Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
Пасля скочыла ў гасціную, таропка і бяздумна выхапіла з-пад стала свой так і не развязаны клуначак і, ні слова нікому не кажучы, выбегла ў калідор…
…Убачыўшы яе з гэтым клункам на парозе, Дзіна Васільеўна толькі спытала:
— Цябе пакрыўдзілі?
А Наташка і Валерык з піскам і смехам вобцас кінуліся да Люсі, пачапляліся за яе сарафан, лемантавалі на ўвесь голас:
— Вазьмі на ручкі! Вазьмі на ручкі!
Клуначак упаў з яе рук на падлогу.
— Дзіна Васільеўна, я там не буду… Я не магу…
— Ну і клопат вялікі… Ну і не трэба, — нічога не распытваючы, толькі ўсяго і адказала Дзіна Васільеўна. — Не прападзем жа, нешта прыдумаем… Можа разам з імі, — яна кіўнула на Валерыка і Наташку, — я ўладкую цябе на работу ў дзіцячы сад. А там ты і ў вячэрнюю школу пойдзеш…
— Ой, каб так было!.. Каб так… — сказала Люся, хілячы да сябе і цалуючы Валерыка і Наташку.
1959 г.
Паядынак
Шчыльнымі радамі ляжалі яны на голай затаптанай падлозе былой сярэдняй школы, гэтыя некалькі сотняў палонных — параненых, хворых, душэўна надломаных людзей.
Уставаць, размаўляць і хадзіць было забаронена, і яны курчыліся так доўгія дні і ночы, застылымі позіркамі ўтаропіўшыся ў падзёўбаную кулямі столь, у разбітыя шыбы вялікіх акон, у адзінае, што яшчэ нагадвала школу — пакрэмзаную класную дошку на тынкаванай сцяне. Дарагім напамінкам былога бялелі на ёй сляды, пэўна, яшчэ вясновых экзаменаў: рэшткі сказаў з падкрэсленымі словамі, напалову сцёртая алгебраічная задача, а дзе — нідзе на беражках рамы нават паблісжвалі напісаныя алоўкам выратаваўчыя вучнёўскія падказы. Гэта было жахліва — у такім пекле нялюдскіх пакут бачыць гэткія светлыя адзнакі інакшага, далёкага ўжо, як мара, жыцця. Яны быццам дражнілі, гэтыя зацёртыя словы «Пока свободою горнм…» і гэтыя рэшткі спісанай крэйды, і нават анучка — шэрая, размачаленая, даўно ўжо высахлая і забытая на самым краёчку дошкі.
Тыя напамінкі мінулага тупым нажом кроілі спакучаную душу лейтэнанта, які, шчыльна прыціснуўшыся да сцяны, ляжаў крайні ў радзе, якраз пад дошкай. Ён быў зусім яшчэ малады, гэты палонны камандзір, і вабіў сваёй юначай узмужнеласцю — зблытанымі валасамі колеру пшанічных каласоў, схуднелым, але ўсё яшчэ круглявым, чыстым і нейкім прасветленым тварам — усім абліччам добрага, паслухмянага хлопца. У класе было зусім ціха, людзі прымоўклі, ляжалі, бы мёртвыя, толькі ў далёкім кутку нехта стагнаў у сне, нешта трызніў; роўна тупалі вартавыя ў калідоры ды ў рамах, не знаходзячы выйсця, білася, гудзела вялікая муха.
Але вось надвячоркам, калі негарачае восенскае сонца паклала на белай тынкоўцы шэсць доўгіх бліскучых палос, у калідоры загрукалі падкутыя боты, застукалі дзверы, і застаялую цішу будынка скалыхнула каманда:
— Строіцца ўсім!
Людзі на падлозе заварушыліся. 3 немачнай паспешнасцю і стогнамі тыя, што яшчэ былі жывыя і маглі ўстаць, пачалі ўзнімацца на ногі, — заварушыліся твары, спіны, скарэлыя бінты павязак — усе падаліся ў дзверы. Лейтэнант пад дошкай таксама варухнуўся, з яго вачэй ураз знікла зацятая самота, і ў глыбіні мільгануў цень трывожнае думкі. Ён узняўся разам з усімі і ў незашпіленай і непадпяразанай суконнай гімнасцёрцы з чорнымі пятліцамі на каўняры накіраваўся к выхаду. Яго левы рукаў з камандзірскім шаўронам матляўся пусты ўздоўж тулава, а пад гімнасцёркай на вузкай почапцы, якая белым шрамам уядалася ў худую юнацкую шыю, вісела параненая рука.
3 калідора тым часам ляцела звычайнае тут, як пакуты і смерць, прывычнае «шнэль, шнэль», і людзі, стрымана тоўпячыся на парозе, выбіраліся ў дзверы. Яны ўжо ведалі, навошта іх строяць, што будзе далей — гэтая жахлівая завядзёнка паўтаралася тут штодзень роўна ў сем вечара.
Выпхнуты ў калідор цесным натоўпам людскіх цел, лейтэнант як — кольвечы засцерагаў ад штурханіны параненую руку і ціснуўся між людзей да акна. Праз падвойнае спляценне рам яму відаць быў цесны панадворак, з трох бакоў сціснуты сценамі, а з чацвёртага адгароджаны суцэльным шэрагам парт, заследжаных ботамі, паламаных, з адарванымі вечкамі. 3 таго боку бар’ера ўжо збіраліся немцы — афіцэры тутэйшага гарнізона, якія акуратна штодзень сходзіліся на відовішча гэтай нялюдскай экзекуцыі. Сярод іх быў і малады, пэўна лейтэнантавых год, афіцэр, у такой, як і ўсе, чорнай эсэсаўскай форме, — белатвары, маўклівы і нават пануры. Бы Гамлет на сцэне, стаяў ён крышачку ўбаку ад усіх, скрыжаваўшы на грудзях белыя рукі, і, таксама, як учора, як і ўсе ранейшыя дні, нерухомым затоеным позіркам глядзеў у акно. Ён быццам кагосьці шукаў і неўзабаве, напаткаўшы лейтэнантаў твар, уставіўся ў яго, нібы ў самую душу, — глядзеў і глядзеў, і невядома, што займала яго — леная цікаўнасць ці змрочная злая зацятасць.