1 сакавіка на ўжо згаданай канфэрэнцыі ў ОМі ён прадставіў праект стварэньня ў Беларусі на працягу 4–6 тыдняў антыпартызанскага фармаваньня, т. зв. Kampfgruppen von Gottberg, сілаю 20 тыс. чалавек. У яго павінны былі ўліцца казацкія і каўкаскія часьці, брыгада Камінскага і беларускія батальёны. Такім чынам, БКА была задумана як адно з гэткіх фармаваньняў Готбэрга. Праўда, ён не называў праектаванага колькаснага складу БКА, але з тых дадзеных, якія падаў, можна зразумець, што гаворка вялася пра 10-тысячны кантынгент.[138]
138
Асабовы склад брыгады Камінскага мусіў налічваць каля 7 тыс. чалавек, а казацкіх і каўкаскіх атрадаў — 2–3 тыс. Два казацкія батальёны былі сфармаваны ў Наваградзкай акрузе, а два каўкаскія — у Слонімскай.